Абаронцы Курапатаў агучылі сцэнар байкоту менскіх рэстарацый бізнэсоўца Леаніда Зайдэса, які адмаўляецца закрываць забаўляльны комплекс «Поедем поедим» паблізу Курапатаў.
Адзін з ініцыятараў пратэсту Павал Севярынец заявіў, што ад сёньня пачынаецца агульны байкот рэстарацыі «Поедем поедим», а 19 ліпеня актывісты пачнуць пікетаваць рэстарацыю «Гранд Кушавель».
Наведнікам будуць даваць інфармацыю, чым займаецца Зайдэс у Курапатах, і настойліва рэкамэндаваць не наведваць ягоныя рэстарацыі.
Акрамя таго, будуць накіраваныя лісты да асноўных пастаўшчыкоў харчоў і напояў з прапановай спыніць падтрымку «бізнэсу на касьцях». Калі гэтыя звароты праігнаруюць, распачнецца кампанія закліку да байкоту праз сацыяльныя сеткі.
Таксама абаронцы Курапатаў зьбіраюцца прасіць замежныя амбасады не даваць візы ўласьнікам рэстаранаў, ахоўнікам, службоўцам, якія пішуць даносы і ажыцьцяўляюць рэпрэсіі ў дачыненьні абаронцаў Курапатаў; тым, хто наяжджае на людзей альбо ўдзельнічае ў гэтым бізнэсе; і самым актыўным наведнікам.
У прэзыдэнцкую адміністрацыю рыхтуюць заяву з патрабаваньнем правесьці праверку і перагледзець ранейшы дазвол на дзейнасьць рэстарацыі побач зь месцам расстрэлаў.
«Наш байкот будзе негвалтоўны, — адзначыў Павал Севярынец. — Гвалт ідзе ад уласьнікаў рэстарацыі, не ад нас».
Напярэдадні старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што справа з арганізацыяй перамоваў паміж прадстаўнікамі грамадзкасьці і ўладальнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» зайшла ў тупік.
Кастусёў адмовіўся ад ролі перамоўніка паміж уладальнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» і пратэстоўцамі
Актывіст АГП Уладзімер Раманоўскі заклікаў грамадзян габрэйскай нацыянальнасьці паўплываць на бізнэсоўца Леаніда Зайдэса, асноўнага ўласьніка рэстарацыі «Поедем поедим», каб ён прыслухаўся да пікетоўцаў і закрыў сваю ўстанову ля Курапатаў.
«Яму варта нагадаць, што ў Курапатах ляжыць шмат расстраляных габрэяў — як і беларусаў, палякаў, расейцаў ды прадстаўнікоў іншых народаў», — сказаў Раманоўскі. Актывіст заявіў, што сам ён, пакуль мецьме сілы, будзе змагацца за закрыцьцё рэстарацыі.
Да Раманоўскага далучыўся рэжысэр мастацкага фільму пра Курапаты «Жоўты пясочак» (паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава) Аляксей Туровіч.
«Тут мусіць быць месца цішыні, як у Хатыні, дзе кожную хвіліну звоняць званы», — сказаў Туровіч.
Старшыня грамадзкага камітэту «Ў абарону Курапатаў» Ганна Шапуцька абурылася пазыцыяй, якую заняла пракуратура ў канфлікце вакол рэстарацыі «Поедем поедим».
«Першы раз сутыкаюся з тым, што пракуратура цягам месяца не адказвае на зварот грамадзянаў. Яны відавочна ня ведаюць, што рабіць, на чый бок стаць, хоць менавіта дзяржава мусіць весьці размовы з уласьнікамі рэстарацыі, а не грамадзкасьць», — заявіла Шапуцька.
На яе думку, Леанід Зайдэс учыніў «рэйдэрскі захоп» у ахоўнай зоне Курапатаў. Яна заклікала ўлады вярнуцца да стану 2003 году, ануляваць усе рашэньні, прынятыя за гэты час пра дазволы на будаўніцтва вакол урочышча.
Актывістка Натальля Гарачка сказала, што падае заявы ў пракуратуру аб працягненьні да адказнасьці амаль 10 чалавек, якія білі яе і наяжджалі на аўтамабілях. Пра рэстарацыю каля Курапатаў Гарачка сказала, што гэта «гарачы пункт», зь якога можа пачацца захоп Беларусі — як ня так даўно адбывалася ва Ўкраіне.
«Калі мы хочам захаваць мір у Беларусі, нам трэба дамагацца закрыцьця такіх установаў, дзе сьвядома разбураюць нацыянальную памяць», — лічыць актывістка.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.