Трэці тыдзень у менскім урочышчы Курапаты ідуць пратэсты супраць адкрыцьця рэстарану «Поедем поедим». Як паказала апытаньне Свабоды, частка менчукоў нават ня ведае, што такое Курапаты. Мы сьцісла адказваем на самыя наіўныя пытаньні.
Пратэстоўцы лічаць пабудову рэстарану незаконнай і амаральнай. Незаконнай — бо яго збудавалі ў ахоўнай зоне мэмарыялу (пазьней ахоўную зону звузілі так, што тэрыторыя рэстарану ў яе амаль не патрапляе, хоць гэта ня робіць ранейшыя парушэньні законнымі). Амаральнай — бо забаўляльная ўстанова месьціцца за 50 мэтраў ад месца масавых расстрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсіяў.
Па-першае, як адзначаюць абаронцы Курапатаў, ва ўрочышчы ня могілкі, а месца пакутніцкай сьмерці і неасуджаных забойстваў, пахаваньне невядомых і не ўшанаваных належным чынам ахвяраў. Па-другое, сьвятары хіба ня ўсіх канфэсіяў катэгарычна не рэкамэндуюць есьці і выпіваць і на звычайных могілках.
Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў. Але, паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Не, бальшавікі. Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.
Будаўніцтва комплексу, тады яшчэ вядомага як «Бульбаш-хол», пачалі ў 2011 годзе ў межах ахоўнай зоны мэмарыялу, афіцыйна вызначанай у 2004 г. Толькі пасьля пачатку будаўніцтва — і пасьля прызнаньня парушэньняў Міністэрствам культуры і Генэральнай пракуратурай — межы ахоўнай зоны былі зьмененыя на карысьць комплексу, і гэта, як адзначаюць абаронцы Курапатаў, рабілася са шматлікімі парушэньнямі працэдураў. Вядомыя практычна ўсе імёны адказных за будаўніцтва.
Пратэставалі ад 2012 году безупынна, але ня шляхам пікетаў — зьбіралі подпісы, пісалі звароты, вялі інфармацыйныя кампаніі, зьвярталіся ў суды з пазовамі супраць Міністэрства культуры, Генэральнай пракуратуры і раённых уладаў. Заяўнікі прайшлі ўсе судовыя інстанцыі Беларусі, але безвынікова. Гэта было далёка ня першае змаганьне з уладамі за Курапаты за 30 год з выкрыцьця праўды.
Перадусім пратэстоўцы патрабуюць зачыніць «карчму на касьцях», як яны называюць рэстарацыю. Некаторыя лічаць, што будынкі варта зьнесьці як незаконны самабуд, але гучыць і заклік зрабіць музэй замест рэстарацыі. Адны пратэстоўцы лічаць, што ўладальнікам трэба даць іншую тэрыторыю пад іхны бізнэс і кампэнсаваць страты, другія кажуць, што ва ўсёй гісторыі відавочныя злачынны і карупцыйны складнікі, таму зямлю і пабудовы варта сканфіскаваць, правёўшы паўнавартаснае сьледзтва.
Інтэр’ер рэстарацыі «Поедем поедим»