Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На блякаваньні сайту Legalize Belarus настаяла МУС


Пікет за легалізацыю марыхуаны ў Менску, 17 лютага 2018
Пікет за легалізацыю марыхуаны ў Менску, 17 лютага 2018

Сайт кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў legalize.by заблякавалі на падставе апавяшчэньня зь Міністэрства ўнутраных спраў. Пра гэта піша «Эўрарадыё» са спасылкай на Міністэрства інфармацыі.

Сьцісла:

  1. 18 траўня стала вядома, што Мінінфарм закрыў доступ да сайту legalize.by. Прычынай блякаваньня называюць прапаганду марыхуаны.
  2. Заблякаваны сайт напаўняўся англамоўнымі матэрыяламі пра дзейнасьць кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў Legalize Belarus.
  3. 19 красавіка кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што ягонае ведамства не вітае паслабленьня адказнасьці па «наркатычных» артыкулах, у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў.

Як казаў Свабодзе ўладальнік заблякаванага сайту Пятро Маркелаў, Мінінфарам даслаў яму на электронную пошту копію загаду аб блякаваньні доступу, падпісанага кіраўніком ведамства Аляксандрам Карлюкевічам.

Паводле Міністэрства інфармацыі, на сайце разьмешчаныя матэрыялы, якія прапагандуюць «небясьпечны наркатычны сродак марыхуана», ужываньне якога на тэрыторыі Беларусі забароненае. Прапаганда наркатычных сродкаў у СМІ і інтэрнэце забароненая артыкулам 38 Закону аб СМІ, тлумачаць у міністэрстве.

Пятро Маркелаў кажа, што сайт будзе напаўняцца і далей. Таксама рэдактары сайту будуць абскарджваць загад Міністэрства інфармацыі, «бо там няма ніякай прапаганды».

Актывіст Legalize Belarus: «Змагацца супраць наркотыкаў — гэта папулізм»

Пад пэтыцыяй за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў падпісаліся больш за 2000 чалавек, у тым ліку 1600 — у інтэрнэце. Яны заклікаюць увесьці вызначэньне малой колькасьці для кожнага кантраляванага рэчыва і адмяніць крымінальную адказнасьць за іх абарот у памерах, якія не перавышаюць вызначаных.

27 красавіка прадстаўнікі руху «Маці 328» абвясьцілі галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненьні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 16 траўня на партале pravo.by апублікавалі праект зьменаў у «наркатычныя артыкулы» Крымінальнага кодэксу.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG