Фэдэральны прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэлен упершыню прыбыў зь візытам у Беларусь.
Самалёт аўстрыйскага лідэра прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце. Гэтым жа рэйсам прыляцеў і экс-прэзыдэнт краіны Хайнц Фішэр. Гасьцей сустракаў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.
На 29 чэрвеня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі заплянаванае адкрыцьцё мэмарыялу ахвярам нацызму ў вёсцы Трасьцянец пад Менскам. Тут былі забітыя мірныя савецкія жыхары і ваеннапалонныя, а таксама грамадзяне Аўстрыі, Нямеччыны, Чэхаславаччыны і Польшчы. Агулам — 206 500 чалавек усіх узростаў, большасьць ахвяраў складалі габрэі.
У цырымоніі таксама чакаецца ўдзел Фэдэральнага прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера і афіцыйных асобаў зь іншых краінаў — Ізраіля, Польшчы, Чэхіі.
Прэзыдэнцкая прэсавая служба паведамляе, што пасьля жалобных імпрэзаў пройдуць асобныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Аляксандрам Ван дэр Бэленам і Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.