У Менску непадалёк ад Курапатаў, на вуліцы Мірашнічэнкі затрымалі палітыка Паўла Севярынца. Яго сілай запхнулі ў міліцэйскую машыну.
Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сьведка затрыманьня, актывіст Дзяніс Урбановіч.
Севярынец браў актыўны ўдзел у акцыі пратэсту перад брамай рэстарацыі «Поедем поедим», што адкрылася побач з Курапатамі.
Пазьней таксама затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык. Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з удзельнікаў пікетаваньня рэстарацыі Леанід Кулакоў.
Паўла Севярынца прыкладна ў 19:45 выпусьцілі з пастарунку. На яго склалі 5 пратаколаў за пікетаваньне 7 чэрвеня рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў: 1 — ДАІ за парушэньне правілаў дарожнага руху, 4 — міліцыя за несанкцыянаванае пікетаваньне, дробнае хулігантсва, непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Паўла таксама папярэдзілі, што калі ў пятніцу ён зьявіцца ў Курапатах, на яго зноў будуць складаць пратаколы.
Неўзабаве выпусьцілі і Вольгу Мікалайчык.
Каля «Поедем поедим» сутычкі супрацоўнікаў рэстарацыі з актывістамі. УЖЫВУЮ
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.