Пяць тысяч чалавек — такі вынік першага ў гісторыі савецкага Барысаву палітычнага мітынгу, які ў 1990 годзе арганізаваў школьны настаўнік гішпанскай мовы, 32-гадовы Аляксандар Зьдзьвіжкоў. З тае пары гэты рэкорд так і ня быў «пабіты». Пра рэдактара і журналіста, асуджанага за перадрук эўрапейскіх карыкатур на прарока Мухамада — у працягу нашага праекту «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён»
Ад антысавецкіх пратэстаў да прысуду за карыкатуры на Мухамада
У 1990 годзе на заклік Аляксандра Зьдзьвіжкова пяць буйных дзяржаўных прадпрыемстваў Барысаву спынілі працу, каб падтрымаць агульнабеларускі страйк працоўных.
«Пісьменьніцтва — пажыцьцёвы дыягназ», — так кажа пра сябе 59-гадовы Аляксандар Зьдзьвіжкоў, у чыім багажы шэсьць выдадзеных раманаў. Але шырокай грамадзкасьці ён стаў вядомы перадусім як журналіст: спачатку працаваў у шэрагу дзяржаўных выданьняў, а затым — палітычным аглядальнікам незалежнай газэты «Феміда» і рэдактарам газэты «Згода».
Сто базавых велічынь за «распаўсюд празь СМІ зьневажальных для прэзыдэнта зьвестак» — такое пакараньне Аляксандар Зьдзьвіжкоў атрымаў у лістападзе 2005 году разам з Аляксеем Каралём — заснавальнікам газэты «Згода». На дадатак Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне і выключыла газэту з падпіснога каталёга.
У манастырах Расеі і Ўкраіны Аляксандар Зьдзьвіжкоў хаваўся ад крымінальнага перасьледу на радзіме ў 2006–2007 гадах. Крымінальную справу распачалі пасьля публікацыі артыкула «Палітычны крэатыў», у якім «Згода» перадрукавала карыкатуры на прарока Мухамада, што выйшлі ў сусьветных СМІ.
З гэтай прычыны газэту забаранілі да выданьня, а Аляксандру Зьдзьвіжкову выставілі абвінавачаньне ў «распальваньні расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасьці».
Журналіста затрымалі ў лістападзе 2007 году на вакзале ў Барысаве, калі ён спрабаваў вярнуцца дадому на гадавіну сьмерці бацькі. Пра тое, што ён у СІЗА КДБ, стала вядома толькі праз два месяцы. За гэты час Зьдзьвіжкоў на траціну страціў зрок.
У студзені 2008 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў журналісту тры гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта быў самы жорсткі прысуд у сьвеце за карыкатуры на прарока Мухамада.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Аляксандра Зьдзьвіжкова вязьнем сумленьня і заклікала беларускія ўлады неадкладна яго вызваліць.
У лютым 2008 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў касацыю журналіста і зьменшыў пакараньне да трох месяцаў арышту. Гэты тэрмін Зьдзьвіжкоў ужо адбыў падчас сьледзтва і суду і па новым прысудзе выйшаў на волю.
«Я не жадаю быць грамадзянінам ГЭТАЙ краіны, у якой ёсьць менавіта ГЭТЫЯ суды, менавіта ГЭТАЯ пракуратура і менавіта ГЭТЫЯ турмы», — заявіў Аляксандар Зьдзьвіжкоў на першай пасьля вызваленьня прэсавай канфэрэнцыі.
Тры гады Аляксандар Зьдзьвіжкоў жыў у Маскве, але затым вярнуўся ў Барысаў, дзе займаецца літаратурнай творчасьцю і цяпер.
«Тыя, каму 30–40 гадоў, — страчанае пакаленьне»
— Чаму вы вярнуліся ў Беларусь: настальгія па радзіме ці незапатрабаванасьць на чужыне?
— Я зьехаў у Расею, але ж заставаўся грамадзянінам Беларусі і знаходзіўся ў Маскве на нелегальным становішчы. І расейская ФСБ на замову беларускага КДБ шукала мяне ў маіх сваякоў. Да таго ж у Барысаве заставалася мая старэнькая матуля, і я мусіў вярнуцца, каб і яе даглядаць.
А зьехаў таму, што і пасьля вызваленьня ўсё адно пачуваўся нібыта на «зоне»: быў на малой зоне, а выйшаў у вялікую. А турма — яна мяняе чалавека ня ў лепшы бок, таму простаму чалавеку нельга ў ёй заставацца, бо ня здолее захаваць у цэласьці свой розум.
— Гэтае пачуцьцё «зоны» застаецца і цяпер?
— Зь цягам часу прайшло. Але я стаўся прадстаўніком «страчанага пакаленьня»: у мяне ёсьць мінулае, будучыня, як у кожнага чалавека, а тым больш у верніка. Але няма сучаснасьці: мяне ведалі і нават памятаюць, але цяпер я ніхто. Мой досьвед і мае меркаваньні не запатрабаваныя ані грамадзтвам, ані ніводным мэдыярэсурсам, ані самім часам.
Мой досьвед і мае меркаваньні не запатрабаваныя ані грамадзтвам, ані ніводным мэдыярэсурсам, ані самім часам
І я не адзін такі, гэта прыклад стану ўсяго грамадзтва. Шмат і значна маладзейшых людзей, якія маюць і грамадзкі, і палітычны патэнцыял і досьвед, не патрэбныя ні грамадзтву, ні дзяржаве. Тыя, каму 30–40 гадоў, — страчанае пакаленьне. Інтэлектуальнымі каштоўнасьцямі наша грамадзтва пакуль не кіруецца. Чарка і скварка — і гэта ўсё.
Я цяпер лішні чалавек і мару толькі, каб скончыць сваё жыцьцё годна.
— Маеце на ўвазе — у літаратурнай творчасьці, журналісцкай ці палітычнай дзейнасьці?
— Палітыка — гэта беспэрспэктыўны занятак. Так, я сябра БСДП (Грамада), маю добрыя стасункі з АГП, ПБНФ — мяне цікавіць партыйнае жыцьцё. Але тое, што я назіраў у нашых партыях, дае вельмі добрае разуменьне таго, што ўяўляе сабой сёньняшняя беларуская апазыцыя. Больш за палову зарэгістраваных палітычных партый кампануюцца са згоднікаў і здраднікаў. Там шмат агентаў уплыву дзяржавы, і яны марудзяць усе палітычныя працэсы.
Сучасная зарэгістраваная апазыцыя злучаная зь дзяржавай і будзе зьнішчаная разам з гэтым палітычным рэжымам
Сяброўства ў нашай «зарэгістраванай» апазыцыі можа загубіць любую палітычную кар’еру — лепшыя людзі робяцца нікім. Сьведчаньнем таму — падзеі апошніх дваццаці чатырох гадоў. Сучасная зарэгістраваная апазыцыя злучаная зь дзяржавай і будзе зьнішчаная разам з гэтым палітычным рэжымам.
Адзін сябра палітычнай партыі мне казаў: пакуль я ёсьць чальцом гэтай партыі і маю партыйны білет, захоўваю яго, каб пасьля падзеньня лукашызму спаліць яго на плошчы, як некалі палілі білеты КПСС.
— Тады ў нас няма шляхоў да зьмены палітычнай сыстэмы?
— Шлях ёсьць, калі будзе сфармаваная грамадзянская супольнасьць. Пераскочыць раптам з камуністычнага таталітарызму ў цывілізаванае грамадзтва немагчыма. Гэтыя працэсы распачынаюцца толькі-толькі, але яны ідуць і скіраваныя ня толькі на антыкамунізацыю і на цывілізаванае разьвіцьцё, але і на этнізацыю — большасьць людзей пачуваюць сябе беларусамі. Ня добрымі расейцамі ці малодшымі братамі, а менавіта беларусамі.
І беларускую мову сёньня можна пачуць і на вуліцы, і ў транспарце, і ніхто на гэта ня скажа, што гэты чалавек БНФавец. Гэта безумоўнае сьведчаньне пра кірунак да грамадзянскай супольнасьці.
А перашкода на гэтым шляху — хіба таксама злучанасьць грамадзтва і дзяржавы. Большасьць грамадзян ня лічыць дзяржаву сваім ворагам. Але ж — вораг: дэградуе дзяржава, яе палітычны рэжым, а разам зь ім дэградуе і грамадзтва.
«Беларуская мова — гэта патрабаваньне часу»
— Вы пачуваеце сябе больш пісьменьнікам ці журналістам?
— Апошнія дзесяць гадоў я, безумоўна, пісьменьнік. Шэсьць раманаў і некалькі аповедаў — гэта мой творчы даробак. Дзесяць гадоў таму я выдаў кнігу «Иная действительность» — яе і па сёньня чытаюць.
А цяпер працую над трыма новымі кнігамі: адна — працяг кнігі фантастыкі, другая бяз назвы пакуль — гэта мэмуары, бо сёлета якраз дзесяць гадоў маіх турэмных прыгодаў, а трэцяя — раман пра сучаснасьць пад умоўнай назвай «Аншлюс» з жанру альтэрнатыўнай палітычнай гісторыі. Вядома, я не хацеў бы стаць прарокам, але такой магчымасьці не выключаю.
Прычым апошнія дзьве кнігі — першыя ў маім творчым багажы, якія я пішу на беларускай мове. Бо яны разьлічаныя на нашага чытача, і беларуская мова — гэта патрабаваньне часу.
Яшчэ летась я спрабаваў прапанаваць свае паслугі тром рэдакцыям — ніхто не пагадзіўся
Але і журналістыка таксама на ўсё жыцьцё — я і цяпер раблю аналітычныя матэрыялы для некаторых расейскіх выданьняў. А вось беларускія не цікавяцца маімі аналітычнымі дасьледаваньнямі аніяк. Вось вы — першыя, хто пацікавіўся маімі палітычнымі меркаваньнямі за апошнія дзесяць гадоў. Пры тым, што я, акрамя таго, што журналіст, яшчэ і прафэсійны рэдактар. Яшчэ летась я спрабаваў прапанаваць свае паслугі тром рэдакцыям — ніхто не пагадзіўся. Натуральна, што гаворка пра незалежныя выданьні, у дзяржаўных я пэрсона нон-грата.
— Зь якіх крыніцаў чэрпаеце натхненьне для заняткаў літаратурай — гэта сям’я, сябры, адпачынак?
— Мая сям’я — гэта дачка, якая цяпер у Сынгапуры, унук у Ангельшчыне, а з жонкай мы разышліся вельмі даўно. Блізкія сябры таксама ў замежжы, і матулі маёй даўно ўжо няма. Таму мой адпачынак і натхненьне — гэта старая рок-музыка, галівудзкія фільмы, час ад часу выезд на лецішча.
Але шмат часу на адпачынак ці баўленьне часу ў мяне няма — я працую штодня. У мяне агулам ня дужа шмат часу засталося, і я мушу скончыць распачатыя кнігі — гэта па меншай меры. Як бы ні было лёгка ці складана, не зьвяртаюся па дапамогу ні да кога — ня маю ні блізкіх, ні сяброў. Зьвяртаюся толькі да Бога.
5 пытаньняў Свабоды
— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта...
— Пакуль яе няма. І ніколі не было. Ёсьць нацыя, ёсьць беларуская дзяржава, а беларускай нацыянальнай ідэі няма. Ёсьць спробы яе вылучыць, але за дваццаць гадоў незалежнасьці праекту «нацыя-грамадзтва» не атрымалася.
Мае пажаданьні і мара — гэта шлях ад вялікага мінулага да вялікай будучыні. Гэта агульнанацыянальная беларуская мова і Эўраатлянтычная супольнасьць. Будучыня за беларускай мовай — сфэра яе ўжываньня будзе толькі пашырацца.
— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.
— Ніколі ня думаў пра гэта, але, мабыць, перадусім гэта Максім Багдановіч і Францішак Багушэвіч, браты Луцкевічы — яны шмат зрабілі для Беларусі.
— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?
— Кніга майго юнацтва «Чорны замак Альшанскі». Дагэтуль бяру яе і чытаю. Я памятаю, як Уладзімер Караткевіч пра яе казаў, як я яе чакаў. Менавіта гэтая кніга далучыла мяне да беларушчыны.
— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?
— Тыя ж самыя сакрамэнтальныя «папіццот» — вось у гэтым я Аляксандра Рыгоравіча падтрымліваю.
— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
— Толькі пасьля сьмерці Аляксандра Лукашэнкі. Зразумела, што ў палітыцы ўсё магчыма: пачнецца нейкая вайна, адбудзецца дзяржаўны пераварот — гэта таксама магчыма.
У кожным разе, паступовы пераход ад Лукашэнкі да новай беларускай дзяржавы немагчымы — ён будзе брутальным праз змаганьне за ўладу. Шмат хто да гэтага рыхтуецца.