Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук згвалціў і забіў 20-гадовую дзяўчыну, схаваў цела ў канапу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску паведаміла аб завяршэньні расьсьледаваньня забойства 20-гадовай дзяўчыны, што адбылося 21 сьнежня 2017 году ў доме на праспэкце Ракасоўскага. Абвінавачанаму можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.

Як выявілі сьледчыя, 47-гадовы жыхар Менску і 20-гадовая дзяўчына ўжывалі алькаголь у кампаніі яшчэ трох мужчынаў у кватэры аднаго зь іх. Між мужчынамі завязалася сварка, абвінавачаны ўдарыў другога мужчыну, адштурхнуў трэцяга, але ўрэшце ўсе засталіся начаваць у адной кватэры. Зранку дзяўчына расказала двум мужчынам, што абвінавачаны згвалтаваў яе, зьбіралася напісаць заяву ў міліцыю. Абвінавачаны папрасіў іншых пакінуць яго сам насам зь дзяўчынай, каб «урэгуляваць канфлікт».

На кухні абвінавачаны пачаў пагражаць дзяўчыне нажом, зьбіў яе, душыў рукамі і электрычным дротам, урэшце забіў. Каб утаіць забойства, ён схаваў цела ў канапу. Двум іншым мужчынам, што былі ў кватэры, ён прапанаваў вывезьці цела на лецішча, але тыя зьвярнуліся да праваахоўнікаў. Абвінавачаны, калі даведаўся пра гэта, некалькі дзён хаваўся ў Лідзкім раёне, але ўрэшце сам здаўся ў міліцыю.

Абвінавачаны ў міліцыі настойваў, што ўчыніў забойства ў стане афэкту, бо дзяўчына нібыта патрабавала зь яго грошы за тое, каб не расказвала пра іхную блізкасьць, пасьля сьцьвярджаў, што забойства наогул учыніў ня ён. Але сьледчыя праз шэраг доказаў і з дапамогай генэтычных экспэртызаў усталявалі, што вінаваты менавіта ён, а псыхіятрычная экспэртыза пацьвердзіла, што ён мог асэнсоўваць свае дзеяньні і ня быў у стане афэкту.

Мужчыну абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў:

  • за згвалтаваньне (ч.1 арт. 166 і ч.2 арт. 167 КК РБ),
  • за забойства з асаблівай жорсткасьцю і спробай утаіць злачынства (п.8 і п.8 ч.2 арт. 139 КК РБ),
  • за гвалт адносна асобы, якая спрабавала спыніць злачынства (ч.1 арт. 366 КК РБ).

Цяпер мужчына пад вартай, справа накіраваная ў суд.

Што пагражае падазраванаму

За забойства з асаблівай жорсткасьцю можа пагражаць ад 8 год турмы да пажыцьцёвага зьняволеньня або нават сьмяротнай кары. Звычайна ў Беларусі сьмяротнае пакараньне прызначаюць за забойства некалькіх чалавек, але, напрыклад, у 2016 расстралялі жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова, які згвалціў і забіў дзяўчыну.

Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю. Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў. Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG