У Першамайскім судзе Менску пачаўся чарговы карупцыйны працэс. На лаве падсудных Аляксей Вавула, былы намесьнік аддзелу арганізацыі перавозак «Менаблаўтатрансу». Экс-чыноўніка, які цяпер працуе простым кур’ерам, абвінавачваюць паводле дзьвюх частак 430-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («неаднаразовае атрыманьне хабару»).
Паводле сьледзтва, Аляксей Вавула ў 2016-2017 гадах некалькі разоў браў хабар за дапамогу прадпрымальнікам у заключэньні дамоваў на аўтаперавозкі ў Менскай і Горадзенскай абласьцях і пераўзгадненьне ўжо дзейных. У справе фігуруюць Вялейка, Дзяржынск, Бабоўня, Астравец. У чатырох эпізодах Вавула атрымаў розныя сумы хабару — ад 100 да 700 даляраў.
«Зьбіраеш пакет дакумэнтаў для ўзгадненьня маршруту, прыносіш у „Менаблаўтатранс“ і здаеш Аляксею Мікалаевічу. Мусяць разглядаць 2 тыдні, а за колькі рабілі, ужо і ня памятаю. Тады ён прапанаваў даць грошы за дапамогу, за станоўчае рашэньне», — расказаў суду сьведка Андрэй Сас, намесьнік дырэктара транспартнай фірмы, якая працуе на маршруце Менск — Астравец.
У справе Андрэй Сас фігуруе як хабарадавальнік. За што ён мусіў даваць грошы? Паводле сьведкі, некаторым перавозчыкам маршруты ў «Менаблаўтатрансе» не ўзгаднялі.
«Такое бывае, а за што, ня памятаю. Я нядаўна працую», — сказаў суду Сас. Паводле яго, подпіс абвінавачанага Аляксея Вавулы на дамовах аб перавозках не стаяў.
«Калі вам невядома, чым вам дапаможа Вавула, навошта вы яму перадавалі грошы?», — пацікавілася судзьдзя Папко ў сьведкі.
«Мне было прапанавана, я перадаў грошы, тысячу беларускіх рублёў, якія мне выдаў кіраўнік фірмы. Умова была адна — за станоўчае рашэньне», — паведаміў Андрэй Сас.
Грошы сьведка перадаваў у менскай кавярні «Ангел».
Суд угледзеў разыходжаньні ў паказаньнях сьведкі ў судзе і раней, на сьледзтве. Тады, паводле пратаколу, сьведка казаў, што рашэньне пра новы маршрут прымалася конкурснай камісіяй «Менаблаўтатрансу», станоўчае рашэньне залежала ад набраных фірмай-перавозчыкам балаў. А вось Аляксей Вавула браўся вырашыць пытаньне «хутка і станоўча». Калі гэтыя паказаньні суд нагадаў сьведку, ён іх пацьвердзіў.
Аляксей Вавула прызнаў віну ў хабарніцтве часткова. Былы намесьнік начальніка аддзелу арганізацыі перавозак «Менаблаўтатрансу» згодны, што атрымліваў грошы ад прадстаўнікоў фірмаў-перавозчыкаў, але адмаўляе, што асабіста аказваў ім дапамогу.
Між тым, пры дасьледаваньні яшчэ аднаго эпізоду пра маршрутнае таксі зь Менску ў Дзяржынск індывідуальная прадпрымальніца Людміла Касьцюкевіч пацьвердзіла суду, што дала падсуднаму хабар менавіта за падаўжэньне часовай дамовы аб абслугоўваньні маршруту.
«Гэта было ў жніўні-верасьні 2016 году. Чула спачатку ад мужа, што патрэбна 1 тысяча даляраў, мы змаглі сабраць 700 даляраў. Я стэлефанавалася з Вавулам, пад’ехала да „Менаблаўтатрансу“, ён выйшаў, і я перадала яму грошы ў канвэрце», — расказала суду сьведка Касьцюкевіч.