Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяцежныя паўстаньні і партызаны БНР. 12 тэзаў з выступу гісторыка Ніны Стужынскай у Гомлі


Ніна Стужынская
Ніна Стужынская

У Гомельскім грамадзка-палітычным цэнтры 27 красавіка адбылася сустрэча з кандыдатам гістарычных навук Нінай Стужынскай. Яна прысьвячалася змагарам, якія са зброяй у руках выступілі ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 году. Ніжэй – 12 фактаў з выступу дасьледчыцы.

1. Тры складнікі збройнага руху за БНР

Утварэньне БНР дало легітымнасьць Рэспубліцы Беларусь. Праект БНР меў розныя ўвасабленьні, у тым ліку й збройнае змаганьне за сваю дзяржаўнасьць. Стужынская назвала тры складнікі збройнага руху пад лёзунгамі БНР:

  • Слуцкі збройны чын;
  • Палескі паход генэрала Булак-Балаховіча;
  • антысавецкая партызанка й «Зялёны дуб».

У іх была канкрэтная баявая дзейнасьць, скіраваная на абарону БНР, утрыманьне і пашырэньне яе межаў, а таксама тэрыторыі ўплыву.

2. Палітычны ўзор змаганьня

Слуцкі збройны чын выглядае палітычным узорам у гэтым руху паўстанцтва і партызанкі.

Партыя (сацыялістаў-рэвалюцыянэраў) выкарыстоўвалася як інструмэнт для арганізацыі магутнай акцыі народнага супраціву з канкрэтнымі мэтамі й лёзунгамі. І рабілася гэта дэмакратычна.

«Лістапад 1920 году — праходзіць зьезд Случчыны. Едуць эмісары па вёсках, праводзяць сходы. Людзі абіраюць сваіх дэлегатаў на гэты зьезд, бо прымаюцца лёсавызначальныя рашэньні», — кажа Ніна Стужынская.

Эсэры мелі велізарны ўплыў, непараўнальны з бальшавікамі. У кожнай вёсцы былі партыйныя структуры, найперш у іх уваходзілі беларускія настаўнікі.

3. Калі нараджаецца партызанка?

Была тыповая «мяцежавайна» з гледзішча тэорыі збройнага супраціву. Народны рух нараджаўся зьнізу. Матывацыя розная — за незалежнасьць, супраць узурпатарскай улады, праз рэлігійныя матывы ды іншае.

«І калі здараецца параза, зьнікаюць масавыя рухі, на зьмену прыходзіць партызанка. Гэта дробныя мабільныя аддзелы, якія маюць кіраўніка — атамана ў тыя часы. Узьнікае сеткавы рух», — распавядае гісторык.

Адзінага кіраўніцтва ў іх не было, але была каардынацыя паміж сабою. Партызанскі ўздым у Беларусі цягнуўся яшчэ ў 1921-1922 гадах. Новая хваля прыпала на пачатак калектывізацыі — 1929-1930 гады. Супраціў ізноў усплыў падчас Другой усясьветнай вайны, нават у тых жа асобах, кажа Стужынская.

4. Роля «Зялёнага дубу» у вайсковай гісторыі БНР

Ролю каардынатара ў збройным праекце БНР адыграла арганізацыя «Зялёны дуб». Атаман «Зялёнага дуба» — Дзяргач, сапраўднае імя Вячаслаў Адамовіч. Гэты чалавек быў проста ўлюбёны ў Мазыршчыну і Палесьсе. Пад камандаваньнем Дзяргача ўжо ў 1919 годзе існаваў партызанскі аддзел, які змагаўся з «чырвонымі». У тым жа годзе яны напалі на Слуцк. У выданьнях «Беларусь», «Звон» Дзяргач друкаваў «Дзёньнік арміі Зялёнага Дуба».

Як палітычная таемная арганізацыя «Зялёны дуб» аформілася 26 лістапада 1929 году — быў прыняты статут «Беларускай сялянскай партыі Зялёнага дуба». Галоўнай мэта абвяшчалася вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай навалы і стварэньне незалежнага беларускага «гаспадарства». Працяглы час гісторыкі пісалі: гэта банда, яны ня мелі палітычнага базісу, праграмных дакумэнтаў.

«Няпраўда», — заяўляе Ніна Стужынская. — «Проста іхстатут быў закрытым фондам у Нацыянальным архіве».

5. Цывільнае аздабленьне збройнай выправы генэрала Балаховіча

У Палескім паходзе генэрала Станіслава Булак-Балаховіча бралі ўдзел атаман Дзяргач і ягоны бацька — Вячаслаў Антонавіч Адамовіч, які трымаўся, як прынята лічыць, прапольскага кірунку. У школьныя гады нібыта сябраваў з Юзэфам Пілсудзкім.

Станіслаў Булак-Балаховіч
Станіслаў Булак-Балаховіч

Калі Булак-Балаховіч быў у Тураве і Мазыры, то, каб аздобіць ягоную вайсковую акцыю цывільным урадам, утварылі Беларускі палітычны камітэт — яго ачоліў Адамовіч-старэйшы. Вайсковым аддзелам акурат быў «Зялёны дуб» і займаўся мабілізацыяй беларусаў. Сам атаман Дзяргач рэдагаваў яшчэ й газэту «Зьвястун» пры штабе Булак-Балаховіча.

6. Беларус-нацыяналіст Грак

Галоўны штаб партызанскіх атрадаў ачольваў Уладзімер Ксяневіч, партыйная клічка Грак, які быў афіцэрам царскай арміі, меў багата ўзнагародаў. Нарадзіўся Ксяневіч у Альберціне каля Слоніма ў сям’і, якая трымалася польскай культуры. Бацька — палкоўнік Войска Польскага, сын стаў беларускім нацыяналістам. Стужынская трымала ў руках ягоную крымінальную справу ад 1924 году. Ён распавядаў, што прачытаў беларускі народны каляндар і так прасякнуўся да тутэйшых людзей, іхніх пакут і спадзяваньняў, што вырашыў стаць на іх абарону.

Сям’я Ксяневіча жыла Гомельшчыне. Сам Грак-Ксяневіч перайшоў на бок Саветаў, відаць, паверыўшы ў беларусізацыю. Паводле іншай вэрсіі, ён нібыта гэта зрабіў праз заданьне польскай выведкі. Яго прысудзілі да сьмяротнага пакараньня, але пасьля памілавалі. Спрычыніўся чэкіст Апанскі, барацьбіт з нацыянальна-дэмакратычным рухам у Беларусі. Пэўна, меў намер перавэрбаваць баявога афіцэра. У выніку Грак апынуўся на залатых капальнях Бадайбо на Далёкім Усходзе.

7. Баявая арганізацыя «За Бацькаўшчыну»

Надзвычай заўважная ў гісторыі беларускага супраціву, на меркаваньне Стужынскай, была постаць Цімоха Відашчэні. Слуцкі паўстанец, зялёнадубец, чалавек, які меў сваю арганізацыю. Яго шлях у вялікую палітыку пачынаўся з калідораў Рады БНР — меў адмысловы пропуск у Раду, узначальваў яе варту. У Цімоха была свая баявая арганізацыя «За Бацькаўшчыну», якая дзейнічала ў ваколіцах Нясьвіжа. Ён вызначыўся і як майстра ў напісаньні адозваў. Падчас Другой усясьветнай вайны Відашчэня ваяваў у арміі Андэрса.

8. Пакт Молатава — Рыбэнтропа і лёс змагароў

Іншы ўдзельнік супраціву — Іван Пешка, па мянушцы Густалец. Сын сьвятара, навучыўся ў Менскай духоўнай сэмінарыі. Дарэчы, больш за дваццаць семінарыстаў уваходзілі ў арганізацыю «Зялёны дуб». Яны цэлай групай прыйшлі ў 1921 годзе ў Лунінец і арганізавалі там першыя аддзелы. Пешка вельмі добра пісаў па-беларуску. Лёс іх склаўся па-рознаму. Георгія Крывашэіна расстралялі бальшавікі адразу, як ён патрапіўся. Івана Пешку, Сяргея Бусела ды некаторых іншых захапілі ў Вільні ў 1939 годзе. Паводле пакту Молатава — Рыбэнтропа, быў абмен паміж савецкай і нямецкай выведкамі і немцы перадалі НКУС удзельнікаў антысавецкага супраціву.

9. Атакі атамана Галакі

Баевікі атамана Галакі (сапраўднае імя — Іван Васільчыкаў) дзейнічалі на беларуска-ўкраінскім памежжы, кантралявалі некалькі паветаў. Крывавая і прыгодніцкая эпоха харызматычнага «бацькі-атамана Галакі» цягнулася да 1922 года. Заможны селянін, ён падчас Першай усясьветнай вайны стаў афіцэрам царскай арміі. Служыў і ў чырвонай арміі. За правіны патрапіў у турму, зь якой уцёк. Стварыў свой партызанскі атрад, які вельмі напружваў тую ж чырвоную армію. Яна вяла зь ім барацьбу. Мог хутка падняць да 800 шабляў і за ноч адмахаць дзясяткі ці нават сотню кілямэтраў.

10. Пагромы на Палесьсі

Удалося знайсьці дакумэнт пра габрэйскі пагром у Хойніках падчас паходу на Палесьсе Булак-Балаховіча. Балахоўцаў падчас пагрому было толькі васьмёра. Яны прыйшлі ў Хойнікі і пайшлі. Пагром і забойствы ўчынялі ў асноўным жыхары навакольных вёсак. Падавалі прыклад рабаўніцтва міліцыянты зь ліку былых чырвонаармейцаў ды розныя савецкія пасадоўцы. Нявінныя людзі цярпелі за тое, што ўлада ў Крамлі была, як казалі, габрэйская.

11. Настаўнік, афіцэр і атаман

У Крупках і Барысаве шануюць Ягора Моніча, знанага атамана, які ўваходзіў у дзясятку найбольш уплывовых народных важакоў у Беларусі. А іх было каля дзьвюх сотняў. Моніч па прафэсіі настаўнік, даслужыўся ў вайну да капітана. Сам займаўся агітацыяй, выступаў за Ўстаноўчы сход, супраць «улады пастухоў».

12. Канцлягер для беларускіх змагарак

Сярод змагароў за вольную Беларусь была нямала жанчын, кажа Стужынская. Яны стваралі маладзёвыя гурткі, пісалі яшчэ ў 1918 годзе ў Петраград у Белнацкам, каб дасылалі беларускую літаратуру, якой не хапала. Спрыялі росту сьвядомасьці, ствараючы глебу для паўстаньняў. Падчас чэкісцкай апэрацыі «Крот» Слуцак літаральна вычасалі. Дзясяткі жанчын папоўнілі Менскую турму і адкрыты ў 1921 годзе канцлягер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG