31 траўня спаўняецца 70 гадоў нобэлеўскай ляўрэатцы ў галіне літаратуры Сьвятлане Алексіевіч. У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» двума выданьнямі выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе» — зборнік інтэрвію, дыскусій, рэпартажаў зь пісьменьніцай і пра яе.
Да 70-годзьдзя першай беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі мы адабралі 70 цытатаў з кнігі.
Пра чалавека
Мы — людзі эпохі войнаў, рэвалюцыяў, развалаў, і іншага досьведу ня маем. Мы — людзі культуры барацьбы, культуры вайны, супрацьстаяньня і разбурэньня. Але чалавек створаны ня толькі для таго, каб закрыць дзот, падняцца на дах рэактара, скончыць самагубствам з-за таго, што ідэя загінула. Напэўна ж, Божы замысел іншы. (Cакавік 1999)
Пра рэчаіснасьць
Мы не любілі і ня любім мець справу з жорсткаю і зусім непрыемнаю рэчаіснасьцю. Вы прыгадайце, што перажылі нашы людзі за апошнія 50 гадоў: Сталіна, лягеры, войны, Чарнобыль, развал імпэрыі. Гэтая імпэрыя, крывавая і жахлівая, была ўсё ж абжытая людзьмі, і вось усё гэта абрынулася. Тое, што ва ўсім вінаватая расейская палітыка, ці пераважна яна — я мяркую, што гэта верхні слой. Мы часам задавальняемся такімі тлумачэньнямі, баючыся дадумаць рэчы да канца, да разуменьня, што праблема — у нас саміх. (Сьнежань 2002)
Пра барыкады
Мы —закладнікі закладнікаў. Нам даводзіцца страчваць шмат энэргіі на культуру барацьбы, на барыкаду. Але барыкада — вельмі небясьпечнае месца, і ня толькі для мастака, але і для чалавека ўвогуле. Калі мы ўжо апынуліся на барыкадзе, то трэба не захлынуцца жарсьцямі і памятаць, што на барыкадзе вельмі цяжка застацца чалавекам. (Сьнежань 2002)
Пра Быкава
Я не пасьпела сказаць яму пра тое, што я яго вельмі люблю. У гэты цяжкі час ён уратаваў годнасьць усіх нас, нашу нацыянальную годнасьць. Шмат у якіх краінах я чула: «Дзе вы, дзе гэты беларускі народ, дзе гэтая беларуская мова, дзе беларуская эліта?» Аднак пры гэтым заўжды гучала рэфрэнам: «Але ў вас ёсьць Быкаў». Штосьці для нас усіх сышлося ў гэтай асобе, хаця здавалася, што мы маем справу з народам і часам, калі няма ніякіх апосталаў, праведнікаў, прапаведнікаў. Не, як высьвятляецца, ёсьць. У нас быў гэты чалавек. (Чэрвень 2003).
Пра паразу
Мы ўсе адчуваем паразу. Можна казаць пра фальсыфікацыі. Зразумела, была манаполія на інфармацыю, было замбаваньне. Але разам з тым я павінна прызнаць, што гэта — перамога Лукашэнкі, як бы мы сябе ні суцяшалі. Самае сумнае, што мы ня ведалі ўласны народ, мы беглі дзесьці наперадзе яго й аглядаліся то на Захад, то на Расею, а не на ўласны народ. А ён аказаўся вось такі, і ён слухае гэтага чалавека, ён выбірае гэтага чалавека, ён закладнік гэтага чалавека. (Лістапад 2004)
Пра маленькага дыктатара
Дыктатура маленькага чалавека — гэта самае жахлівае, што адбываецца сёньня, асабліва ў нашай краіне. (Лістапад 2004)
Пра сорам
Апазыцыя стала аб’ектам кпінаў, але я б хацела сказаць менавіта беларусам: «Не гуляйце ў гэтыя гульні, таму што апазыцыя такая, якую вы нарадзілі. Вы перадаверылі гонар і годнасьць нацыі купцы людзей. Яны вось такія, магчыма, у чымсьці наіўныя, магчыма не заўсёды ўяўляюць рэальныя працэсы. Але яны такія, якія мы ёсьць». Сёньня нас не ўратуюць ні дарогі, ні палацы — нам калі-небудзь будзе сорамна за гэты час. Мы ўсе ці разгубіліся, ці вырашылі перачакаць. Мы страцілі гэты шанец, які гісторыя нам выпадкова падаравала. Можа, таму і страцілі. (Лістапад 2004)
Пра прамежкавы час
Гэта вялікая аблуда, што мы, беларусы, больш-менш сытна перажылі гэты прамежкавы час. Прыйдзе час, і мы апынемся ззаду ўсіх — гэта цалкам відавочна. Вы думаеце, талерка баршчу — гэта дастаткова? Можна, зразумела, кожны дзень усыпляць людзей гэтай талеркай баршчу, гэтымі дажынкамі, пажынкамі, такімі правінцыйнымі спэктаклямі. Але гісторыя — гэта нешта зусім іншае. Яна сыходзіць у нас між пальцамі. (Лістапад 2004)
Пра стабільнасьць
Самае стабільнае месца ў сьвеце — гэта турма. Гэта тое, што з намі і адбываецца — турэмная сьвядомасьць, турэмная пайка, ізноў жа самыя чэсныя людзі — гэта наглядчыкі. Гэта мысьленьне ўчорашняга й заўчорашняга дня. Уявіце сабе, якім гэты чалавек выйдзе з турмы, з гэтай талеркай баршчу, з татальнай, як яму здаецца, абароненасьцю. Гэты чалавек будзе няздольны да будучыні, гэта дзіця, ён выйдзе ў агромністы сьвет, які ад яго зачынялі, якога яго прывучалі баяцца, бо наглядчыкі самі ўяўленьня ня мелі пра гэты сьвет. У гэтага сьвету ёсьць свае крызісы, праблемы, але гэта — чалавечы сьвет, гэта сьвет шчырага пошуку, шчырых памылак. (Лістапад 2004)
Пра Захад і Беларусь
Не «Эўропа нас не прыняла». Я шмат езьдзіла ў часы, калі быў Шушкевіч. Эўропа тады павярнулася да Беларусі, дастаткова прыгадаць візыт Клінтана, ягоную сустрэчу зь Зянонам Пазьняком. Эўропа не адштурхоўвала нас, магчыма яна пераблытала нас з Прыбалтыкай ці спалучыла ў сваім уяўленьні. Але мы аказаліся іншымі, мы апынуліся паміж. Эўропа нас прыме, і ня трэба казаць, што яна нас не прымае. Але яна, зразумела, ня прыме нас такімі, якія мы ёсьць цяпер. (Лістапад 2004)
Пра ідэі
Патрэбныя ідэі. Але чым больш я слухаю і гавару, тым болей чую тое самае — або ілюзіі, або суцяшэньні, або канфармізм. Можа, нам усім трэба памаўчаць і прыставіць вуха да вуліцы? (Лістапад 2004)
Пра перапісваньне гісторыі
Я думаю, што мы ў сябе дома, у Беларусі, ня вырашылі праблему канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Паколькі ў нас няма такіх моцных гістарычных апірышчаў, вакол якіх можна было б сабраць нацыю, сканструяваць яе, то дзеля добрых, я б сказала, рамантычных мэтаў спрабуюць дзесьці прыдумаць, дзесьці перапісаць мінулае. Гэта не заўсёды адпавядае праўдзе. Што тычыцца вайны, то я чытала і польскіх, і нашых гісторыкаў, і мне падаецца гэта перапісваньнем гісторыі, перапісваньнем дзеля высокай мэты — зрабіць нацыю. Але я думаю, што гісторыя ня любіць такіх перапісваньняў, і потым яна адпомсьціць за гэта. (Травень 2005)
Пра душу
Гераізм як такі — не прадмет маіх кніг і майго інтарэсу. Я займаюся дасьледаваньнем чалавечага духу, чалавечых пачуцьцяў. Я дасьледую, што чалавек знаходзіць у гэтым вар’яцтве, калі ён можа забіць іншага, калі нават абавязаны забіць дзеля чагосьці. Мяне цікавіць тое, што адбываецца не на тэрыторыі дзяржавы, а на тэрыторыі чалавечай душы. (Травень 2005)
Пра палітыкаў і народ
Нас нічому не навучыў нават досьвед паразаў 90-х гадоў, калі мы мелі такую моцную фігуру, як Пазьняк. Паставіўшы дэмакратыю ззаду, а мову наперадзе, мы прайгралі нават у той час, калі быў вялікі запас веры ў людзях, калі была вельмі моцная хваля антыкамунізму. І мяне зьдзіўляе, што высновы ня зробленыя, і гэта прымушае думаць — у нацыянальным крыле няма палітыкаў, я чую галасы культуролягаў, а не рэальных палітыкаў. Яны не ўяўляюць рэальны народ, яны ўяўляюць уласную мару аб народзе. (Жнівень 2005)
Пра дзяржаўнае будаўніцтва
Трэба падзяляць дзьве задачы: дэмакратычная дзяржава і нацыянальная дзяржава. І гэта ня толькі дзьве розныя задачы, але і два этапы — спачатку дэмакратычная дзяржава. Калі б мы гэта сказалі ў 1990 годзе, мы б мелі дэмакратыю, а потым і Беларускі ліцэй, і Беларускі ўнівэрсытэт, і беларуская студэнцтва, і беларускі садок. (Жнівень 2005)
Пра сябе
Я не адмаўляюся ад таго, што я беларускі пісьменьнік. Я не адмаўляюся ад таго, што я чалавек сьвету. Я не адмаўляюся ад таго, што я выхавана больш на расейскай культуры, на расейскіх ідэях. Напрыклад, я не магла б напісаць чарнобыльскую кнігу бяз Фёдарава, Дастаеўскага, Цыялкоўскага. (Сакавік 2006)
Пра чалавека з пункту гледжаньня Бога
Вось калі паглядзець на сьвет з пункту гледжаньня Бога: ці існуе для яго асобна расеец, беларус, кітаец? Для яго ёсьць чалавек. Таму я, напісаўшы кнігу пра Чарнобыль, адзначала: ідучы па мёртвай, заражанай радыяцыяй зямлі, ты адчуваеш сябе не расейкай, беларускай, францужанкай, ты адчуваеш сябе прадстаўніком біявіду. Ты адчуваеш сябе зусім. Там зямля вельмі хутка забывае чалавека. Там трава ўжо па плечы аленям. (Сакавік 2006)
Пра свабоду
Уласна, мы аказаліся няздольныя скарыстацца свабодай, тут жа яе аддалі ў рукі першага, хто трапіўся, таго, хто гатовы быў яе схапіць і падмануць нашы чаканьні. (Сакавік 2006)
Пра рэвалюцыю
Я чалавек самотнай працы, чалавек думаньня. Мая прафэсія, я лічу — дадумваць рэчы да канца. Я дрэнна сябе ўяўляю з мэгафонам на вуліцы, хоць я паважаю гэтых людзей і разумею, што такая форма пратэсту сёньня магчымая. Але я супраць рэвалюцый, супраць энэргіі натоўпу. Я ўсё ж за асьветніцтва. За працу, якую трэба рабіць разам з часам. (Сакавік 2006)
Пра нацыю патэнцыялу
У нас спынены гістарычны час. Можна сказаць, што Беларусь — гэта музэй. Паедзеш ва Ўкраіну — там зусім іншыя працэсы. Там ёсьць рух. У нас час спынены ўладай.
Але разам з тым калі я гутару зь людзьмі, я бачу, што грамадзтва і людзі асобныя разумнейшыя і за сваю эліту, і за сваю ўладу. Я думаю, што гэта выклікае надзею ў тым пляне, што мы — нацыя патэнцыялу. Гэты патэнцыял назапашваецца і ўмацоўваецца. Рана ці позна ён неяк прарвецца. (Сакавік 2006)
Пра выратаваньне
Я была дачкой савецкага афіцэра. Мой бацька ажаніўся з украінкай, сам бацька — беларус з Палесься. Я нарадзілася ў Івана-Франкоўску. І я памірала, бо савецкія войскі змагаліся з «бандэраўцамі», і нельга было нічога купіць. Я памірала ад рахіту. Тады мой бацька, таварышы неяк перакінулі яго празь сьцяну кляштара, падышоў да настаяцельніцы, стаў перад ёй на калені і сказаў: «Я савецкі афіцэр, вы можаце мяне забіць, можаце мяне ненавідзець, але Вы ж верыце ў Бога, Вы маглі б выратаваць маё дзіця. Мая жонка — украінка». Ігуменьня сказала, што хай твая жонка прыходзіць кожны дзень, і яна будзе атрымліваць казінае малако. «Але ты больш не прыходзь у гэты дом. Мы ня любім вас, але дзіця мы ня можам ня выратаваць». (Сакавік 2006)
Пра выпрабаваньне
Мы вучым іншы сьвет, як ня трэба жыць. Гэта — нашае наканаваньне. Гэта — пастка нашай культуры, але ў мяне ёсьць надзея, што Чарнобыль павінен вызваліць чалавека. Нам дадзена гэтае выпрабаваньне, каб мы яго прайшлі. Незразумела, чаму першыя павінны гэта прайсьці мы — найменш падрыхтаваныя да гэтага. Можа, таму, што мы такая нявінная, дзіцячая нацыя, можа, таму нам дадзенае такое выпрабаваньне. (Красавік 2006)
Пра спазьненьне
Мы, зразумела, нацыя, якая спазьнілася, мы дагэтуль молімся на тыя ідэі, ад якіх сьвет ужо адмовіўся, і цешым сябе надзеямі, якія сьвет ужо паспрабаваў і зь якімі разьвітаўся. Сьвет зразумеў, што галоўны прадукт цывілізацыяў — гэта катастрофы. Пакрысе, паволі выпрацоўваецца альтэрнатыўнае мысьленьне — зь іншымі крыніцамі энэргіі, зь іншым стаўленьнем да ўсяго жывога, зь іншымі паняцьцямі права і адказнасьці. У нас аб гэтым нават і пытаньне не стаіць. (Красавік 2006)
Пра Чарнобыль
Чарнобыль для нас — гэта сапраўды Чарнобыльскі шлях, гэта вельмі доўгі шлях. Усе гэтыя нашы палітычныя баталіі, усе гэтыя сувэнірныя асобы, якія зьяўляюцца на нашай зямлі, са знакам плюс ці мінус — з пункту гледжаньня радыенуклідаў, якія жывуць тысячы гадоў, усё гэта пыл і нікчэмнасьць. Але мы павінны пачаць гэтую інтэлектуальную працу. Можа, хаця б зьбіраць міты, веды, сапраўдную праўду. Гэта вельмі доўгі шлях. Чарнобыль — гэта наш лёс. (Красавік 2006)
Пра каханьне
З каханьнем усё складана. Сам досьвед экзыстэнцыяльны вельмі складаны. Кожны з нас ставіць перад сабой гэтае пытаньне — самае таямнічае, самае карэннае пытаньне жыцьця: «навошта?» З аднаго боку, каханьне «дано нам в утешенье», каб было ня страшна памерці, а зь іншага боку, дае сэнс нашаму жыцьцю, бо чалавек мае нейкую большую місію, чым толькі прызнаць сябе часткай біялягічнага ланцужку — нарадзіць дзяцей, працягнуць свой род. Калі нашы людзі вырашаць матэрыяльныя пытаньні, наядуцца, для іх гэтыя пытаньні стануць вельмі сур’ёзнымі, бо яны галоўныя ў жыцьці. (Травень 2007)
Пра сур’ёзнага пісьменьніка
Справа ня ў тым, каб сабраць матэрыял, трэба сабраць філязофію. Сэнс сур’ёзнага пісьменьніка ў тым, каб штосьці пачуць на вуліцы. Флябэр сказаў, што ён чалавек-пяро. Я чалавек-вушы. Маё вуха на вуліцы. Я лічу, што пісьменьнік павінен першым сфармуляваць нейкія рэчы, якія знаходзяцца ў паветры. Першым сказаць пра гэта. (Травень 2007)
Пра фэномэн Лукашэнкі
Трэба аддаць належнае Лукашэнку, што ён вучыцца хутка, ён тое, што Арыстоцель называў палітычнай жывёлінай. І тут мы ўсе атрымалі паразу. Ён інтуіцыяй спаралізаваў уласны народ, накінуў яму ніжні ўзровень, узровень спажываньня. Нацыю нівэлявалі да вульгарнага ўзроўню спажываньня, таго, наконт чаго ўвесь сьвет крыкам крычыць, што гэта шлях у пустату. А ў нас гэта яшчэ называецца прагрэсам. (Ліпень 2007)
Пра камуністычную веру
Быў дзівосны чалавек, Мікалай Арэхва, і ён як ніхто даў мне зразумець трагедыю камуністычнай веры. Яго пасадзілі, за ім пасадзілі яго жонку, а ў часе вайны яго адпусьцілі на фронт. Ён вярнуўся з фронту ўжо з ардэнамі і мэдалямі, яго выклікаюць у КДБ і кажуць: «Мы вяртаем вам ваш партыйны білет». Ён кажа: «Я быў проста шчасьлівы». Яны сказалі: «Жонку вашу мы вам вярнуць ня можам, але мы вам вяртаем ваш партбілет». І ён зноў кажа: «Я быў шчасьлівы». Я кажу: «Хіба вы не кахалі сваю жонку, яна была што, проста партыйны таварыш?» Ён кажа: «Як вы можаце так думаць! Мая жонка была вельмі прыгожая, я ніколі потым ня здолеў пакахаць», і паказвае мне яе фатаздымак. Я кажу: «Дык як вы маглі так сказаць, што вы былі шчасьлівыя, калі яны забілі вашую жонку?» А ён кажа: «Як вы не разумееце, яны ж вярнулі мне білет!» «Але ж яны забілі вашу жонку!» І тут ён мне ў такой разьюшанасьці кажа: «Нас нельга судзіць паводле законаў лёгікі, нас трэба судзіць паводле законаў веры!». І тады я зразумела, якая гэта была рэлігія для гэтых людзей. (Жнівень 2007)
Пра катастрофу грандыёзных праектаў
Мы жывём у часе катастрофы грандыёзных праектаў. Я ня маю ўжо на ўвазе такія праекты ХХ стагодзьдзя, як камунізм і фашызм, гэтыя «магутныя» энэргіі, якія на гэтай эўрапейскай частцы адышлі ўжо ў гісторыю. Мы яшчэ карыстаемся гэтымі словамі, можна казаць пра нейкія прыкметы таталітарнасьці, але пра магутную дзяржаву нельга казаць, гэта ўжо іншае грамадзтва, атамізаванае, рассыпанае, гэта немагчыма. (Жнівень 2007)
Пра будаўніцтва АЭС у Беларусі
Я думаю, што гэта проста катастрофа. Што такое атамная станцыя? Гэта высокія тэхналёгіі. Грошы забясьпечваюцца валютным запасам. Высокія тэхналёгіі павінны быць забясьпечаны прынамсі сьвядомай палітычнай уладай, тэхналягічнай культурай, кадрамі, падрыхтоўкай масавай сьвядомасьці... У Чарнобылі людзі працавалі і жартавалі: наша патэльня, наш рондлік... За гэтым жаргонам стаяла розьніца, разрыў між сучасным чалавекам і гэтымі новымі тэхналёгіямі. У выходныя яны ехалі да сваіх маці і працавалі віламі і рыдлёўкамі на гародзе, а потым вярталіся і разважалі гэтаксама — патэльня, націсьнем тую кнопку, тую...
Беларусь, якая сёньня апынулася на тэхналягічных задворках, трэба сабе шчыра гэта ўявіць... І побач з гэтым такая ідэя — гэта яшчэ раз сьведчыць пра безадказнасьць улады і пра тое, што ўрок Чарнобылю не прачытаны. (Жнівень 2007)
Пра тое, што б сказала Лукашэнку
Я б яму сказала, што ягоны час прайшоў. Я не магу думаць, што ўсё, што ён зрабіў, можна цалкам выкрасьліць — напэўна, многія працэсы ўнікальнага пераходу ад сацыялізму да капіталізму, да якога ўсе, на жаль, ідуць — лепш бы мы ішлі да сацыял-дэмакратыі — у яго не хапіла культуры чалавечай і палітычнай пайсьці да сацыял-дэмакратыі. А такі шанец у яго быў... Гэта трагічная фігура. Калі б у яго цяпер хапіла мужнасьці сысьці, ён бы застаўся ў гісторыі, і я перакананая, што меркаваньні пра яго падзяліліся б. Але я думаю, што гэтага не адбудзецца. Аднак ягоны час скончыўся. (Жнівень 2007)
Пра прапаведнікаў
Людзям не патрэбныя прапаведнікі, сьвятыя, бо такі сёньня час — кожны сам сабе прапаведнік і настаўнік. Нельга нават зразумець, у чаго ці ў каго людзі вучацца — супэрмаркет іх вучыць, ці там Маркес, ці Янка Купала, ня ведаю... Складана штосьці зрабіць са словамі — яны нейкія ня моцныя, зь іх зьнікае энэргія, электрычнасьць... (Жнівень 2007)
Пра творчы мэтад
Мой жанр, у якім я працую, зьвязаны ня з тым, каб перапрацаваць агромністую колькасьць матэрыялу, я не ствараю калекцыю жахаў — націсьні кнопку тэлевізара, і жахаў будзе больш чым дастаткова, будзе жахліва выходзіць на вуліцу і вечарам не захочацца слухаць музыку... Матэрыял — гэта адно, хоць гэта цяжкая шахцёрская праца. Самае галоўнае — стварыць канцэпцыю, філязофію, прадставіць нейкі новы погляд на рэчы. (Жнівень 2007)
Пра таямніцу Чарнобыля
Чарнобыль быў нейкай таямніцай, я адразу гэта для сябе вызначыла зь першых паездак. Тут была і мэтафізыка, і нейкая новая філязофія — мы зазірнулі далей за ўсіх, чалавецтва не было ў гэтай прасторы, і патрыярхальная нацыя сутыкнулася з зусім новымі выклікамі, да якіх нават звышдзяржавы былі не падрыхтаваныя — і раптам беларускі і ўкраінскі селянін апынуліся з гэтым сам-насам і ўсё спазнавалі самі. (Жнівень 2007)
Пра місію
Я належу да такіх людзей, якія лічаць, што трэба спакойна рабіць сваю справу. Гэта як у апостала Паўла: бываюць такія часы, калі маіх казаняў ня чуюць, але гора мне, калі б я іх не казаў. Вось гэта маё стаўленьне да жыцьця. (Жнівень 2007)
Пра зьніклыя словы
Я нядаўна размаўляла са сваёй сяброўкай, яна чытала нейкую старую кнігу і кажа: божа, як мы агрубелі, колькі трэба ўсяго вяртаць сёньня ў літаратуры! Мы ведаем колеры — чырвоны, чорны, жоўты, а раней грэкі ведалі колер «хворай малпы», «колер ласося», «колер сонца, якое патухае ўначы» — маса рэчаў, якія мы страцілі па дарозе цывілізацыі... (Студзень 2007)
Пра радасьць жыцьця
Жыцьцё нашае не дае шмат нагодаў вельмі радавацца жыцьцю — але ў нас іншага часу ня будзе. Улада ніколі не расплачваецца адна, расплачваецца кожны з нас, кожны чалавек. Але ўсё роўна — гэтыя 70-80 гадоў жыцьця — гэта ўсё, што ў нас ёсьць. Калі мы будзем цаніць сябе, сваіх блізкіх, цаніць людзей і радавацца жыцьцю — неяк гэта будзе адбівацца і на ўсім астатнім, і зробіць значна болей, чым проста палітычныя атакі, на якія ўжо ў грамадзтва няма энэргіі. (Жнівень 2007)
Пра мэнтальнасьць беларусаў
Тое, што адбываецца зь Беларусьсю, залежыць не ад характару беларусаў — тут хутчэй справа ў масе гістарычных прычынаў. Не, зусім не ў мэнтальнасьці рэч, калі кажуць, што беларусы вось такія нібыта марудныя, сядзяць там у сваіх балотах, а потым ужо — выбух: партызанскі рух... Я так ня думаю. Проста Эўропа падзяліла постсавецкі сьвет на зоны сваіх інтарэсаў. А беларусы выпалі з-пад гэтай увагі. Прыбалтыка, напрыклад, была цікавая швэдам, немцам, гэтаксама як і іншыя. А мы апынуліся недзе пасярэдзіне, і паводле неабвешчанай дамовы трапілі ў сфэру інтарэсаў Расеі. Ня думаю, што тое зьвязанае з нашай мэнтальнасьцю. Тут справа ў гістарычных заканамернасьцях. Урэшце — у гісторыі. (Чэрвень 2008)
Пра тое, што кожны возьме з сабой Туды
Калі я прылятаю ў Менск, першае, што бачу ў аэрапорце, далей у горадзе — жанчыны на высокіх абцасах, размаляваныя, вельмі добра апранутыя, нібыта сёньня ва ўсіх іх нейкае сьвята... А ва ўсім сьвеце тое ўжо нецікава!
Я была ў кампаніі з каранаванымі асобамі, мільярдэрамі, дык па адзеньні цяжка здагадацца пра сацыяльны ранг чалавека: тыя самыя джынсы, тыя самыя акуляры — толькі іншы рахунак у банку. Усе занятыя абсалютна іншым, калі шукаюць сэнс у жыцьці. Сапраўды, з-пад вечка труны не пра тое ж будзе згадваць нябожчык, якія ў яго былі туфлі ці марка аўтамабіля? Зусім не пра тое... Адзін расейскі мільярдэр, які нечакана захварэў і чакаў найгоршага, сказаў мне: я ўсё маю, я ўсё паспытаў, але ў апошнюю мінуту буду ўзгадваць, як піў віно з туфліка каханай жанчыны.
Выходзіць, з сабой чалавек бярэ тое, што — Над. Над матэрыяльным. (Чэрвень 2008)
Пра гішпанскага караля і беларускіх дыпляматаў
Калі я прыяжджаю ў нейкую краіну, то мяне можа запрашаць любая амбасада, гішпанскі кароль, але ніколі не запросіць беларуская амбасада. А потым паціху яны могуць прыйсьці на пʼесу, штосьці шапнуць, і тое далёка ня ўсе... (Чэрвень 2008)
Пра тое, чаму піша па-расейску
Як я стамілася, калі мне 20 гадоў кажуць: чаму вы не размаўляеце па-беларуску, ня пішаце. І вось тое, што я раблю — гэта аўтабіяграфія ўтопіі, а савецкая ідэя размаўляла па-расейску. Я пра гэта пішу, а не пра расейскую ці беларускую гісторыю. Мяне цікавіць менавіта тыпаж савецкага чалавека. (Чэрвень 2008)
Пра лібэралізм
Я абсалютна савецкі чалавек, з савецкімі комплексамі, і я ганаруся гэтымі комплексамі. І не зьбіраюся таньчыць перад лібэральнымі каштоўнасьцямі, дзе маленькі чалавек ня ставіцца ні ў што. Хаця я — зацятая лібэралка. Але мне не падабаецца, што маленькі чалавек выкінуты з гэтага вазку, які скача невядома куды. Арыенціру няма. (Ліпень 2008)
Пра мужчын у сям’і
Ёсьць праблема адсутнасьці Дома, адсутнасьці сям’і, такое адчуваньне, што маеш справу з бяздомнымі людзьмі. Нібыта жывуць мужчына і жанчына разам, але спытаеш — ці памятаеце вы дзень вашай першай сустрэчы, дзень вашага шлюбу? У Эўропе гэта людзі памятаюць і сьвяткуюць. А ў нас калі прайшло 10–20 гадоў — ня памятаюць. Дні нараджэньня дзяцей — мужчыны ня памятаюць, кажуць — «здаецца, у сакавіку». (Верасень 2009)
Пра еднасьць
Я пагадзілася б з тым, што ў беларусаў няма агульнай ідэі, ім няма на чым абʼяднацца. Нацыянальная ідэя сёньня не працуе з гістарычных прычынаў. (Чэрвень 2011)
Пра бездапаможнасьць
Калі сядзяць палітвязьні, калі людзям, якія вылучаюцца, не даюць слова, калі столькі падману, хлусьні, удзельнічаць у гэтым проста непрыстойна. Мы ўсе апынуліся ў пастцы. З аднаго боку, трэба нешта рабіць, а з другога боку, поўнае бясьсільле і немагчымасьць нешта рабіць. Я бачу, што ўсе паралізаваныя. Гэта ўжо ня страх як такі, а гэта поўнае адчуваньне свайго бясьсільля, бездапаможнасьці. І амаль адчай. Ён ва ўсіх — і ў тых, хто езьдзіць на джыпе, і ў тых, хто цягне ад заробку да заробку. Гэта нейкі агульны адчай таго, што мы выпадаем з часу. (Верасень 2012)
Пра сьведчаньні
Кожны чалавек носіць гісторыю ў сабе ды зносіць, сыходзячы, з сабой. Толькі ў аднаго гэта дзьве старонкі, а ў другога — дзесяць... Літаратура ўжо не пасьпявае адлюстраваць усё гэта. Пісьменьнік спрабуе шукаць нейкія новыя словы, аднак энэргія зь іх сышла. Каму давярае цяпер наш сучасьнік? Гэта, зразумела, сьведкі, сьведчаньні... І гэтыя сьведчаньні важна сёньня захаваць на любым носьбіце — дыктафоне, камэры, тэлефоне... Ня важна як. Галоўнае — убачыць, пачуць. І зафіксаваць. Зафіксаваць гэты момант можа мастак, журналіст... (Кастрычнік 2012)
Пра жанчын у палітыцы
Я лічу, што калі абставіны зьменяцца, а яны зьменяцца, у палітыку ды грамадзкае жыцьцё прыйдзе шмат жанчын. Бо яны ёсьць, і іх рост як асобаў вельмі адчувальны. Яны растуць на тле гэтых падзеяў, на тле страху, нават асабістых стратаў, на той зьнявазе, якую мы перажываем як нацыя. Жанчыны «праб’юцца». Бо трымаць іх далей на другасных ролях проста немагчыма. (Кастрычнік 2012)
Пра дзьве маці
Я заўсёды казала, што ў мяне дзьве маці — беларуская вёска, у якой я вырасла, і расейская культура, у якой я выхоўвалася. Як можна ад іх адмовіцца? (Чэрвень 2013)
Пра беларускую мову
Беларуская мова для мяне — гэта і вясковыя краявіды, і вясковыя бабкі, сярод якіх я расла, празь беларускую мову я пазнавала сьвет жаночага голасу — я ніколі не лічыла і не лічу яе нейкай адсталай ці нясьпелай. (Чэрвень 2013)
Пра прымітыў аўтарытарызму
У нашым грамадзтве няма дыялёгу, у нас нейкі камандны стыль ва ўсім. Ну і зразумела, што дыктатура ці любая форма аўтарытарнай улады робіць наша жыцьцё вельмі прымітыўным. Уся піраміда сходзіцца недзе зьверху на адным чалавеку. Гэта як у партызанскім атрадзе — усё залежыць ад таго, што гэта за чалавек, ад узроўню яго адукацыі, ад узроўню яго разуменьня жыцьця. (Лістапад 2013)
Пра дэградацыю грамадзтва
Я павінна прызнаць, што ў савецкую эпоху — як ні дзіўна гэта будзе гучаць — мы жылі ў больш эўрапейскім часе. Таму што існавалі нейкія стандарты. Падпадаў Брэжнеў або Машэраў пад гэтыя стандарты ці не — але гэтыя стандарты існавалі. І быў акрэсьлены ўзровень патрабаваньняў да эліты. Я тут не кажу пра савецкую літаратуру, але ўсё ж размова тады ішла пра «чалавека на выраст». А цяпер людзей пакінулі самім сабе, цяпер няма ніякіх аб’яднальных ідэй, акрамя таго, каб выжыць. Трэба прызнаць, што грамадзтва дэградуе. (Лістапад 2013)
Пра наіўнасьць
Калі прыйшоў гарбачоўскі час, усе людзі рванулі — яны рванулі да нейкага справядлівага, сумленнага жыцьця. Гэта была, безумоўна, ілюзія. Мы тады былі наіўныя, праўда? І тое, што атрымалася, нікому не падабаецца — тое, як усё падзелена; тое, хто сёньня пры ўладзе; тое, якая цяпер улада; тое, што калі ў цябе ёсьць грошы, дык ты чалавек; а калі няма грошай, дык пайшоў ты пад стол і маўчы... (Лістапад 2013)
Пра нашу ролю
Калі ў 1990-х прыйшла свабода, людзі ня кінуліся чытаць Салжаніцына, асэнсоўваць, што адбылося, слухаць і чытаць беларускіх нацыянальных лідэраў, якія змагаліся ў свой час за Беларусь... Яны сталі «спрабаваць», езьдзіць, глядзець на сьвет. То бок іх зацікаўленасьць стала вельмі моцна матэрыяльнай. І нам абсалютна ня варта перабольшваць сваю ролю. (Лістапад 2013)
Пра эўрапейскую мару
Эўропа — гэта выкананая велізарная праца, і то не адным пакаленьнем. Я думаю, што размовы нашых маладых людзей пра Эўропу сьведчаць толькі пра тое, што яны ўяўляюць сабе Эўропу на ўзроўні мітаў. І Эўропу, і сваё месца ў ёй. Я не магу ўявіць, каб у нас пры такой колькасьці дзяцей з анкалягічнымі захворваньнямі не было таварыства мацярок у абарону гэтых дзяцей. У нас няма проціатамнага руху, няма моцнага экалягічнага руху, у нас няма сапраўднага валянтэрства. З гэтага тчэцца арганізм чалавечага жыцьця ў Эўропе. У нас нічога падобнага няма. (Лістапад 2013)
Пра апошнія 200 гадоў
Я жыву ў Беларусі і я лічу сябе беларускай пісьменьніцай. Адначасова я не магу адмовіцца ад расейскай культуры, проста я апынулася ў такім часе, дзе ўсе гэта было зьмешана, дзе ўсё гэта было як бы ў адным сплаве. І гэта немагчыма так агрэсіўна разьдзяліць. 90% Беларусі размаўляе на расейскай мове. І што вы з гэтым зробіце, нават калі на кожным скрыжаваньні вы будзеце крычаць, што трэба любіць родную мову? Каб любіць родную мову, трэба было па-іншаму пражыць апошнія 200 гадоў. Гэтай магчымасьці ў нашага народу не было. Але гэта ня значыць, што я не павінна яго любіць і паважаць. Проста гэты наш час існуе ў такім раскладзе. (Лістапад 2013)
Пра ўласны жанр
Мне заўсёды цікава — чаму ў паэта ніколі не пытаюць, чаму ён ня піша прозы? А ў мяне заўсёды пытаюць — а чаму вы ўсё ж так пішаце? Гэта мой жанр, з кніжкі ў кніжку я яго крыху мяняю, шмат што ўдасканальваю, нечага шукаю ў ім. Зразумела, я буду пісаць далей у гэтым жанры. Можна назваць гэты жанр «раманам галасоў», як называў яго мой настаўнік Алесь Адамовіч, або «саборным раманам»... Бо мне здаецца, што мы жывем у вельмі хуткім часе, і чалавек не пасьпявае ў гэтым часе сам за сабой. І толькі стварыўшы такі калектыўны партрэт, нам удаецца хаця б часткова даць вобраз часу. Я не хачу здраджваць самой сабе. (Лістапад 2013)
Пра ўтопіі
«Утопія» гаварыла на расейскай мове, і вось зрабіць мой праект, як я яго сабе ўяўляла, можна было толькі на расейскай мове.... Калі б я напісала гэтую сваю «мастацкую энцыкляпэдыю», назавем яе так, на беларускай мове, гэта была б няпраўда. Не гаварыў у савецкі час народ тут на беларускай мове. (Лістапад 2013)
Пра Беларусь
Беларусь — гэта там, дзе я расла, я іншых людзей проста ня ведаю. На самым пачатку, калі пасьля студэнцтва я працавала ў газэце, падзеі вясковага жыцьця былі маімі ўлюбёнымі тэмамі. Чалавек, які вырас сярод усяго гэтага, можа ставіцца да яго толькі зь любоўю. (Лістапад 2013)
Пра нацыянальнасьць
У Чарнобылі адбыўся пераварот усёй маёй сьвядомасьці. Раптам я чую аповед бортніка, што пчолы тыдзень не вылазілі з вульляў. Яны ведалі, мы — не. Рыбакі распавядалі, што чарвяка не маглі дастаць зь зямлі, чэрві сышлі ўглыб. Нядаўна я была ў чарнобыльскай зоне — са школы выбягаюць ваўкі. Зь іншага памяшканьня — статак кабаноў. Першае ўражаньне, што ты не беларуска, не расейка, не францужанка, а прадстаўнік біявіду, які можа зьнікнуць, як мятлік. Я прыехала адтуль з пачуцьцём яднаньня і з абсалютна касмапалітычным поглядам. Я зразумела, што ёсьць зямля, чалавек — і ўсё. Нашая нацыянальнасьць — чалавек. (Люты 2014)
Пра выбар
Самая галоўная бітва адбываецца не на барыкадах, не на Плошчы, не на Майдане. Самая галоўная бітва адбываецца, калі чалавек вырашае, ідзе ён на Майдан ці не ідзе, выдае ён кнігу ці не выдае, выганяе ён студэнта, які быў на Плошчы ці не, студэнт вырашае, іду я на Плошчу ці не. (Люты 2014)
Пра прафэсію пісьменьніка
У мяне шчасьлівая прафэсія, яна супадае з тым, што чалавек наогул павінен рабіць у жыцьці: абдумваць нейкія рэчы, гаварыць пра іх зь іншымі, з самім сабой. Такой прафэсіі можна толькі пазайздросьціць. Хоць, як казаў Ільля Эрэнбург, прафэсія цудоўная, толькі паміраем як шахцёры, у такой колькасьці. (Люты 2014)
Пра перамогу над камунізмам
Тым, хто старэйшы, я хацела б сказаць: ня трэба адчайвацца. Усё ж галоўнае мы зрабілі: камунізм пераможаны. А маладым людзям я хацела б сказаць: рыхтуйцеся да будучыні, яна ўсё адно прыйдзе. Будзе эўрапейская будучыня. Але рыхтуйце сябе — гэты час вельмі жорсткі... (Люты 2014)
Пра тонкі слой культуры
У сьвеце ідзе барацьба дабра і зла. І ніякая тэхналёгія нас ад гэтага не ўратуе. Людзі, якія былі ў лягерах, на вайне, казалі мне, што культура — гэта тонкі слой. У лягеры ён зьлятае за 10 дзён. На вайне — яшчэ хутчэй. Вось тэма, якая мяне заўжды хвалюе: як дапамагчы чалавеку ўпільнаваць у сабе чалавека. (Люты 2014)
Пра Пуціна ў расейцах
Гэта жаданьне маленькай пераможнай вайны вельмі глыбока сядзела. І гэтае імпэрскае пачуцьцё, «вялікая Расея», каб нас зноў баяліся. На жаль, тлумачэньні самыя банальныя. Але гэта не адзін Пуцін. Гэта насамрэч Пуцін у кожным з расейцаў. Я, напрыклад, згубіла вельмі шмат расейскіх сяброў, бо не магла падзяліць іх патрыятызм, іх узрушанасьць ад слова «аншлюс», «анэксія». Я чалавек маленькай нацыі, і мы зусім пазбаўленыя гэтых пачуцьцяў. (Красавік 2014)
Пра мову як супраціў
Мяне вельмі радуе цяперашняя цікавасьць да беларускай мовы, столькі людзей запісваецца на курсы. На сёньняшні момант — гэта форма супраціву. (Красавік 2014)
Пра прыклад
Украіна сёньня — прыклад для ўсіх нас. Вось гэтае жаданьне разьвітацца зь мінулым канчаткова — вартае павагі. Ва Ўкраіне адбываецца штосьці галоўнае для ўсіх нас, галоўны адказ на нейкія пытаньні, а ў нас не хапала сіл, ні інтэлектуальных, ні народных. А яны гэта зрабілі, хаця ім дорага гэта абышлося. (Верасень 2014)
Пра дом
Я хачу жыць дома, мне тут падабаецца, мне падабаюцца нашы людзі. Каб пісаць, трэба жыць тут. Хаця тое, што адбываецца вакол, палохае мяне. (Верасень 2014)
Пра рознасьць мэнталітэтаў
Нядаўна прыехала з Масквы і была вельмі ўзрушаная. Быццам бы разумныя інтэлектуалы, пісьменьнікі — і адкуль гэты патрыятычны чад, гэтая нянавісьць і да Эўропы, нянавісьць і да мінулага, і да таго, што адбылося? Гэта страшна.
Мне падаецца, у беларусаў гэта ўсё ня так. Побач з намі Эўропа, мы вельмі патрыярхальная краіна, і хрысьціянская культура адыгрывае сваю станоўчую ролю. У нас няма гэтай стыхійнасьці, гэтай вольнасьці нават у мэнталітэце. Гэта ўсё ж іншы сьвет. (Верасень 2014)
Пра жорсткасьць
Я думаю, што ў нашай культуры няма ніякага іншага досьведу, апрача досьведу гвалту. У нас няма досьведу радасьці, досьведу жыцьця, культуры радасьці, культуры жыцьця. У нас толькі досьвед гвалту, выжываньня, агулам — толькі ваенны досьвед. Сёньня і людзі паводзяць сябе таксама: паміж імі нейкія жорсткія дачыненьні. Дастаткова ўвайсьці ў тралейбус ці мэтро — і гэтая жорсткасьць і страх там разьлітыя ў паветры. Я вось жыву побач з маленькай царкоўкай і бачыла, як сьвятар асьвячаў дарагія машыны. А пасьля гэтага да іх уладальнікаў падышоў бомж. І яны, якія, здавалася, толькі што дакрануліся да Бога, пачалі яго гнаць зь нецэнзурнай лаянкай прэч... (Красавік 2015)
Пра час Украіны
Ва Ўкраіне адчуваецца дух часу, адчуваецца дух абноўленай нацыі, якая ня хоча, каб яе зацягвала ў расейскую яміну. Я хацела б верыць, што ў іх гэта атрымаецца, што не атрымаецца расейскага сярэднявечча, якое сёньня пачалося — зацягнуць украінцаў у стары час. (Травень 2015)