Пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга быў затрыманы сёньня каля будынка Міністэрства ўнутраных справаў. Ён фатаграфаваў акцыю ў падтрымку ЛГБТ-супольнасьці, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Тэатральная лябараторыя Fortinbras пры Беларускім Свабодным тэатры правяла ў цэнтры Менску насупраць будынка МУС акцыю ў падтрымку ЛГБТ-супольнасьці.
«Мы заклікаем МУС пераступіць праз забабоны і абараняць правы ЛГБТ-грамадзян, якія не парушаюць закон і сплачваюць падаткі, дзякуючы якім Міністэрства і існуе», — кажуць удзельнікі акцыі.
Каля статуі гарадавога насупраць МУС зьявілася ЛГБТ-клюмба. Фатафакт
Трох удзельнікаў акцыі затрымалі і павезьлі ў РУУС Маскоўскага раёна. Сваіх імёнаў яны не назвалі.
Разам зь імі быў затрыманы і журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга.
Сувязь з Андэем Шаўлюгам зьнікла пасьля затрыманьня.
Рэдакцыі не ўдалося атрымаць інфармацыю ў РУУС Маскоўскага раёна і ў прэс-сакратара ГУУС Менску.
Пазьней стала вядома, што ноч журналіст правядзе за кратамі і што на яго склалі пратакол за «непадпарадкаваньне міліцыі».