Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад чаго могуць уратаваць зубныя ніткі


Сёньня пагаворым пра тое, што, на першы погляд, можа паказацца банальным і ня вартым увагі.

Чым небясьпечныя бактэрыі ў роце

Зьвярнуцца да праблемы дагляду зубоў нас прымусіла інфармацыя сайту Брытанскага герыятрычнага таварыства, згодна зь якой у гэтай разьвітай краіне з высокім адукацыйным цэнзам 1 з 4 дарослых людзей ня чысьціць зубы кожны дзень, а кожны трэці чалавек ніколі ў жыцьці не карыстаўся зубнымі ніткамі, якія дазваляюць больш якасна даглядаць зубы.

Лічыцца, што калі добра не выдаляць рэшткі ежы паміж зубамі (а гэта магчыма толькі пры карыстаньні зубнымі ніткамі), там застаецца да 40% хваробатворных бактэрый. Гэтыя бактэрыі шкодзяць ня толькі зубам, але пранікаюць у страўнікавы тракт і нават у кроў, што вядзе да агульнага пагаршэньня стану здароўя, павелічэньня ўспрымальнасьці да хвароб і алергіі.

Становішча ў сучаснай Беларусі

У краінах Усходняй Эўропы, да якіх адносіцца і Беларусь, у сувязі зь недастатковым даглядам зубоў 60% насельніцтва маюць хваробы пэрыядонту. У гэтай частцы кантынэнту толькі 40% людзей маюць стан, які завецца добрай стаматалягічнай функцыянальнасьцю — гэта калі ў чалавека ў наяўнасьці больш за 21 зуб, што дазваляе яму добра перажоўваць ежу.

дрэннае стаматалягічнае здароўе прыводзіць да зьніжэньня мышачнай сілы і ўзроўню фізычнай актыўнасьці

Такі стан стаматалягічнага здароўя вядзе да сумных наступстваў, бо чалавеку становіцца больш цяжка жаваць і ператраўляць ежу, гаварыць і нават усьміхацца, што прыводзіць да сарамлівасьці і зьніжае якасьць жыцьця.

Але дрэнныя зубы — гэта яшчэ і чыста фізычныя праблемы. Напрыклад, даказана, што дрэннае стаматалягічнае здароўе прыводзіць да зьніжэньня мышачнай сілы, узроўню фізычнай актыўнасьці, у сталым узросьце дрэнныя зубы вызначаюць разьвіцьцё спэцыфічнага стану здароўя, які завецца старэчай крохкасьцю.

Простая парада

Так што наша парада такая. Рэгулярна наведвайце стаматоляга, гэта зусім ня страшна пры сучасных тэхналёгіях! Ну і чысьціце зубы і карыстайцеся зубнымі ніткамі ня менш чым два разы на дзень. Гэта зьяўляецца адным з важных фактараў прафіляктыкі ня толькі стаматалягічных хваробаў, але і саматычных, найперш сардэчна-судзінных, цукровага дыябэту, а ў сталым узросьце — пнэўманіі.

А ёсьць яшчэ і эстэтычны эфэкт. Здаровы выгляд прыгожых зубоў мае бясспрэчнае эстэтычнае значэньне, што можа за кошт лепшага самаадчуваньня павысіць агульную якасьць жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG