Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Apple зноў выдала беларускім праваахоўнікам зьвесткі аднаго акаўнту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле «справаздачы аб празрыстасьці» карпарацыі Apple, за другое паўгодзьдзе 2017 году беларускія ўлады даслалі адзін запыт аб раскрыцьці зьвестак карыстальніка прадуктаў кампаніі.

Запыт у Apple задаволілі і выдалі нейкія зьвесткі, але нічога з прыватнага кантэнту (кшталту фота ці перапіскі). Зь якім чалавекам і злачынствам быў зьвязаны запыт, у падобных справаздачах ніколі не ўдакладняецца.

Такая самая сытуацыя была у першай палове 2016 году: беларускія ўлады зрабілі запыт наконт аднаго акаўнту, Apple выдала зьвесткі, не зьвязаныя з кантэнтам. Да таго ж у першай палове 2015 году Apple атрымала ад беларускага боку два запыты наконт двух акаўнтаў, пра абодва раскрыла некаторыя зьвесткі, якія ня тычыліся кантэнту; у першай палове 2013 году атрымала зь Беларусі толькі адзін запыт, які не задаволіла.

За 2017 год іншыя буйныя IT-кампаніі — Facebook, Google, Microsoft і Twitter — не атрымлівалі ад беларускіх уладаў запытаў аб раскрыцьці пэрсанальных зьвестак карыстальнікаў. Раней былі выпадкі, калі карпарацыі атрымлівалі такія запыты, але адхілялі іх — яны пакідаюць за сабой права прааналізаваць законнасьць патрабаваньня.

Facebook і Google сьцьвярджаюць, што пакуль не задаволілі ніводнага запыту ад беларускіх спэцслужбаў наконт пэрсанальных зьвестак карыстальнікаў, Microsoft толькі аднойчы часткова задаволіла запыт, ня выдаўшы кантэнту.

На момант публікацыі Amazon яшчэ не публікавала «справаздачу аб празрыстасьці» за другую палову 2017 году, але ў папярэдніх не ўдакладняла, колькі запытаў зь якіх краінаў было атрымана і задаволена.

Колькі запытаў атрымлівала і задавольвала «ЎКантакце», якой валодае расейская Mail.ru Group, і колькі сама Mail.ru, не паведамляецца. Таксама такіх зьвестак не даюць расейскі «Яндэкс», мэсэнджэр WhatsApp, які цяпер належыць Facebook, мэсэнджэр Viber, які мае беларуска-ізраільскія карані, Telegram Паўла Дурава (які тэхнічна ня можа выдаць перапіску ў «сакрэтных чатах», толькі ў звычайных) і іншыя. Беларускі партал Tut.by таксама не публікуе справаздач аб супрацы са спэцслужбамі.

Тое, што карпарацыі заяўляюць, што не выдаюць зьвестак спэцслужбам, яшчэ ня значыць, што спэцслужбы ня могуць атрымаць іх незаконна, хакерскімі шляхамі — беларусы ня раз заяўлялі, што іх узломвалі спэцслужбы. Але ад узлому не абароненыя і самі праваахоўнікі.

Як праверыць, ці не ўзламалі вашыя сацсеткі злодзеі і спэцслужбы

7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG