Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі абшукалі дом брата экс-прэзыдэнта і хочуць арыштаваць былога міністра абароны


Супрацоўнік Службы нацыянальнай бясьпекі Армэніі каля дому Аляксандра Саргсьяна, Ерэван, 4 ліпеня 2018 году.
Супрацоўнік Службы нацыянальнай бясьпекі Армэніі каля дому Аляксандра Саргсьяна, Ерэван, 4 ліпеня 2018 году.

Супрацоўнікі Службы нацыянальнай бясьпекі (СНБ) Армэніі праводзяць ператрус у кватэры брата былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна Аляксандра, паведамляе армянская служба Радыё Свабода.

Частка супрацоўнікаў СНБ знаходзіліся ў кватэры, іншыя, узброеныя аўтаматамі, стаялі ў двары дому. Камэнтаваць ператрус у СНБ адмовіліся, паабяцаўшы даць дэталі пазьней.

Раней 25 чэрвеня паліцыя дапытала 62-гадовага Аляксандра Саргсьяна па падазрэньні ў незаконным захоўваньні зброі. Празь некалькі гадзін яго адпусьцілі, заявіўшы, што зброя была законнай.

За дзень да гэтага суд аддаў распараджэньне арыштаваць былога міністра абароны Армэніі Мікаэла Аруцюняна, якога абвясьцілі ў вышук і абвінавачваюць у «зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу» з прычыны разгону пратэстаў у сакавіку 2008 году.

Некалькі дзён раней Камітэт дзяржаўных даходаў (КДД) пры ўрадзе Армэніі распачаў крымінальную справу адносна іншага брата былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна — Лявона Саргсьяна. Яго падазраюць ва ўтойваньні сродкаў, якія падлягаюць дэкляраваньню, і ў незаконным узбагачэньні.

Паводле сьледчых, Лявон Саргсьян і яго дачка Ані Саргсьян ня задэкляравалі маёмасьць у асабліва буйных памерах і не патлумачылі павелічэньне іх маёмасьці, хоць яно істотна перавысіла памер іх законных даходаў. Дэклярацыю за справаздачны пэрыяд 2017 году сваякі экс-прэзыдэнта павінны былі прадставіць у Камісію па этыцы высокапастаўленых службовых асобаў згодна з законам аб грамадзкай службе.

У Армэніі ўжо некалькі тыдняў працягваецца маштабная антыкарупцыйная кампанія, прычым справы заводзяцца на паплечнікаў і сваякоў экс-прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна. У канцы красавіка ён сышоў у ходзе рэвалюцыі.

Цяперашні прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян ў 2008 годзе быў чальцом перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Лявона Тэр-Пэтрасяна і адным з актыўных удзельнікаў акцыяў пратэсту. У 2010 годзе яго асудзілі на сем гадоў пазбаўленьня волі за арганізацыю масавых беспарадкаў у Ерэване. Але ў траўні 2011 году ён выйшаў на волю па амністыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG