Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 гадоў за 285 кг гашышу: у Горадні засудзілі расейца за кантрабанду наркотыкаў

абноўлена

Грамадзянін Расеі Леанід Небагацікаў асуджаны на 18 год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Ён дзейнічаў у складзе міжнароднай злачыннай групоўкі.

У судзе Небагацікаў заявіў, што ня мае ніякага дачыненьня да наркотыкаў і ня ведаў, якім чынам яны апынуліся ў ягоным аўта.

Пасьля прысуду Алена Бадрова, адвакатка Небагацікава, заявіла Свабодзе, што ейны кліент цалкам ня згодзен з рашэньнем суда і будзе падаваць апэляцыю.

Пракурор, які ў судзе зачытваў абвінавачаньне Небагацікаву, намаляваў схему, паводле якой міжнародная злачынная групоўка ў складзе грамадзян Расеі і Эўразьвязу дастаўляла наркотыкі з краін Эўразьвязу ў Расейскую Фэдэрацыю.

Дзеля гэтага праз інтэрнэт наймалі кур’ераў, на імя кур’ера куплялі машыну, неабходныя сродкі сувязі, забясьпечвалі яго дастатковай сумай грошай для паездкі. Кур’ер забіраў у Расеі аўтамабіль, у якім быў усталяваны GPS-навігатар з канкрэтным адрасам у эўрапейскім горадзе. Прыбываючы туды, кур’ер паведамляў сваім гаспадарам праз тэлефон альбо інтэрнэт, што дабраўся, і пакідаў аўта ў прызначаным месцы. За нейкі час у адмысловыя схованкі ў аўтамабілі закладваліся наркотыкі. Людзі, якія гэта рабілі, мелі запасныя ключы ад машыны. Потым кур’еру паведамлялі, што ён можа вяртацца назад у Расею. У навігацыйны прыбор быў закладзены адрас, куды ён павінен даехаць і зноў жа ў канкрэтным месцы пакінуць машыну.

Небагацікаву, паводле пракурора, адводзілася роля кур’ера ў гэтай схеме. Заробак кур’ера за падобную паездку складаў 2 мільёны 708 тысяч расейскіх рублёў і ня менш як 5 тысяч эўра. З вуснаў пракурора таксама прагучала, што Леанід Небагацікаў у пэрыяд з восені 2014-га па кастрычнік 2017 году каля 15 разоў наведваў Эўразьвяз.

«Ён лічыў, што перавозіў з Масквы ў Гішпанію валюту...»

У судзе Небагацікаў прадставіў сваю вэрсію. Маўляў, ён ведаў, што перавозіў з Масквы ў Гішпанію значныя сумы наяўнай валюты.

Адвакатка
Адвакатка

«Ён прызнаў, што гэтым самым зьдзяйсьняў злачынства, якое паводле расейскага заканадаўства караецца, але не пазбаўленьнем волі», — патлумачыла Бадрова.

Якую канкрэтна суму валюты перавозіў Небагацікаў, паводле адваката, не было вядома і яму. У судзе ён заявіў, што магчыма гэта былі сотні альбо нават і тысячы даляраў альбо эўра. І, маўляў, пра тое, дзе дакладна зроблена схованка ў аўта, ён таксама ня ведаў. Заявіў, што за гэта згодзен несьці адказнасьць, але дачыненьня да наркотыкаў ніякага ня меў.

Адвакатка: «Доказаў удзелу ў арганізаванай злачыннай групе няма»

Паводле адвакаткі, нават зыходзячы з матэрыялаў справы, яна не пабачыла з боку абвінавачваньня доказаў удзелу Небагацікава ў складзе злачыннай групы і абароце наркотыкаў.

Адвакат зазначае, што паводле беларускага заканадаўства, абвінаваўчы бок павінен у судзе даказаць тое, што Небагацікаў ведаў аб тым, што ўваходзіць у арганізаваную злачынную групоўку і дае сваю згоду на ўдзел у ёй. Але такіх доказаў, паводле Бадровай, не было прадстаўлена.

«Сам пракурор заявіў, што дзейнічала бескантактная схема. А гэта азначае, што ніхто з гэтае арганізаванай групоўкі і ня мог нават бачыць Небагацікава ў твар», — кажа адвакатка.

«Прасіў суд уважліва разабрацца зь ягонай справай...»

Падчас апошняга слова ў судзе, паводле адваката, Небагацікаў не прызнаў сваёй віны і прасіў уважліва разабрацца зь ягонай справай. Ён не адмаўляў таго, што кантрабандным шляхам перавозіў валюту, гатовы за гэта панесьці адказнасьць, але ўдзел у незаконным абароце наркотыкаў катэгарычна адмаўляў.

18 год пазбаўленьня волі і канфіскацыя маёмасьці

Горадзенскі раённы суд
Горадзенскі раённы суд

Горадзенскі раённы суд прыгаварыў Леаніда Небагацікава да 18 гадоў пазбаўленьня волі па двух крымінальных артыкулах (ч. 4 арт. 328 і ч.3 арт.328-1). Па першым зь іх было прысуджана 15 гадоў пазбаўленьня волі, а па другому — 10 год. У выніку шляхам частковага складаньня і з прымяненьнем артыкулу 272 Крымінальнага кодэксу ён атрымаў 18 год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Аўтамабіль «Лексус» Леаніда Небагацікава быў затрыманы на памежным пераходзе ў Брузгах. Падчас паглыбленага надгляду супрацоўнік мытнай службы выявіў схованку. Там былі брыкеты, запакаваныя ў цырату — 2901 брыкет агульнай вагой звыш 285 кіляграмаў. Экспэртыза ўстанавіла, што ў брыкетах знаходзілася наркатычнае рэчыва — гашыш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG