Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурорка запатрабавала 3 гады турмы журналісту Галко

абноўлена

Зьміцер Галко ў судзе, архіўнае фота
Зьміцер Галко ў судзе, архіўнае фота

На судзе ў справе беларускага журналіста Зьмітра Галко дзяржаўная абвінаваўца запатрабавала 3 гады пазбаўленьня волі за «напад на міліцыянта» (арт. 364 КК РБ) «з улікам станоўчай характарыстыкі» і таго, што раней Галко не стаяў на ўліку.

16 ліпеня на працэсе над блогерам і журналістам Зьмітром Галко, якога абвінавачваюць у нападзе на міліцыянта, пачаліся судовыя спрэчкі.

Паводле прадстаўніцы пракуратуры спадарыні Арлоўскай, віна Зьмітра Галко ў нанясеньні міліцыянту Юрыю Чыркову двух удараў цалкам даказаная. «Брыдкадсловіў у адрас супрацоўнікаў міліцыі», «нанёс 2 удары Чыркову ў сківіцу і па галаве ў цемянную вобласьць», «паводзіў сябе агрэсіўна», «спрабаваў ударыць іншых міліцыянтаў», «парваў форменную вопратку міліцыянту Казаноўскаму», — сказала пра Галко абвінаваўца.

Яна заявіла, што віну Галко абцяжарвае тое, што падчас учыненьня злачынства ён быў у нецьвярозым стане. У якасьці доказаў віны Галко супрацоўніца пракуратуры назвала паказаньні пацярпелых і сьведак, дадзеныя экспэртызы і рэчавыя доказы.

Абаронца журналіста Натальля Мацкевіч апэлявала да закону, паводле якога артыкул аб нападзе на міліцыянта пачынае дзейнічаць ў выпадку безумоўнага выкананьня супрацоўнікам міліцыі дзейнага заканадаўства. Між тым, як даказвала адвакатка, міліцыянты ўварваліся ў кватэру Зьмітра Галко незаконна і гэтак жа незаконна пачалі там відэаздымку. Паводле абаронцы, участковы капітан міліцыі Юрый Чыркоў і міліцыянт Вадзім Казаноўскі парушылі і шэраг службовых інструкцый, датычных рэагаваньня на меркаваныя падазрэньні аб учыненьні злачынства.

Працэс над Зьмітром Галко пачаўся 10 ліпеня.

Галко лічыць, што міліцыянт яго агаварыў

Зьміцер Галко выступіў з апошнім словам, у якім сказаў, што пацярпелы міліцыянт Юрый Чыркоў яго агаварыў.

Паводле падсуднага, у сваіх паказаньнях у судзе Юры Чыркоў «адпачатку хлусіў», іншыя міліцыянты-сьведкі Вадзім Чыркоў і Людміла Брыдзько падганялі свае паказаньні пад ягоныя словы.

«Больш за 10 чалавек мусілі быць сьведкамі нібыта майго нападу на Юрыя Чыркова, але чамусьці ніхто гэтага ня бачыў», — сказаў суду ў апошнім слове Зьміцер Галко. Ён заявіў, што пацярпелы міліцыянт Чыркоў «прыдумаў яму матыў нападу» — нібыта помста за тое, што супраць сына Галко міліцыянты ўжылі спэцпрыём. «Абставіны гэтага эпізоду, пра які казаў Чыркоў, таксама нікім не пацьверджаныя», мяркуе Галко.

Паводле яго, сьледзтва і суд ня высьветлілі дакладны час ягонага здарэньня і якое падразьдзяленьне міліцыі яго затрымлівала. Галко нагадаў пра тое, што крымінальную справу супроць яго завялі праз 10 дзён пасьля інцыдэнту, пасьля таго, як ён у інтэрнэце падзяліўся абставінамі здарэньня. Сваёй віны Зьміцер Галко не прызнаў.

Прысуд будзе абвешчаны 17 ліпеня а 17-й гадзіне.

«Капітан Чыркоў мяне агаварыў, бо баяўся праверкі», — Зьміцер Галко

Зьміцер Галко цалкам не прызнаў віны і не згадзіўся з прыпісаным яму матывам (нібыта ён напаў на міліцыянтаў з мэтай адпомсьціць ім): маўляў, «я ніколі раней іх ня бачыў, якая помста?». Ён толькі дапусьціў, што мог ненаўмысна разьбіць тэлефон міліцыянта, калі спрабаваў выправадзіць яго з кватэры, бо той «увайшоў незаконна». У першы і другі дні суду Галко заяўляў пра катаваньні.

У лістападзе 2017 году ў менскай кватэры Галко падчас сьвяткаваньня народзінаў сына Яна Галко нехта з суседзяў нібыта выклікаў міліцыю з прычыны шуму. Зьміцер адчыніў дзьверы. Пасьля гэтага, паводле вэрсіі сьледзтва, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Сам журналіст казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку.

На Галко склалі адміністрацыйны пратакол за «лаянку на вуліцы». Да суду па адміністрацыйным працэсе Галко знаходзіўся ў ізалятары. Пасьля інцыдэнту Галко з сынам зьехалі ва ўкраінскі Марыюпаль. 22 красавіка, падчас вяртаньня ў Менск, Зьмітра затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы.

«Рэпартэры бязь межаў» заклікалі вызваліць Галко, бо «няма ніякіх падставаў, каб [гэты] журналіст быў у турме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG