Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пракамэнтаваў забарону акцыі «Несьмяротны полк» у Менску


Удзельнікі акцыі «Несьмяротны полк» у Менску 9 траўня 2018 году
Удзельнікі акцыі «Несьмяротны полк» у Менску 9 траўня 2018 году

Падчас сустрэчы з вэтэранамі і жыхарамі Менску на плошчы Перамогі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заклікаў не палітызаваць акцыю «Несьмяротны полк», якую часта атаясамліваюць з ідэямі «русского мира».

Што важна ведаць:

  • Лукашэнка паабяцаў арганізаваць шэсьце з партрэтамі ў наступным годзе, але заклікаў не палітызаваць яго.
  • Шэсьце ў Менску прайшло без затрыманьняў, каля тысячы чалавек несьлі ад Філярмоніі да турнікетаў на плошчы Перамогі партрэты сваіх родзічаў, якія ваявалі ў Другой усясьветнай, партрэты Леніна і Сталіна.
  • Арганізатар акцыі, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Валеры Драко паведаміў 7 траўня, што Менгарвыканкам забараніў акцыю «Несьмяротны полк».
  • Днём 8 траўня ў суполцы «Бессмертный полк. Минск» зьявілася інфармацыя, што шэсьце 9 траўня ў Менску ўзгоднена зь Менгарвыканкамам. Гарадзкія ўлады гэтага афіцыйна не пацьвярджалі і не абвяргалі.

Адказваючы на пытаньне пра забарону сталічных улад правесьці шэсьце ўдзельнікаў акцыі «Несьмяротны полк» з партрэтамі іх сваякоў, Лукашэнка нагадаў, што некалькі гадоў таму ў Дзень Перамогі ў Менску праводзілася шэсьце, удзельнікі якога разам з вэтэранамі, трымаючы ў руках партрэты, ішлі па праспэкце да плошчы Перамогі.

«Праўда, потым па ўсім сьвеце гэты так званы несьмяротны полк прайшоў. Гэта было даўно ў нас. Але вэтэраны папрасілі: мы, кажуць, ісьці ня можам», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка сказаў, што ў гэтай сытуацыі вэтэранам спачатку прапаноўвалі правезьці іх на аўтамабілях, каб ім было прасьцей браць удзел у шэсьці, аднак яны адмовіліся і папрасілі зрабіць фармат больш зручным для іх, і памятныя мерапрыемствы сталі праводзіць выключна на плошчы Перамогі.

«Але калі народ просіць зноў прайсьці з партрэтамі, сьцягамі і гэтак далей, у наступным годзе мы гэта арганізуем. Толькі ня трэба гэта палітызаваць і заяўляць, што мы ледзь не забараняем нешта. У Беларусі гэтага ніколі не было і ня будзе. Кожны мае права ўшанаваць памяць сваіх герояў, прайсьціся там, дзе ён лічыць патрэбным, з партрэтам і ўскласьці кветкі. Гэта вялікае, гэта сьвятое. Так будзе заўсёды ў Беларусі», — падкрэсьліў ён.

Акцыя «Несьмяротны полк. Менск», ініцыяваная прарасейскімі актывістамі, спачатку была забароненая Менгарвыканкамам. За дзень да акцыі расейскія СМІ паведамілі пра сустрэчу арганізатараў са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам — шэсьце нібыта дазволілі, але афіцыйных пацьверджаньняў гэтаму не было.

«Несьмяротны полк»: у Менску адзначылі Дзень Перамогі з партрэтамі Сталіна. ФОТА і ВІДЭА

Раніцай 9 траўня сотні прыхільнікаў «Несьмяротнага палку» сабраліся пад менскай Філярмоніяй, трымалі, сярод іншага, партрэты Сталіна і плякаты зь ягонымі цытатамі, ім раздавалі «георгіеўскія стужкі».

Шэсьце пад кіраўніцтвам былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў, камуніста Валера Драко прайшло па ходніках да плошчы Перамогі, дзе мелася далучыцца да дзяржаўных сьвяткаваньняў. Праваахоўнікі не заміналі шэсьцю, але да афіцыйных сьвяткаваньняў прапускалі толькі праз надгляд і мэталашукальнікі.

Рух «Несьмяротны полк» быў заснаваны ў Расеі ў 2012 годзе і займаецца «захаваньнем асабістай памяці аб пакаленьні Вялікай Айчыннай вайны». Удзельнікі руху штогод праходзяць шэсьцем з партрэтамі сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Другой усясьветнай вайне. Пасьля расейскай акупацыі ўкраінскага Крыму ў 2014 годзе акцыі «Несьмяротны полк» трывала асацыююцца з ідэямі «русского мира».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG