«Дзеці Францыі», — так называюць беларускіх грамадзянаў, народжаных у Францыі перад Другой сусьветнай вайной. Іхныя бацькі пасьля вайны паддаліся на савецкую прапаганду і рэпатрыяваліся ў сталінскі СССР. Мала каму з тых дзяцей удалося дажыць да сёньняшняга дня.
Яніна Грынцэвіч (Сташко) зь вёскі Супраненты Астравецкага раёну нарадзілася ў францускім шахтарскім гарадку каля Лілю. Гісторыя ейнай сям’і запісаная зь яе слоў і слоў яе сына Часлава.
Пастарэлыя дзеці Францыі
У рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса 7 ліпеня 2018 году сабралася дзесяць чалавек, што нарадзіліся ў Францыі ў 20–40-х гадах мінулага стагодзьдзя.
Іх называюць «дзецьмі Францыі», хоць у іх ужо даўно свае ўнукі і праўнукі. Сабраліся тыя, хто выжыў і каго ўдалося знайсьці францускім консулам у беларускіх гарадах і вёсках. Былі людзі з Маладэчна, Барысава, Менску... Яніна Грынцэвіч (Сташко) прыехала зь вёскі Супраненты Астравецкага раёну.
Яніна, як і іншыя «дзеці Францыі», была вельмі рада, што пра іх успомніла радзіма. Яна вельмі хвалявалася перад сустрэчай у амбасадара, усю ноч ня спала.
Пасьля прыёму «дзеці Францыі» і іх уласныя дзеці, аб’яднаныя падобнымі лёсамі, прадоўжылі кантакты, пасябравалі паміж сабою, пачалі запісваць свае сямейныя гісторыі і дзяліцца імі.
Агульнае ва ўсіх было адно: пасьля Другой сусьветнай вайны іх бацькі паддаліся на савецкую прапаганду і выехалі з Францыі ў Савецкі Саюз.
«99% зь іх, калі б ведалі, якая рэчаіснасьць іх чакае, не паехалі б у СССР», — кажа Свабодзе адзін з удзельнікаў той незвычайнай сустрэчы, сын Яніны Грынцэвіч Часлаў Сташко.
Паводле зьвестак расейскага гісторыка Віктара Зямскова, па стане на чэрвень 1948 году з Францыі ў СССР рэпатрыяваўся 6991 чалавек. У розныя гады яны эмігравалі з Расейскай імпэрыі, Аўстра-Вугоршчыны і Польшчы. Сярод іх было 1420 расейцаў і 5471 асобаў «ўкраінскага або беларускага паходжаньня».
Белы параход
Позьняй восеньню 1946 году 17-гадовая Яніна Грынцэвіч разам з бацькам Іванам і маці Станіславай на вялікім белым параходзе «Россия» прыбылі ў Адэсу. Разам зь імі было яшчэ 2800 рэпатрыянтаў з Францыі, якіх савецкія дыпляматы ўгаварылі вярнуцца на «гістарычную радзіму».
Такі параход быў не адзін, ехалі і цягнікамі. Большасьць рэпатрыянтаў паходзілі з заходніх губэрняў былой Расейскай імпэрыі, Беларусі і Ўкраіны.
«Мы то ехалі як рабочая кляса, а з намі на параходзе ехалі і тыя, хто пасьля рэвалюцыі паўцякалі за мяжу. І чаго яны вярталіся? Іх тады адразу за краты і канфіскацыя маёмасьці»,— прыгадвае Яніна Іванаўна.
На белым параходзе, якім сям’я шахтара Грынцэвіча прыбыла ў Адэсу, сапраўды былі і багацейшыя за іх пасажыры, некаторыя нават везьлі з сабой аўтамабілі. У Грынцэвічаў была толькі швейная машынка «Зінгер» ды трохі грошай. Можа, таму ім пашэнціла.
Усіх пасажыраў з Францыі ў адэскім порце сустрэлі супрацоўнікі НКВД. Зь першай і другой клясы людзей перасадзілі ў таварныя вагоны і павезьлі ў Сыбір.
Дакумэнты Грынцэвічаў супрацоўнікі НКВД вывучылі, сказалі, што «даўгоў» перад савецкай уладай у іх няма, і адпусьцілі.
Як жылося ў Францыі
У 1920-х гадах, пасьля Першай сусьветнай вайны, многія грамадзяне міжваеннай Польшчы ехалі на заробкі на Захад, цяжка там працавалі, але зараблялі добра, забясьпечвалі сем’і і яшчэ адкладалі.
Іван і Станіслава Грынцэвічы выехалі ў Францыю ў 1929 годзе з Пастаўшчыны, іх дачка Яніна нарадзілася ў 1930 годзе. У Заходняй Беларусі сям’я займалася сельскай гаспадаркай, але зямлі было мала, таму вырашылі выехаць за мяжу зарабіць грошай, каб дакупіць. У 1929 годзе якраз страйкавалі францускія шахтары, таму праца для Івана Грынцэвіча знайшлася на вугальнай шахце на поўначы Францыі.
«Першапачаткова бацькі хацелі ехаць у ЗША. Але не прайшлі мэдкамісію. Маму прапусьцілі, а бацьку не, бо ён быў блізарукі. То вырашылі ехаць у Францыю»,— расказвае Яніна на прыгожай беларускай мове. У 1946 годзе яна яе ня ведала: калі прыехалі, то перапытвала ў маці кожнае слова. Па-француску ёй цяпер, пасьля 72 гадоў у Беларусі, гаварыць цяжка, але можа нешта прыгадаць, чытаць таксама не развучылася.
У Францыі ад шахты бацька атрымаў у арэнду службовы дом, двухпавярховы, на чатыры жылыя пакоі. Іван зарабляў добра, маці магла не працаваць, была хатняй гаспадыняй. Дачка Яніна добра вучылася ў школе, хадзіла ў касьцёл. Там была нядзельная школа, у якой дзяцей перасяленцаў з Польшчы вучылі польскай мове.
«Мы чорнага хлеба там ня елі, толькі белы,— кажа Яніна Іванаўна.— Чорны хлеб я тут, у Беларусі навучылася есьці».
У вайну, калі ішоў фронт, сям’я эвакуявалася, нейкі час жылі ў фэрмэра, потым вярнуліся дамоў, гора надта не зазналі.
Як вырашылі вярнуцца
Калі Іван Грынцэвіч жыў у Францыі, то падтрымліваў мясцовую кампартыю, чытаў савецкую прэсу — газэты «Правда» і «Известия», кажа ягоны ўнук Часлаў. Такія, як Іван, хутчэй паверылі словам савецкіх вярбоўшчыкаў пра «сацыялістычны рай» на радзіме, дзяржаве роўных магчымасьцяў.
«Мне было 16 з паловай гадоў, калі вырашылі ехаць з Францыі. Я была за бацькоўскімі плячыма, асабліва нічым не пераймалася, — кажа Яніна Іванаўна. — Калі бацька сказаў на працы, што зьбіраецца ехаць у СССР, то ў адміністрацыі шахты яго спыталі: што табе тут не падабаецца? Можа, заробку прыбавіць? То скажы, мы прыбавім. Нашто табе туды лезьці?»
Іван адказваў кіраўнікам шахты: «Хочам на радзіму». Яго папярэдзілі: «Падумай, бо дарогі назад ня будзе».
«Больш, чым тата, вярнуцца хацела мама. Яна лічыла, што як даляры маем, то на радзіме купім сабе зямлі, бо пры Польшчы хто шмат зямлі меў, той багаты быў», — кажа Яніна.
Грынцэвічы ўжо перад ад’ездам з Францыі ў порце Марсэль убачылі вялікі савецкі карабель са збожжам.
«Во якая магутная дзяржава, — сказаў Іван, — такую вайну перажыла, а здольная экспартаваць збожжа».
У гэты час у СССР зноў быў страшэнны голад, людзі елі кару і лебяду. І ўжо ў Адэсе Іван пабачыў галодных савецкіх грамадзян, якія прасілі кавалак хлеба.
Савецкія вярбоўшчыкі пераконвалі адмовіцца ад францускага грамадзянства, а калі людзі не пагаджаліся, ім казалі, што калі ў СССР ім не спадабаецца, то змогуць вярнуцца назад у Францыю. Але вярнуцца было немагчыма. Францускія пашпарты ў іх забралі, савецкіх не далі.
Беларускі калгас
Продкі Станіславы паходзілі зь вёскі Камаі Пастаўскага раёну, карані Івана былі ў вёсцы Супраненты Астравецкага раёну. Там жыла ягоная сястра, вырашылі ехаць да яе. Нейкі час «французы» пажылі ў доме сястры, потым пабудавалі сваю хату. Тры гады былі аднаасобнікамі, потым пайшлі ў калгас, трымалі прысядзібную гаспадарку.
«У калгас ніхто не хацеў, але прымусілі. Мелі збожжа, то хлеб быў у нас. Жылі цяжка, як усе па вайне».
Станіслава засталася на хатняй гаспадарцы, Іван рабіў паляводам, жывёлаводам — куды пашлюць. Адпрацаваў у калгасе ўсю рэшту жыцьця. За адным выключэньнем.
На адным з калгасных сходаў Іван сказаў у прысутнасьці парторга і супрацоўніка НКВД, што яны там глупства гавораць, замест таго, каб працаваць. За «падрыў калектывізацыі і калгаснага ладу» яго пакаралі 1 годам зьняволеньня, зь якога ён адбыў 10 месяцаў.
Далей Іван трымаў язык за зубамі — зразумеў, што тут ня Францыя.
Па прыезьдзе ў Беларусь Яніна моцна хварэла, зьмена клімату і харчаваньня моцна адбілася на яе здароўі. Заробленыя ў Францыі грошы пайшлі не на зямлю, а на выжываньне сям’і пасьля пераезду і лячэньне дачкі.
Яніна ў СССР далей вучыцца не змагла, яна ведала францускую і польскую мовы, беларускай і расейскай не валодала. Сябры яе засталіся ў Францыі, аднагодкі ў беларускай вёсцы часам дражнілі.
«Там яны былі рускімі, бо прыехалі з былой Расейскай імпэрыі, а тут іх называлі французамі», — кажа сын Яніны Часлаў Сташко.
Яніну выратавала ў жыцьці швейная машынка «Зінгер», якую прывезьлі з Францыі. Шыла нават начамі, бо было шмат замоваў.
У беларускай вёсцы Яніна Грынцэвіч выйшла замуж за Міхаіла Сташко, які працаваў у калгасе электрыкам, нарадзіла дзяцей Часлава і Ганну.
Яніна працавала швачкай у быткамбінаце, паштальёнкай, марыла вырвацца зь вёскі. Пасьля вясельля захацела з мужам паехаць жыць у Вільню — за 60 кілямэтраў. Але пашпартоў у іх не было, і прапісацца ў горадзе яны не маглі.
«Адзін раз там маці сустрэла ў Вільні францускую дэлегацыю, пачула знаёмую мову, зразумела, як кепска перакладае савецкі гід, хацела падысьці памагчы. Ёй так захацелася пачуць весткі з радзімы, пагутарыць з французамі. Але стрымала сябе, пабаялася. Каб ня трапіць, як бацька, у турму за доўгі язык».
Здарылася такая сустрэча з французамі толькі адзін раз за жыцьцё ў СССР.
У хаце Яніны захоўваюцца здымкі з Францыі, кнігі і часопісы, выдадзеныя перад іхнім пераездам. Яна іх зьберагла — і па модных францускіх часопісах 40-х шыла яшчэ ў 70-х. Спробы наладзіць ліставаньне зь сяброўкамі скончыліся нічым — лісты не даходзілі. Сувязь з Францыяй абарвалася.
Француская пэнсія
Але адна нітачка сувязі з Францыяй усё ж аднавілася — ужо пасьля таго, як у 1969 годзе маці Яніны Станіслава памерла. У 1973 годзе француская дзяржава адшукала Івана Грынцэвіча ў Беларусі. Прыйшоў ліст, у якім яму патлумачылі, што паколькі ён працаваў у Францыі шмат гадоў, то паводле францускага працоўнага заканадаўства яму належыць пэнсія.
«У лісьце было напісана: калі ты жывы, Іван, то адгукніся, і мы будзем выплочваць табе пэнсію,— кажа Часлаў Сташко.— Але тут дзеда запрасілі ў райвыканкам і, спасылаючыся на КДБ, рэкамэндавалі адказаць, што ён і так добра жыве і таму адмаўляецца ад францускай пэнсіі.
Дзед мой быў ня надта пісьменны, і тут ужо я ўступіў у справу — кажу яму, каб безь мяне ніякіх дакумэнтаў не падпісваў. Ён так і зрабіў, нічога не падпісаў і ўрэшце атрымаў францускую пэнсію».
Пэнсію з Францыі маглі класьці на валютны рахунак, пераводзіць у савецкія рублі або выдаваць у чэках «Внешпосылторга». Вырашылі браць у чэках. Іванава пэнсія складала каля 100 даляраў. Гэта былі добрыя грошы на той час. Савецкай пэнсіі Івану налічылі 12 рублёў.
За францускія грошы Грынцэвіч часам хадзіў у вясковую краму купіць вінаграднага віна, якое яму падабалася яшчэ з часоў жыцьця ў Францыі, а ўнукам купляў падарункі. Чаславу, які захапляўся спортам, набываў добрыя спартовыя гарнітуры. Хацеў купіць яму машыну, нават пачаў адкладаць у банку грошы, але не пасьпеў — памёр у 1980-м. Пасьля Іванаву пэнсію з Францыі яшчэ атрымлівала ягоная другая жонка.
У чаканьні сустрэчы з радзімай
Калі амбасадар Францыі прапанаваў Яніне арганізаваць паездку на радзіму, яна без ваганьняў пагадзілася, хоць ужо немаладая і ходзіць з кіёчкам — перанесла дзьве апэрацыі пасьля пераломаў шыйкі сьцягна.
У амбасадзе абяцалі даць візу, арганізаваць сустрэчу і разьмяшчэньне ў Францыі.
Гаварыць пра вяртаньне маці на радзіму ўжо запозна, кажа яе сын Часлаў. Аднаўленьня справядлівасьці цяпер ніхто ўжо не патрабуе: ні дзяржава, ні людзі. Ні матэрыяльна, ні маральна ніхто яе не адновіць.
А дзеці Яніны не адчуваюць сябе французамі, мовы яны ня вывучылі, у Францыю не зьбіраюцца.
«У Беларусі мне падабаецца, для мяне гэта радзіма, мяняць яе зь нейкіх эканамічных ці іншых прычын не хачу. Будзем спадзявацца, што калісьці беларусы будуць жыць ня горш за французаў. Можа, дажывём да гэтага часу, а можа, не», — кажа сын Яніны Часлаў.