У менскім Палацы Незалежнасьці 19 чэрвеня прайшло паседжаньне Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, а таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна зь перамовамі ў вузкім складзе.
У чым адметнасьць гэтай сустрэчы?
- Сустрэча адбылася падчас чарговых «малочных войнаў» Расеі і Беларусі — канфлікту вакол гандлю харчамі.
Калі ў траўні Пуцін запрашаў Лукашэнку ў Расею, запрошаны казаў, што ён «за каапэрацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых дурных рознагалосьсяў — малочных, мясных, цукровых войнаў ды іншага», бо «гэта проста сарамоцьце».
- Пасьля той сустрэчы ў Сочы «малочныя войны» не спыніліся.
Тыдзень таму беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў заклікаў расейскага кіраўніка ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева знайсьці «кампраміс дзеля справядлівай канкурэнцыі» ў гандлі харчамі, адназначнага адказу не атрымаў, толькі пажаданьне «і далей рухацца ў бок ліквідацыі перашкодаў».
Эўразійская эканамічная камісія якраз 19 чэрвеня мусіла разглядзець пытаньне абмежаваньняў паставак у Расею беларускага малака.
Сьцісла пра сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным
- Лукашэнка выказаў спадзеў на пасьпяховае для Расеі сканчэньне матчу Чэмпіянату сьвету па футболе «Расея-Эгіпет».
- Пуцін прапанаваў абмеркаваць пытаньні двухбаковых адносінаў, якія засталіся нявырашанымі. Аб чым ідзе гаворка прэс-служба не ўдакладніла.
- Прэзыдэнты абмеркавалі стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых адносін, рэалізацыю сумесных праектаў, узаемадзеяньне ў інтэграцыйных фарматах і на міжнародных пляцоўках, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.
Акрамя Пуціна ў Менск прыехалі:
- расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў;
- старшыня Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка;
- старшыня Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін.
Сьцісла пра паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі
- Лукашэнка заявіў пра важнасьць ліквідацыі ўзаемных бар’ераў, а таксама стварэньне новага канкурэнтнага асяродзьдзя для далейшага разьвіцьця гандлю з Расеяй. Гандлёвыя адносіны варта нарасьціць, лічыць кіраўнік Беларусі.
- Лукашэнка адзначыў, што вырашэньне актуальных пытаньняў пераносіцца на наступныя сустрэчы інтэграцыйнага пытаньня, і прапанаваў вырашаць такія пытаньні «тут і цяпер».
- Кіраўнік Беларусі чакае, што пытаньні памежнага кантролю паміж Беларусьсю і Расеяй будуць урэгуляваныя.
- Заявы Лукашэнкі Пуцін праігнараваў, але заявіў пра рост таваразвароту і мэты па «нарошчваньню эканамічнай і палітычнай інтэграцыі» Расеі зь Беларусьсю. Таксама кіраўнік Расеі паведаміў, што на паседжаньні Вышэйшага дзяжсавету, будзе прыняты дакумэнт, які вызначыць накірункі працы Саюзнай дзяржавы на наступныя 5 гадоў.
У сваёй прамове Уладзімір Пуцін засяродзіўся на лічбах:
- Беларускія прадпрыемствы інвэставалі ў Расею 620 мільёнаў даляраў, аб’ём назапашаных Расеяй у беларускай эканоміцы грошай перавышае 3,09 мільярды даляраў.
- 10 мільярдаў даляраў Расея інвэставала ў будаўніцтва Беларускай АЭС.
- Да 2020 году Расея інвэстуе 2,5 мільярды даляраў у абнаўленьне беларускай часткі газаправоду «Ямал-Эўропа», і больш за 1 мільярд даляраў у будаўніцтва дадатковых падземных сховішчаў газу.
Гэта першы афіцыйны візыт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь пасьля пачатку ягонага чацьвёртага прэзыдэнцкага тэрміну. Раней Пуцін рабіў у Беларусь самы першы візыт пасьля інаўгурацыяў, сёлета ж першай афіцыйнай пасьля выбараў была паездка ў Аўстрыю, другім быў Кітай, а Беларусь трэцяя.