Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максіма Вінярскага асудзілі на 10 сутак за абарону Курапатаў


Максім Вінярскі ў судзе
Максім Вінярскі ў судзе

Максіма Вінярскага затрымалі 3 ліпеня ў раёне бульвара Талбухіна перад акцыяй Мікалая Статкевіча. Судзілі ж яго за пікетаваньне рэстарацыі «Поедим поедим» — паводле артыкула 23.34 ч.3 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу году»). Паседжаньне прайшло ў судзе Менскага раёну.

Абвінавачаньне тычыцца падзеяў 23 чэрвеня каля рэстарана «Поедем поедим». Паводле яго, 23 чэрвеня Вінярскі з 15 да 18 гадзіны прымаў актыўны ўдзел у пікетаваньні, дэманстратыўна перашкаджаў праходу і праезду грамадзян. У абвінавачаньні было зазначана, што пікетаваньне адбывалася з мэтай выяўленьня нязгоды з працай рэстарана.

Вінярскі віну не прызнаў. Паведаміў у паказаньнях, што перашкаджаў праезду аўтатранспарту на тэрыторыю рэстарана.

«Гэта была акцыя прамога дзеяньня. Я супраць, каб называць гэта пікетаваньнем», — заявіў Вінярскі.

Свае дзеяньні ён патлумачыў тым, што лічыць недапушчальнай працу забаўляльнай установы побач з Курапатамі.

Максім Вінярскі (справа) падчас пікетаваньня рэстарацыі каля Курапатаў 27 ліпеня
Максім Вінярскі (справа) падчас пікетаваньня рэстарацыі каля Курапатаў 27 ліпеня

Сьведкам выступіў міліцыянт з Бараўлянскага аддзелу міліцыі. Ён паведаміў, што склаў рапарт на падставе апытаньня супрацоўніка рэстарана, які і выклікаў міліцыю. Зь Вінярскім не знаёмы, ня бачыў яго на месцы зьдзяйсьненьня магчымага правапарушэньня, а ягонае прозьвішча даведаўся ад заяўніка.

Пасяджэньне праводзіў судзьдзя Аляксей Крапачоў.

3 ліпеня на бульвары Талбухіна было затрымана каля 30 чалавек. Яны прыйшлі на «Акцыю вызваленьня і салідарнасьці», якую ініцыяваў апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч і якая мелася пачацца ў 13.00. Статкевіч у Фэйсбуку заклікаў людзей сабрацца 3 ліпеня ў сквэры на бульвары, каб «выказаць сваю салідарнасьць з пакаленьнем, якое вызваліла сьвет ад улады Гітлера, і з тымі, хто зараз змагаецца за вызваленьне краіны ад улады яго прыхільніка».

Несанкцыянаваную акцыю спынілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Мікалая Статкевіча затрымалі прыкладна ў 11.30 на выхадзе з дому.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG