Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​Лукашэнка: «Мы ня рвёмся ў міратворцы. У нас сваіх праблем больш чым дастаткова»


Аляксандар Лукашэнка выступае на форуме «Менскі дыялёг»
Аляксандар Лукашэнка выступае на форуме «Менскі дыялёг»

У межах форуму «Менскі дыялёг» кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выступае з дакладам у панэлі «Як зрабіць Усходнюю Эўропу рэгіёнам супрацоўніцтва, а не канфрантацыі».

Выступ Аляксандра Лукашэнкі быў заплянаваны першым. Разам зь ім у сэсіі ўдзельнічаюць генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер, намесьнік памочніка Генэральнага сакратара NATO ў палітычных пытаньнях і палітыцы бясьпекі Джэймс Апатурай і старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (2016-2017) Крыстын Мутанэн.

​Дзеля Аляксандра Лукашэнкі «Менскі дыялёг» перамясьціўся ў выставачны комплекс «БелЭкспа». Захады бясьпекі звычайныя для аховы беларускага прэзыдэнта: шмат ахоўнікаў, праверак, вакол будынка забаронілі паркавацца. Большую частку журналістаў у залю, дзе будзе адбывацца паседжаньне, ня пусьцяць. Яны будуць назіраць за сэсіяй з прэс-цэнтру і праз трансьляцыю.

«Шмат хто пачынае нас папракаць, што мы нібыта рвёмся ў міратворцы, — сказаў у сваім выступе кіраўнік Беларусі. — Мы нікуды ня рвёмся. У нас сваіх праблем больш чым дастаткова. Нашая зацікаўленасьць — у спакоі ва Ўкраіне. Калі ва Ўкраіне ня будзе міру, будзе горача ня толькі нам, але і ўсім вам. Гэты канфлікт як мага раней трэба ня проста пагасіць, але ліквідаваць».

«І ў гэтым вы можаце на нас разьлічваць, — запэўнівае ён. — Мы зробім усё, пра што дамовяцца бакі, якія канфліктуюць».

Далей у сваім выступе Аляксандар Лукашэнка апісвае кірункі міжнароднай палітыкі Беларусі.

«Беларусь — суверэнная дзяржава і дакладна ўсьведамляе сваё становішча ў міжнароднай восі каардынат, — кажа беларускі кіраўнік. — Мы не з Расеяй супраць Эўропы і не з Эўропай супраць Расеі. Для нас у прынцыпе непрымальнае пытаньне, з кім мы. Проста наша становішча дае адказ на гэтае пытаньне».

У залі выступоўцаў слухаюць удзельнікі форуму і беларускія ўрадоўцы. Сярод іх кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава, ейны першы намесьнік Максім Рыжанкоў, міністар інфармацыі Алесь Карлюкевіч, міністар абароны Андрэй Раўкоў і іншыя чыноўнікі.

Яшчэ пра «Менскі дыялёг»:

«Ва Ўкраіне не грамадзянская вайна. Там ёсьць расейскія войскі» — чыноўнік НАТО ў Менску

Паўтысячы ўдзельнікаў і Аляксандар Лукашэнка. Як працуе «Менскі дыялёг»

Міністар Макей распавёў, чаму Менск — «якасна новая» пляцоўка для дыялёгу

У сталіцы пачаўся Міжнародны форум «Менскі дыялёг». Фотарэпартаж

Топ-10 выказваньняў першага дня «Менскага дыялёгу»

Пяць пытаньняў і адказаў пра «Менскі дыялёг», на якім мае выступіць Лукашэнка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG