На юбілейнай канфэрэнцыі міністраў адукацыі краін Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якая пройдзе 22–24 траўня ў Парыжы, яе ўдзельнікі разгледзяць, сярод іншых, і пытаньне аб выкананьні Беларусьсю «дарожнай мапы» Балёнскага працэсу.
Дырэктар Эўрапейскага цэнтру трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў сёньня сказаў Свабодзе, што існуюць тры варыянты рашэньня па Беларусі.
- Пакінуць за Беларусьсю дзейны статус удзельніка Балёнскага працэсу.
«Гэта значыць працягнуць дзейнасьць мапы: даць больш часу на яе выкананьне і зрабіць яе больш прымальнай для Беларусі», — тлумачыць палітоляг.
- Уключыць Беларусь у блёк краінаў, якія не выконваюць шэраг патрабаваньняў Балёнскага працэсу.
«У гэтым выпадку зь Беларусі здымаюцца адмысловы статус і спэцыфічныя абавязаньні. А яны хоць нейкім чынам стымулявалі беларускі ўрад нешта рабіць у галіне вышэйшай адукацыі».
- Поўнае выключэньне Беларусі з Балёнскага працэсу.
Магчымы любы з трох варыянтаў
Андрэй Ягораў кажа, што працэдуры выключэньня фармальна не існуе.
«Але ў Брусэлі нам казалі, што Эўразьвяз паставіў пытаньне аб прыпыненьні статусу Беларусі пры ўмове, калі краіна ня будзе выконваць патрабаваньні Балёнскага працэсу. Тут дастаткова радыкальнай пазыцыі дзьвюх-трох краінаў, каб усё ўскладніць. А паколькі апошнім часам шмат крытыкі на адрас беларускіх уладаў, то зь Беларусі могуць зрабіць такі паказальны прыклад», — лічыць экспэрт.
Улады спадзяюцца на паразуменьне
Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка выклаў афіцыйную пазыцыю наконт Балёнскага працэсу напрыканцы красавіка 2018 году, калі ў Беларусі знаходзілася генэральны дырэктар Рады Эўропы па правах чалавека і вяршэнству права Сьняжана Самарджыч-Маркавіч.
Ён выказаў упэўненасьць, што ўдзел беларускай дэлегацыі ў Канфэрэнцыі міністраў «дасьць магчымасьць павысіць інфармаванасьць акадэмічнай і навуковай эўрапейскай супольнасьці наконт разьвіцьця сыстэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь у рэчышчы агульнасусьветных тэндэнцый пры захаваньні нацыянальных традыцый, а таксама пацьвердзіць гатоўнасьць беларускага боку працягнуць працу па выбудоўваньні давернага і ўзаемаўзбагачальнага дыялёгу ў пытаньнях забесьпячэньня „лепшай будучыні“ для вышэйшай адукацыі».
З гісторыі працэсу
Балёнскі працэс — працэс збліжэньня і гарманізацыі сыстэм вышэйшай адукацыі краін Эўропы з мэтай стварэньня адзінай эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Каб уступіць у Балёнскі працэс, краіна прымае на сябе абавязаньні: бясплатна выдаваць выпускнікам ВНУ эўрапейскія дадаткі да дыплёмаў бакаляўра і магістра (адзінага ўзору), рэфармаваць нацыянальную сыстэму адукацыі ў адпаведнасьці з асноўнымі палажэньнямі Балёнскай дэклярацыі.
У 2015 годзе Беларусь стала адзінай краінай, якую прынялі ў Балёнскі працэс на пэўных умовах, замацаваных у «дарожнай мапе»: ажыцьцяўленьне дзяржаўнымі інстытутамі і органамі ўлады Беларусі рэформаў вышэйшай адукацыі.
Цяпер у Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі знаходзяцца каля 50 краін.
Экспэрты адзначаюць, што ўдзел любой краіны ў Балёнскім працэсе робіць яе больш прывабнай у вачах замежных студэнтаў. А гэта цягне за сабою прыток фінансаў у выглядзе платы за навучаньне, пражываньне і г.д.