Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выдача лася», «агляд фанэры», «прашары» і «сяброўскія прысяданьні». За што далі 2,5 года памежнікам-«дзядам»


Раман Гладкі і Сяргей Гузееў, архіўнае фота
Раман Гладкі і Сяргей Гузееў, архіўнае фота

Асуджаныя Раман Гладкі і Сяргей Гузееў зьдзекаваліся з маладых салдат.

Гомельскі раённы суд 20 ліпеня абвясьціў вырак за «дзедаўшчыну» двум былым памежнікам Раману Гладкаму і Сяргею Гузееву.

Яны прызнаныя вінаватымі ў гвалце, зьдзеку і жорсткім абыходжаньні з салдатамі, якія не падпарадкаваныя ім па службе, і на падставе часткі 2 артыкула 443 Крымінальнага кодэксу пакараныя 2 гадамі і 6 месяцамі калёніі агульнага рэжыму.

Жыцьцё «па дзеду»

Радавы Гладкі і яфрэйтар Гузееў служылі ў вайсковай частцы № 1242, на рэзэрвовай мабільнай заставе «Новая Гута». Пацярпелымі прызнаныя сямёра памежнікаў, якіх сёлета перавялі служыць у Гомельскую памежную групу.

У кожнага, хто прыходзіў на заставу з вучэбнай часьці, Гладкі і Гузееў пыталіся: «Па чым будзеш жыць — „па статуце“ ці „па дзеду“»?

Пацярпелы Вадзім Шаўчэнка да прызыву ў войска скончыў Магілёўскі пэдунівэрсытэт і чвэрць навучальнага году выкладаў у школе гісторыю. У судзе ён сказаў, што прыехаў на заставу ў студзені яшчэ з чатырма памежнікамі свайго прызыву.

«Сустрэў нас яфрэйтар Гузееў. Паказаў, дзе што знаходзіцца на заставе: дзяжурная частка, сталоўка. А пасьля заводзіць нас у спальнае памяшканьне і пытаецца: „Па чым будзеце жыць?“ Я адказаў: „Па дзеду“».

«Дакажы», — запатрабаваў Гузееў.

«Я падняў і скрыжаваў рукі перад ілбом, далонямі вонкі, да яфрэйтара — прыняў позу „лася“. Гузееў і стукнуў ніжняй часткаю далоні ў перакрыжаваныя перад ілбом рукі».

Потым усё гэта рабіў і радавы Гладкі. Рытуальнае пасьвячэньне ў жыцьцё «па дзеду» прайшоў кожны навічок заставы.

Як зьдзекаваліся?

Зьдзек з маладых меў розныя формы. У іх ліку былі «прашары».

Падсудныя называлі гэта «чорным армейскім гумарам». Да прыкладу, у іх пыталіся: «Чым адрозьніваецца памідор ад трактара?», «На чым стаіш?», «Што за вакном?» «Куды трапіў?» На апошняе пытаньне кемлівы маладзён мог адказаць: «На дыскатэку». «Дзяды» паблажліва ківалі і камандавалі: «Танцуй». За няправільныя адказы давалі «лася». Бывала, і кулаком, ды яшчэ і зь нецэнзуршчынай.

Старэйшыя па тэрміну службы строга трымалі парадак, надзяліўшы сябе правам даваць заданьні, караць і мілаваць. Іхняе слова, па сутнасьці, прыраўноўвалася да загаду армейскіх начальнікаў. Усё гэта падавалася як «умацаваньне маральнага духу» маладых.

23 студзеня радавы Гладкі наказаў маладзейшаму пачысьціць дарожкі ад сьнегу і наледзі. У маладога не атрымалася, бо ўдзень быў заняты на службе іншымі справамі. Увечары перад адбоем «дзяды» зладзілі маладым «пракачку». З сталовай выклікалі нават тых, хто абіраў бульбу.

«Мы памылі рукі і прыйшлі ў спальнае памяшканьне, — сьведчыў у судзе Вадзім Шаўчэнка. — Гладкі загадаў: „Падайце і адціскайцеся“».

Усе маладзейшыя салдаты прынялі становішча «ўпор лежачы» і пачалі адціскацца. Тысячу разоў на пяцярых, па дзьвесьце на кожнага.

Радавы Гладкі па чарзе падымаў маладых і даваў «лася». За ім такую ж «пракачку» ладзіў Сяргей Гузееў. Кожнаму прыпадала ад «дзеда» да дзясятка «ласёў».

Калі адціскацца маладыя ўжо ня мелі сілаў, «дзяды» загадвалі рабіць «сяброўскія прысяданьні». Салдаты станавіліся адзін за адным, клалі выцягнутыя рукі на плечы таму, хто наперадзе, і адначасова пачыналі прысядаць. Рукі ў такой позе крыху адпачывалі, напружаньне прыпадала на ногі. Выходзілі пасьля такой «пракачкі» мокрымі.

«Фанэру — да агляду!»

За розныя правіны, якія, на думку «дзядоў», учынялі маладыя, прызначаліся розныя пакараньні. «Дзед» мог загадаць: «Фанэру — да агляду!» Малады апускаў рукі па швах, выпінаў грудзі — і атрымліваў удар.

Яшчэ адна армейская традыцыя, якая падтрымлівалася на заставе, тычылася адбою. Салдат малодшага прызыву мусіў падысьці да «дзеда» і папрасіць дазволу на сон. Пры гэтым, як правіла, станавіўся ў позу «лася». «Дзед», калі быў у добрым гуморы, мог толькі пазначыць удар, а мог і ўдарыць на ўсю моц.

Адціскаліся да непрытомнасьці

17 лютага 2018 году Раман Гладкі запытаў у Аляксея Недашкоўскага, які заступіў у нарад, куды падзеўся радавы Зайцаў. «Дзеду» Аляксей адказаў досыць дзёрзка.

«Накіпела», патлумачыў у судзе малады салдат. Гладкі і без таго ўжо надакучыў сваімі вечаровымі «прашарамі», а тут яшчэ і днём на службе стаў даймаць.

Дзёрзкі адказ Аляксея прыйшоўся не даспадобы «дзеду» Раману. Зь яфрэйтарам Гузеевым яны вырашылі «пагаварыць» з маладымі, прымяніўшы свае, «дзедаўскія», мэтады «выхаваньня».

Праз каманду Рамана Гладкага маладыя адціскаліся і «па-сяброўску» прысядалі. Колькасьць «павучальных практыкаваньняў» зашкальвала — трыста адцісканьняў і сотня прысяданьняў. А паміж імі індывідуальныя «лекцыі» з выдачай «лася» і «аглядам фанэры». Недашкоўскага падымалі тры разы са становішча «ўпор лежачы».

«Гладкі кулаком прабіваў „лася“. Было каля дзесяці ўдараў», — расказаў у судзе Аляксей.

Яфрэйтар Гузееў у той лютаўскі вечар таксама далучыўся да «выхаваньня» маладых.

«Загадаў мне „фанэру да агляду“. Біў кулаком», — сьведчыў Недашкоўскі.

Пасьля ўдараў зноў закамандаваў адціскацца. Пры гэтым хтосьці зь «дзядоў» нагою выбіў Аляксею руку, каб ён ткнуўся ў падлогу.

«Я ледзь падняўся, хістаўся, кружылася галава, — дадаў Аляксей. — Лобах мяне вывеў. У мяне былі сінякі, рука апухла».

Аляксандар Лобах, у сваю чаргу, расказаў у судзе, што вывеў Недашкоўскага ў душавую, абмыў яму галаву вадою, каб хутчэй ачуняў.

Іншы салдат, Вадзім Шаўчэнка, ад адцісканьняў і «сяброўскіх» прысяданьняў, «ласёў» і «фанэры» страціў прытомнасьць.

Пацярпелыя разам з начальнікам заставы Андрэем Волчакам
Пацярпелыя разам з начальнікам заставы Андрэем Волчакам

«Паглядзеў на твары — усе цэлыя»

У якасьці сьведкі на адным з паседжаньняў суду быў дапытаны начальнік рэзэрвовай мабільнай заставы капітан Андрэй Волчак. Ён расказаў, што яму паведамілі пра нестатутныя адносіны праз тэлефон невядомыя людзі.

Пасьля тэлефанаваньняў ён зьбіраў заставу, гутарыў з салдатамі — усімі разам. Скаргаў не было. І асобна ніхто не падыходзіў.

«Паглядзеў на твары — усе цэлыя», — казаў у судзе начальнік заставы.

Волчак дадаў, што на заставе ёсьць зампаліт, які непасрэдна адказвае за ўзаемаадносіны, за маральны стан салдатаў. І ён, камандзір, таксама мусіць сачыць.

«А што ўжо атрымалася, тое атрымалася», — сказаў афіцэр.

«Будзем працаваць»

Цяпер начальнікі з Гомельскай памежнай групы заяўляюць, што «дзедаўшчына» трывала нядоўга і толькі на адной мабільнай заставе. На судовыя паседжаньні дзеля выхаваньня камандзіры прысылалі з розных падразьдзяленьняў сяржантаў ды салдатаў старэйшага прызыву.

Падпалкоўнік-ідэоляг, які прысутнічаў разам з салдатамі на судзе, сказаў пасьля абвяшчэньня выраку: «Будзем працаваць, каб такое не паўтарылася».

Сёньняшні вырак суду Раман Гладкі і Сяргей Гузееў могуць цягам 10 дзён аспрэчыць у вышэйшай судовай інстанцыі.

Пра дзеда Піхто, які зладзіў у беларускім войску дзедаўшчыну

У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG