Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды

абноўлена

Сьпіс усіх выданьняў «Бібліятэкі Свабоды ХХІ стагодзьдзя» — кнігі, аўдыёкнігі, мультымэдыйныя дыскі.

94. Алег Грузьдзіловіч. Мае турэмныя муры. 2023 (PDF) Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед у менскім СІЗА № 1 і папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч. У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара. (Прэзэнтацыя)

93. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 5-е выданьне, дапрацаванае і дапоўненае. 2023 (PDF) 410 партрэтаў герояў беларускай свабоды — ад лідэраў паўстаньняў XVIII стагодзьдзя да палітвязьняў XXI. Гэта аўтарская энцыкляпэдыя любові да радзімы, волі й незалежнасьці. Гэта вянок нашай свабоды.

92. Галасы Беларусі — 2022. 2023 (PDF) Гэта трэцяя кніга трылёгіі «Галасы Беларусі», дзе пра кожны год беларускага жыцьця — 2020-ы, 2021-ы, 2022‑і — апавядаюць сьведкі падзеяў: палітвязьні ў «апошнім слове» ў судзе і лістах з турмы; палітэмігранты і тыя, хто застаецца на радзіме; тыя, каго ва Ўкраіне засьпела вайна, і тыя, хто ўступіў ва ўкраінскае войска, а таксама блізкія тых, хто загінуў. Гэта вельмі розныя гісторыі беларусаў, якія часам нагадваюць пратакол, а часам — шчырую споведзь ці мастацкі аповед. Усе разам яны зьліваюцца ў шматгалосьсе, якое адлюстроўвае злом часу і агульнае разуменьне таго, што вяртаньня да ранейшага жыцьця больш ня будзе ніколі.

91. Вянок Свабоды. 2022 (PDF) Бібліятэкар Свабоды Аляксандар Лукашук прэзэнтуе 90 выданьняў Беларускай службы РСЭ/РС, якія пабачылі сьвет у 2002–2022 гг., уключна з прадмовамі.

90. Алесь Бяляцкі на Свабодзе. 2022 (PDF) У кнізе сабраныя асобныя інтэрвію праваабаронцы, фрагмэнты дыскусій, у якіх ён браў удзел, рэпартажы пра ягоную дзейнасьць пачынаючы з 90-х гадоў, ацэнкі сяброў паплечнікаў.

89. Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. 2022 (PDF) Трэцяя кніга «Падарожжаў Свабоды» апавядае пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакумэнтаў і галасамі жывых сьведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратаваньня рэальнасьці, якой яна была ў пасьляваеннай Беларусі, — без інтэрпрэтацый. (Прэзэнтацыя)

88. Сяргей Абламейка. Чаму Беларусь не Расея. 2022 (PDF) Гістарыясофская эсэістыка доктара гісторыі Сяргея Абламейкі вызначаецца нечаканымі трактоўкамі вядомых падзей і малавядомымі фактамі зь мінулага Беларусі. У кнізе чатыры дзясяткі эсэ, кожнае зь якіх можа вас зьдзівіць і прымусіць задумацца. (Прэзэнтацыя)

87. Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе. 2022 (PDF) Чалавек, які першы ўзначаліў незалежную Беларусь і паставіў подпіс пад пагадненьнем аб ліквідацыі Савецкага Саюзу — у інтэрвію, дыскусіях, рэпартажах журналістаў і ацэнках сучасьнікаў, палітычных паплечнікаў і апанэнтаў.

86. Галасы Беларусі — 2021. 2022 (PDF) У 2021-м героі папярэдняй кнігі «Галасы Беларусі — 2020» за сваю грамадзянскую пазыцыю перажылі звальненьне з працы, ператрусы ў хаце, гвалт, прыніжэньне, допыты, прысуды, уцёкі за мяжу або патрапілі ў турму. У гэтай кнізе яны распавядаюць пра тое, што зь імі здарылася. Вялікія гісторыі тут суседзяць з кароткімі эпізодамі і «Цытатамі праз краты». У кнізе выкарыстаныя матэрыялы Радыё Свабода і іншых СМІ, сацыяльных сетак.​

85. Сяргей Навумчык. Дзевяноста шосты. 2-е выданьне, удакладненае і дапоўненае. 2021 (PDF) (EPUB)У заключным томе хронікі новай беларускай дзяржаўнасьці канца ХХ стагодзьдзя аўтар — удзельнік падзеяў апавядае пра масавы супраціў аб’яднаньню Беларусі і Расеі, вядомы як «Вясна-96», арышты, драматычны выезд за мяжу і наданьне адміністрацыяй ЗША палітычнага прытулку лідэру Беларускага Народнага Фронту Зянону Пазьняку і яму, прызнаньне тым самым рэжыму ў Беларусі аўтарытарным, а таксама аналізуе адчайную спробу імпічмэнту, якая скончылася паразай Канстытуцыі. Папярэднія кнігі цыклю — «Дзевяноста першы», «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці», «Дзевяноста чацьвёрты», «Дзевяноста пяты». (Буктрэйлер)

84. Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB) Доктар гісторыі Сяргей Абламейка выклікае дух Старога гораду на бітву з дэманам разбурэньня Менску. Другая кніга вайны (1941–1956).​

83. Неверагодны 2020-ы. 2021 (PDF) (EPUB) Кнігу складаюць эсэ 20 беларускіх інтэлектуалаў пра драматычныя падзеі 2020 году — прэзыдэнцкія выбары і масавыя пратэсты, якія былі выкліканыя гэтымі выбарамі. Гэты зборнік — спроба асэнсаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га», адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне — што гэта было?​

82. Галасы Беларусі — 2020. 2021 (PDF) (EPUB) У фармаце шматгалосься кніга распавядае пра беспрэцэдэнтны ў гісторыі Беларусі 2020 год. Сотні сьведкаў адкрыта загаварылі пра свае клопаты, жаданьні, радасьці і пакуты ў часе, дзе сышліся пандэмія, прэзыдэнцкія выбары і масавыя рэпрэсіі. Вялікія гісторыі суседзяць з кароткімі эпізодамі і рэфлексіямі „адным сказам“.

81. Сяргей Навумчык. Дзевяноста шосты. 2021 (PDF) У заключным томе хронікі новай беларускай дзяржаўнасьці канца ХХ стагодзьдзя аўтар — удзельнік падзеяў апавядае пра масавы супраціў аб’яднаньню Беларусі і Расеі, вядомы як «Вясна-96», арышты, драматычны выезд за мяжу і наданьне адміністрацыяй ЗША палітычнага прытулку лідэру Беларускага Народнага Фронту Зянону Пазьняку і яму, прызнаньне тым самым рэжыму ў Беларусі аўтарытарным, а таксама аналізуе адчайную спробу імпічмэнту, якая скончылася паразай Канстытуцыі. Папярэднія кнігі цыклю — «Дзевяноста першы», «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці», «Дзевяноста чацьвёрты», «Дзевяноста пяты».

80. Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB) Доктар гісторыі Сяргей Абламейка выклікае дух Старога гораду на бітву з дэманам разбурэньня Менску. Першая кніга вайны (1919–1941). (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

79. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 4-е выданьне. ​2020 (PDF)Анталёгія 365+1 партрэтаў герояў беларускай гісторыі, вядомых і невядомых — ад лідэраў паўстаньняў XVIII стагодзьдзя да палітвязьняў XXI. Кніга — дапаможнік для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды іншага. (Буктрэйлер)

78. Гаворыць Радыё Вызваленьне... Рэпрынтнае выданьне. 2020 (PDF) «Гаворыць Радыё Вызваленьне...» — рэпрынтнае выданьне першага зборніка радыёперадачаў «з вольнага сьвету для суродзічаў», які «стараньнем Беларускае Рэдакцыі Радыя Вызваленьне» выйшаў у Мюнхэне у 1956 годзе. Прамоўленае застаецца.

77. Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. 2-е выданьне. 2020 (PDF) (EPUB) (YouTube, аўдыёкніга) У часе пахаваньня Каліноўскага і яго паплечнікаў у Беларусі вялося шмат дыскусіяў пра Кастуся: наш ці ня наш, герой ці не герой, любіць ці не любіць. Новая кніга падводзіць рысу пад гэтымі спрэчкамі і расстаўляе ўсе кропкі над «і». Паводле аўтара, гэта сыстэмны і аргумэнтаваны адказ крытыкам Каліноўскага і адначасова — кароткая гісторыя нараджэньня новай беларускай ідэнтычнасьці ў ХІХ стагодзьдзі. Другое, дапоўненае выданьне.

76. Каліноўскі на Свабодзе. 2020 (PDF) Тэма Кастуся Каліноўскага на Радыё Свабода за 20 гадоў з рэдкіх кропель ператварылася ў магутную раку. Гэтаму спрыялі малыя і вялікія падзеі вакол імя героя і ягоных паплечнікаў, рэакцыя ўладаў, пошукі месца Каліноўскага і ягонага паўстаньня ў беларускай гісторыі. Навіны, блогі, інтэрвію, дыскусіі, архіўныя знаходкі, канцэптуальныя эсэ — усё гэта склалася ў храналёгію, дзе аўтарскія матэрыялы перамяжоўваюцца з інфармацыйнымі, падрыхтаванымі службай навінаў Радыё Свабода.

75. Сяргей Астраўцоў. Спадар Свабода. 2020 (PDF) Драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

74. Дзьмітры Гурневіч. Забойства ў цэнтры Эўропы. 2020 (PDF) 11 лютага 2019 году ў школе № 2 гораду Стоўпцы вучань 10-й клясы Вадзім М. учыніў падвойнае забойства — зарэзаў сваю настаўніцу Марыну Пархімовіч і вучня Сашу Раманава. Праз гісторыю гораду, мясцовыя легенды, меркаваньні стаўпецкіх людзей, з дапамогай філязофіі таталітарызму Ганны Арэнт аўтар вывучае прычыны і матывы злачынства, якое скаланула Беларусь. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

73. Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. 2020 (PDF) У часе пахаваньня Каліноўскага і яго паплечнікаў у Беларусі вялося шмат дыскусіяў пра Кастуся: наш ці ня наш, герой ці не герой, любіць ці не любіць. Новая кніга падводзіць рысу пад гэтымі спрэчкамі і расстаўляе ўсе кропкі над «і». Паводле аўтара, гэта сыстэмны і аргумэнтаваны адказ крытыкам Каліноўскага і адначасова — кароткая гісторыя нараджэньня новай беларускай ідэнтычнасьці ў ХІХ стагодзьдзі. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

72. Алесь Пілецкі. Казкі па целефоне. 2019 (PDF) «Казкі па целефоне» — калекцыя выбраных дыялёгаў паміж паўмітычнымі пэрсанажамі палітычнага жыцьця Беларусі і замежжа, якія ў жанры гіпэррэалізму ад агульнай млявасьці і асабістага суму ў 2015 годзе пачаў пісаць у Фэйсбуку журналіст Алесь Пілецкі. (Прэзэнтацыя)(Буктрэйлер)

71. Сяргей Дубавец. Тантамарэскі. 2019 (PDF) Хтосьці прачытае гэтую кнігу як гісторыю сучаснай Беларусі, хтосьці — як даведнік у судаводзтве, хтосьці — як дэтэктыўны раман з многімі літаратурнымі алюзіямі. Маштабны «Кветкавы працэс» разглядаецца ўсебакова і ў драбніцах, нібы пад мікраскопам. Высновы прыводзяць аўтара да філязофскіх адкрыцьцяў. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

70. Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Свабодзе. 2019 (PDF) Кнігу складаюць выбраныя фрагмэнты вусных выказваньняў першай у Беларусі ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, якія цягам двух дзесяцігодзьдзяў гучалі на хвалях Радыё Свабода. (Прэзэнтацыя)

69. Зьміцер Бартосік. Клініка кітайскага дантыста. 2018 (PDF) (Soundcloud) Нястомны вандроўнік Радыё Свабода, аўтар адпраўляецца ў падарожжа па «забытых адрасах» культуры і чароўнай палачкай славутых імёнаў уваскрашае цэлыя эпохі, сюжэты і жарсьці зь нязьменным вынікам — адкрыцьцём! Ён знаходзіць сьляды француза Апалінэра ў Беларусі і беларуса Рыпінскага ў лёнданскім Тотэнгэме, распавядае кур’ёзныя, страшныя, сьмешныя гісторыі пра беларускіх пісьменьнікаў і галоўнага героя позьнесавецкай Беларусі Ўладзімера Караткевіча, а ў прыгадках пра «дачку Леніна» і Халодную сынагогу ажывае цэлы даўно зьніклы горад Менск. Заўтра ўсе гэтыя адрасы стануць аб’ектамі паломніцтва турыстаў. А пакуль пра гэта ведаеце толькі аўтар і Вы, чытач. (Прэзэнтацыя)

68. Сяргей Навумчык. Дзевяноста трэці. 2018 (PDF) (EPUB) У пятым томе хронікі новай беларускай дзяржаўнасьці канца ХХ стагодзьдзя аднаўляецца ва ўсёй вастрыні барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва, ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўныя дзейныя асобы і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды — 1993 год вачыма ўдзельніка, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995). Папярэднія кнігі цыклю — «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты» і «Дзевяноста другі». (Прэзэнтацыя)

67. Алена Струвэ. Турма, мужчына і жанчына. 2018 (PDF) У кнізе «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Калі сабраць усіх зьняволеных у Беларусі разам, атрымаецца невялікі горад са сваімі традыцыямі і парадкамі, дзе ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і пабытовым канфліктам, творчасьці, гумару. (Буктрэйлер)

66. Сяргей Абламейка. Нечаканы Скарына. 2018 (PDF) ​Кнігу складае аўтарскае эсэ ў 25 частках «Нечаканы Скарына», у якім прадстаўлены новы погляд на асобу Францішка Скарыны і арыгінальныя гістарыясофскія канцэпцыі для разуменьня ягонай дзейнасьці, даробку і шчыльных сувязяў з італьянскім Рэнэсансам. Другую частку кнігі складаюць аўтарскія інтэрвію зь беларускімі, аўстрыйскімі, італьянскімі, польскімі, францускімі і чэскімі навукоўцамі, якія расказваюць пра эпоху Скарыны і новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.​ (Прэзэнтацыя)

65. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР. 2018 (PDF) (YouTube, аўдыёкніга) (Soundcloud) Кніга «Падарожжа ў БНР» уяўляе сабой дасьціпны і ўпарадкаваны паказ у гістарычным кантэксьце арыгінальных дакумэнтаў і матэрыялаў, якія захоўваюцца ў фондах БНР у архівах Менску і Вільні. Яна занадта маляўнічая, каб быць гістарычнай манаграфіяй, і занадта стрыманая ў аўтаравай фантазіі, каб быць літаратурным творам, адсюль і жанр — «архіўны раман». На яе старонках у трох сотнях кароткіх фрагмэнтаў апісваецца ўзьнікненьне цуду, які адбыўся 100 гадоў таму — незалежнай Беларусі. (Прэзэнтацыя)

64. Івонка Сурвіла. Дарога. 2018 (PDF) Дзейная старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла расказвае гісторыю свайго жыцьця і адказвае на сто пытаньняў з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР. (Прэзэнтацыя)

63. Міхась Скобла. Высьпятак ад Скарыны. 2017 (PDF) Блогі і дыялёгі Міхася Скоблы, у якіх аўтар прапануе свой адказ на пытаньні: чаму Скарына бы радаваўся, на што гневаўся, чым цешыўся, за што і каму даў бы высьпятка ў сёньняшняй Беларусі? Цікава, ці пазнаў бы першадрукар свае словы ў пераказе Алеся Разанава? (Прэзэнтацыя)

62. Сяргей Навумчык. Дзевяноста другі. 2017 (PDF) (EPUB) «Дзевяноста другі» — Сяргей Навумчык разглядае 1992-гі, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, як год пачатку драмы беларускай дэмакратыі. Раней пабачылі сьвет кнігі «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты». Рыхтуюцца да выхаду «Дзевяноста трэці». Ашаламляльнае падарожжа ў будычыню, якая пакуль застаецца ў мінулым. «Людям посполітым к доброму наученію», як сказаў бы Скарына. (Размова з аўтарам) (Буктрэйлер)

61. Вінцук Вячорка. Не сьмяшыце мае прыназоўнікі. 2017 (PDF) «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» — працяг папулярнай кнігі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», дзе аўтар дасьціпна і дасьведчана распавядае, як казаць дакладна і прыгожа дома, у краме, на мітынгу, у дарозе, на іспытах, каб родная мова жыла ўсюды. Першая кніга «Бібліятэкі» на падставе відэаперадачаў — Скарына быў бы ўражаны. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

60. 100 словаў. 2017 (PDF) Кніга — анталёгія найлепшых тэкстаў, якія зьявіліся ў рубрыцы «100 словаў» на сайце Радыё Свабода ў 2014–2016 гг. Рубрыка набыла вялікую папулярнасьць сярод чытачоў сайту Свабоды, стаўшы дэмакратычнай плятформай для адмену творчым досьведам паміж прызнанымі аўтарамі і пачаткоўцамі. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

59. Зьміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы. 2016 (PDF) У гэтай кнізе няма агульнавядомых фактаў і амаль няма вядомых сюжэтаў. Аўтар сабраў разам гісторыі, пра якія сьведкі адважыліся распавесьці толькі напрыканцы жыцьця. Тым ня менш, факты і сюжэты складаюцца ў карціну Беларусі ХХ стагодзьдзя. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

58. Алексиевич на Свабодзе. 2016 (PDF) Пад адной вокладкай у перакладзе на расейскую мову сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.

57. Сяргей Навумчык. Дзевяноста першы. 2-е выданьне. 2016 (PDF) (EPUB) Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

56. Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам. 2016 (PDF) (Soundcloud) У кнізе сабраныя нарысы пра беларускую мову, пісаныя для Радыё Свабода у 2014–2016 гг. Жывая практыка і прыгажосьць, якія грунтуюцца на навуковым мовазнаўчым падмурку, спалучаюцца з эканомнай лёгкасьцю выкладаньня і тонкім філялягічным густам аўтара. (Прэзэнтацыя)

55. Алексіевіч на Свабодзе. 2015 (PDF) Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі. (Буктрэйлер)

54. Сяргей Навумчык. Дзевяноста пяты. 2015 (PDF) (EPUB) Гэта — трэцяя кніга цыклю, прысьвечанага найноўшай гісторыі Беларусі і падзеям, удзельнікам якіх давялося быць аўтару ў якасьці дэпутата апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году. (Прэзэнтацыя)

53. Сяргей Абламейка. Мой Картаген. 2015 (PDF) (EPUB) Кнігу складаюць аўтарскія эсэ пра актуальныя праблемы нацыянальнай культуры, літаратуры і сучаснай грамадзкай думкі. Асобныя разьдзелы прысьвечаны гэтак званаму «русскому миру», а таксама цяперашняму стану архітэктурнай спадчыны Менску. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

52. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 3-е выд. 2015 (PDF) Дапоўненае выданьне. 300 партрэтаў герояў беларускай свабоды — ад лідэраў паўстаньняў XVIII стагодзьдзя да палітвязьняў XXI. Кніга — дапаможнік для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды іншага. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

51. Сяргей Навумчык. Дзевяноста чацьверты. 2015 (PDF) (EPUB) Як карнавал дэмакратыі ў 1994 ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары. (Прэзэнтацыя)

50. Невясёлыя карцінкі. 2014 (PDF) Кожны будні дзень цягам пяці гадоў публікаваліся сатырычныя малюнкі мастака ДэЛёз, у якіх паказвалася беларуская (і ня толькі) рэальнасьць без касмэтыкі і бяз пафасу. У альбоме, які сабраў найлепшыя карцінкі, таямнічы мастак сустракаецца з загадкавым паэтам ДаСьлёз, і разам яны запрашаюць у камічную опэру жыцьця. (Прэзэнтацыя)

49. Юры Дракахруст. Сем худых гадоў. 2014 (PDF) У кнігу ўвайшлі 63 блогі, якія публікаваліся на сайце svaboda.org ад 2008 да 2014 году. Гэта і хроніка бягучых падзеяў, на якія аўтар апэратыўна адгукаўся, але адначасна і спроба разгадаць загадкі беларускай будзённасьці, вызначыць сэнсы таго, што адбываецца, прадбачыць трэнды пераменаў. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

48. Жыцьцё пасьля раку. 2014 (PDF) Гісторыі анкалягічных хворых, якія пасьпяхова лечацца, ведаюць, што рак — гэта не прысуд, і дапамагаюць іншым усьвядоміць гэта і змагацца з хваробай. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

47. Валянцін Жданко. Лісты пра Свабоду. 2014 (PDF) У выбраных лістах (2000–2014) з радыёперадачы «Паштовая скрынка 111» слухачы выказваюцца пра ролю і месца Радыё Свабода ў сваім жыцьці. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

46. Валянцін Жданко. Лісты на Свабоду. 2014 (PDF) Выбраныя старонкі радыёперадачы «Паштовая скрынка 111» прысьвечаныя надзённым праблемам сучаснага жыцьця ў Беларусі (2000–2014). (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

45. Альгерд Бахарэвіч. Каляндар Бахарэвіча. 2014 (PDF) Кнігу склалі 366 эсэ пра гістарычныя падзеі кожнага дня году. Гэтая кніга стваралася ў Гамбургу і Менску, Уроцлаве і Вісбю, у цягніках і гатэлях, на выспах і вуліцах, яна рухалася наперад няўхільна, быццам стрэлка гадзіньніка, і пісалася, як мастацкае палатно, каб урэшце загучаць, як музыка. (Прэзэнтацыя)

44. Анатоль Лябедзька. 108 дзён і начэй у засьценках КДБ. Дзёньнік палітычнага закладніка. 2013 (PDF) Турэмны дзёньнік Анатоля Лябедзькі — дэталёвае апісаньне пекла, якім стала для палітычных вязьняў «амэрыканка», сумнавядомая турма КДБ у цэнтры Менску, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. (Прэзэнтацыя)

43. Сяргей Навумчык. Дзевяноста першы. 2013 (PDF) Аўтар кнігі быў непасрэдным удзельнікам падзеяў лёсавызначальнага 1991-га. На падставе ўспамінаў і захаваных дакумэнтаў ён распавядае, як, кім і пры якіх абставінах была здабытая незалежнасьць Беларусі. (Прэзэнтацыя)

42. Юрась Бушлякоў. Жывая мова. 2013 (PDF) (Частка 1, Soundcloud) (Частка 2, Soundcloud) «Жывая мова» — калекцыя практычных эсэ пра тое, як гаварыць па-беларуску правільна і прыгожа. На працягу сваёй рэдактарскай працы на Радыё Свабода аўтар выяўляў складаныя, спрэчныя ці памылковыя моманты ў жывой мове, аналізаваў іх і даваў парады, якія склалі цыкль радыёперадачаў і ляглі ў аснову гэтай кнігі. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

41. Алег Грузьдзіловіч. Хто ўзарваў Менскае мэтро? 2013 (PDF) Аналіз судовага працэсу над абвінавачанымі ў тэракце ў менскім мэтро, дзе 11 красавіка 2011 году загінулі 15 чалавек. Рэпартаж з судовай залі, галасы падсудных і пацярпелых. Аўтар таксама дае асабістую ацэнку пабачанаму і пачутаму. (Прэзэнтацыя)

40. Юры Бандажэўскі Турма і здароўе. 2013 (PDF) Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў дапаможнік, адрасаваны вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі. (Прэзэнтацыя)

39. Валер Каліноўскі. Справа Бяляцкага. 2012 (PDF) (Soundcloud) Гэтая кніга ня столькі пра крымінальную справу № 11081100188, паводле якой Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года турмы, колькі пра справу ягонага жыцьця — абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека. (Прэзэнтацыя)

38. Альгерд Бахарэвіч. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. 2012 (PDF) «Падручнік беларускай літаратуры ХХІ ст.» Суб’ектыўны погляд пісьменьніка на беларускую літаратурную клясыку. (Прэзэнтацыя)

37. Саўка ды Грышка. Сто песень. 2010-2012. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2012 Поўны збор запісаў сатырычнага дуэту Лявона Вольскага з самім сабой на Радыё Свабода. (Прэзэнтацыя)

36. Слоўнік Свабоды: XX стагодзьдзе ў беларускай мове. 2012 (PDF) Слова на дзень для памяці і для роздуму. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

35. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду. 2012 (PDF) (Soundcloud) Гісторыя Беларускай Сьпеўна-Драматычнай майстроўні (1981-1984) у асобах. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

34. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. Аўдыёкніга. 2012

33. Уладзімер Арлоў. Пакуль ляціць страла. 2012 (PDF) (YouTube, Аўдыёкніга) (Soundcloud) Сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэчаў у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрах і ва ўнівэрсытэтах. (Прэзэнтацыя)

32. Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011. 2011 (PDF) Кніга храналягічна і тэматычна працягвае выданьне сэрыі «Адзін дзень палітвязьня» (2009), у якім даваліся партрэты апанэнтаў аўтарытарнага рэжыму, што былі зьняволеныя ў Беларусі ў 1996-2008 гады. (Прэзэнтацыя)

31. Аляксандр Лукашук. Сьлед матылька. Освальд у Менску. 2011 (PDF) (YouTube, аўдыёкніга) (Soundcloud) Гісторыя двух гадоў жыцьця ў беларускай сталіцы Лі Гарві Освальда — амэрыканскага грамадзяніна, які стаў забойцам прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

30. Альгерд Бахарэвіч. Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча. 2011 (PDF) Антынавуковае выданьне для шырокага кола дактароў-самавучак. (Прэзэнтацыя)

29. Саўка ды Грышка. Песьні праўды. Год першы. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2011. (YouTube) Зборнік песень рок-сьпевака Лявона Вольскага, якія ён прэзэнтаваў у праекце Радыё Свабода «Саўка і Грышка». (Прэзэнтацыя)

28. Вячаслаў Ракіцкі. Сто адрасоў свабоды 1980-2010. 2011 (PDF) Спроба пазначыць 30 год змаганьня за дэмакратыю і незалежнасьць, удзельнікам ці сьведкам чаго быў сам аўтар. (Прэзэнтацыя)

27. Галасы салідарнасьці. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2011 (Мікрасайт на аснове DVD-дыска) Былыя прэзыдэнты ЗША і Чэхіі Джордж Буш і Вацлаў Гавэл, усясьветна вядомыя дысыдэнты, філёзафы, парлямэнтары, міністры, пісьменьнікі, праваабаронцы чытаюць імёны людзей, якія пацярпелі за дэмакратыю ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010 году.

26. Галіна Руднік. Птушкі пералётныя. 2011 (PDF) (Soundcloud) Успаміны вэтэрана Свабоды. Дзяцінства ў краіне Сталіна, юнацтва ў нямецкіх лягерах уцекачоў і ўсё астатняе жыцьцё — з Радыё Свабода. Расповед, які зьнітоўвае лёс выдатных людзей 20 стагодзьдзя. (Прэзэнтацыя)

25. Сто бардаў Свабоды. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2011 Гэта зборнік гутарак і песень 100 удзельнікаў аднайменнай перадачы Радыё Свабода.

24. Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. Кніга другая: Міты і брэнды калянізаванай нацыі. 2010 (PDF) (Soundcloud) Шукае нашае ў чужым, чужое ў сваім і сваё ў нашым. Вячаслаў Ракіцкі гутарыць зь вядомымі філёзафамі, гісторыкамі, культуролягамі, пісьменьнікамі пра нацыянальныя і каляніяльныя міты і брэнды двух апошніх стагодзьдзяў. (Прэзэнтацыя)

23. Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Аўдыёкніга, 2010. (Soundscloud) Кніга гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня. (Прэзэнтацыя)

22. Барды Свабоды. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2010 (Soundcloud) Гэта зборнік гутарак і песень 50 ўдзельнікаў аднайменнай перадачы радыё Свабода. Цягам амаль двух гадоў кожны тыдзень на Радыё запісваліся барды, і вядомыя, раскручаныя, і зусім маладыя. З найлепшых іх твораў склалі дыск. (Прэзэнтацыя)

21. Міхась Скобла. Вольная студыя. 2009 (PDF) (Soundcloud) 50 гутарак пра свабоду думаць, ствараць і памятаць у сучаснай Беларусі. Інтэлектуальны і эстэтычны фэст, вяршыня дзесяцігадовага радыёцыклю аўтарскіх штонядзельных дыялёгаў з выдатнымі сучасьнікамі. (Прэзэнтацыя)

20. Сяргей Дубавец. Як? Азбука паводзінаў. 2009 (PDF) Мадэлі сучаснай этыкі ад «А» да «Я» аўтар сабраў у энцыкляпэдыю паводзінаў: як бараніцца і як галасаваць, як дараваць і як любіць, як сябраваць і як хітраваць? Няўжо разам з эпохамі зьмяняецца ня толькі сьвет вакол нас, але й нашы ўласныя ўяўленьні пра «вечнае», пра багацьце й беднасьць, геройства й прыстасаванства, а ўрэшце — пра дабро і зло? (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

19. Акцэнты Свабоды. 2009 (PDF) Парадоксы станаўленьня беларускай нацыі і дзяржаўнасьці, беларускі аўтарытарызм і змаганьне за дэмакратыю, Беларусь паміж Усходам і Захадам — тэмы круглых сталоў, за якімі адказы шукаюць вядомыя беларускія і замежныя экспэрты і палітыкі. (Прэзэнтацыя)

18. Адзін дзень палітвязьня. 2009 (PDF) Сярод герояў кнігі — паэт, мастак, геадэзіст, старшыня калгасу, лекар, прэм’ер-міністар, пасол, палітыкі, грамадзкія актывісты, праваабаронцы, прадпрымальнікі, дэпутаты, журналісты, міністры. Усіх іх аб’ядноўвае зьняволеньне з палітычных матываў у часе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. (Прэзэнтацыя)

17. Начная чытанка-2: 50 аўтараў з этэру «Начной Свабоды». Мультымэдыйны дыск. 2009. (Soundcloud)

16. Пётра Садоўскі. Мой шыбалет: Аўтабіяграфічныя арабэскі. 2008 (PDF) (YouTube, Аўдыёкніга) (Soundcloud) Беларускі шлях ад Фройда да Майсея. (Прэзэнтацыя)

15. Івонка Сурвіла. Дарога: Стоўпцы — Капэнгаген — Парыж — Мадрыд — Атава — Менск. 2008 (PDF) Прыгожая кніга самай прыгожай старшыні Рады БНР. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

14. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 2007 (PDF) 261 партрэт герояў беларускай свабоды. Кніга — дапаможнік для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш. (Прэзэнтацыя)

13. Начная чытанка-1: 50 аўтараў з этэру «Начной Свабоды». Мультымэдыйны дыск. 2007 (Soundcloud)

12. Вінцэсь Мудроў. Альбом сямейны. 2007 (PDF) (Soundcloud) Страшныя, сьмешныя, забытыя словы савецкага часу — ад палёту Гагарына да выбуху ў Чарнобылі. Плюс фэерычная рэакцыя слухачоў. (Прэзэнтацыя)

11. Плошча. 19.03–25.03.2006. 2006 (PDF) Хроніка масавых пратэстаў сакавіка 2006 году, калі ў адказ на абвешчаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у цэнтры Менску паўстаў намётавы лягер. Кругласутачныя рэпартажы, каляровыя фота, званкі на «Свабоду» — нацыянальная акустыка менскага цуду. (Прэзэнтацыя)

10. Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. 2006 (PDF) (Soundcloud) Бог, сэкс, магія, сны, гарэлка, інтрыгі, бойкі, улада — жыцьцё і сьмерць па-беларуску і ў эўрапейскім кантэксьце. Гутаркі з гісторыкамі, фальклярыстамі, пісьменьнікамі — так пра айчынную гісторыю яшчэ не гаварылі. (Прэзэнтацыя)

9. Сяргей Дубавец. Вострая Брама. 2005 (PDF) (Soundcloud) Беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў — адкрыцьці, парадоксы і правакацыі, выбраныя старонкі найноўшага нацыянальнага дыскурсу. Інтэлектуальны фэст. (Прэзэнтацыя)

8. Быкаў на Свабодзе. 2-е выд. 2005 (PDF) Новае выданьне дапоўненае не вядомымі раней аўтарскімі тэкстамі, інтэрвію, лістамі, малюнкамі, фота і ўспамінамі. Клясыка жанру. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

7. Аляксандар Лукашук. Прыгоды АРА ў Беларусі. 2005 (PDF) (Soundcloud) Авантурная гісторыя самай забытай у ХХ стагодзьдзі амэрыканскай гуманітарнай дапамогі ў 1920–1923 гг. Аўтар знайшоў сваё прозьвішча сярод атрымальнікаў дапамогі і зрабіў любоўную рэканструкцыю эпохі. Не раўнуючы машына часу. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

6. Рыгор Барадулін. Дуліна ад Барадуліна. 2004 (PDF) (Soundcloud) Показкі, эпіграмы, міні-оды «Свабодзе» ды іншыя бессаромныя жэсты, у т. л. эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца». Бо праўды не заглушыш. (Прэзэнтацыя)

5. Быкаў на Свабодзе. Аўдыёдыск, 2004. (Soundscloud) Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

4. Быкаў на Свабодзе. 2004 (PDF) Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы». Брама скарбаў, адкрытая для ўсіх, хто любіць Быкава. (Прэзэнтацыя)

3. Poems on Liberty: Reflections for Belarus. 2004 (PDF) Выбранае з кнігі «Верш на Свабоду» па-беларуску і па-ангельску. Бліскучыя пераклады фантастычнай вялікабрытанкі Веры Рыч.

2. Дарога праз Курапаты. 2002 (PDF) Гісторыя безразважнай абароны месца масавых пахаваньняў ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі. Унікальны ў гісторыі журналістыкі дакумэнт штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу васьмі месяцаў. Кніга абароненай годнасьці. (Прэзэнтацыя) (Буктрэйлер)

1. Верш на Свабоду. 2002 (PDF) (YouTube, аўдыёкніга) Анталёгія арыгінальнай паэзіі, якая гучала на хвалях «Свабоды» штодня ўвесь 2001 год. Аўтары — нобэлеўскія ляўрэаты і паэты-выгнаньнікі, самаму маладому — 10 гадоў, найстарэйшаму — 92. Свабода — мова, на якой Бог гаворыць з чалавекам, а чалавек — з Богам. У кнізе — фрагмэнты гэтай размовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG