Рэжым надзвычайнага становішча быў уведзены пасьля выбухаў у копцкіх цэрквах летась, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Эгіпецкія ўлады працягнулі рэжым надзвычайнага становішча ў краіне яшчэ на тры месяцы.
Рашэньне прэзыдэнта Абдула Фатаха ас-Сісі было апублікавана ў афіцыйнай газэце ў нядзелю. Яно павінна быць ухвалена парлямэнтам на працягу сямі дзён і набывае сілу 14 ліпеня.
Надзвычайнае становішча ў Эгіпце было абвешчана пасьля выбухаў у дзьвюх копцкіх цэрквах у красавіку мінулага году, ажыцьцёўленых філіялам «Ісламскай дзяржавы». У выніку выбухаў загінулі сама меней 44 чалавекі.
Эгіпет шмат гадоў змагаецца з ісламісцкімі баевікамі, аднак апошнія ўзмацніліся пасьля зьвяржэньня ў 2013 годзе выбранага прэзыдэнта-ісламіста, фігура якога выклікала спрэчкі. Асноўнымі мішэнямі для баевікоў зьяўляюцца сілы бясьпекі і хрысьціяне.
У лютым Эгіпет пачаў маштабную апэрацыю супраць баевікоў на Сінаі, у раёнах дэльты Ніла і Заходняй пустыні.