Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікая сямёрка» абмеркавала захады ціску на Маскву і Тэгеран


Міністры замежных спраў G7 праводзяць перамовы ў Таронта. 22 красавіка 2018 году
Міністры замежных спраў G7 праводзяць перамовы ў Таронта. 22 красавіка 2018 году

Міністры замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» ў нядзелю абмеркавалі спосабы ціску на Расею ў сувязі з канфліктамі ў Сырыі і Ўкраіне, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Гэта першая сустрэча групы на такім высокім узроўні з тых часоў, як ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя выпусьцілі 105 ракет па аб’ектах з хімічнай зброяй у Сырыі ў адказ на меркаваную хіматаку.

ЗША ў ліку сваіх прыярытэтаў таксама назвалі стрымліваньне зламыснай дзейнасьці Ірану ў рэгіёне і спыненьне ядзерных праграм Паўночнай Карэі.

Заходнія краіны ўскладаюць адказнасьць за хімічную атаку на войскі сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, якога падтрымліваюць Іран і Расея. Дамаск і Масква настойваюць, што хімічная зброя не ўжывалася, і адмаўляюць дачыненьне да нападу.

Перамовы міністраў, якія павінны завяршыцца да вечара панядзелка, праходзяць у рамках падрыхтоўкі да саміту лідэраў «Вялікай сямёркі», намечанага на пачатак чэрвеня. У G7 уваходзяць ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Нямеччына, Францыя, Італія і Японія.

Архіўнае фота. Лідэры G7 падчас саміту на Сыцыліі 26 красавіка 2017 году
Архіўнае фота. Лідэры G7 падчас саміту на Сыцыліі 26 красавіка 2017 году

На мінулым тыдні «Сямёрка» асудзіла замах на былога расейскага агента ў Солсбэры, у якім абвінавачваюць Маскву. Як расказаў высокапастаўлены прадстаўнік адной з краінаў, міністры глыбока занепакоеныя мадэльлю паводзінаў Расеі ў апошнія гады. Сама Расея дачыненьне да інцыдэнту ў Солсбэры адмаўляе.

Заходнія краіны ў апошнія гады ўвялі шэраг санкцый у дачыненьні да Расеі пасьля таго, як яна анэксавала Крым і пачала аказваць падтрымку сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны і рэжыму Асада ў Сырыі.

У некаторых паседжаньнях G7 у Таронта ўзяў удзел міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін. Напярэдадні зь ім сустрэўся в.а. дзяржсакратара ЗША Джон Саліван, які абяцаў Кіеву падтрымку, адначасова заклікаўшы да правядзеньня эканамічных рэформаў.

Міністры ня будуць абмяркоўваць далейшыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, паколькі Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія і Францыя ўваходзяць у Эўразьвяз, чальцы якога павінны калектыўна вырашаць, якія захады будуць прынятыя, расказалі двое дыпляматаў.

Паводле прадстаўніка ЗША, саюзьнікі таксама абмяркуюць пытаньне аб удасканаленьні ядзернага пагадненьня з Іранам, у лік падпісантаў якога уваходзяць ЗША, Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія.

Прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані ў суботу заявіў, што іранскае агенцтва атамнай энэргіі падрыхтавала «чаканыя і нечаканыя» варыянты адказу на выпадак, калі ЗША выйдуць з пагадненьня, падпісанага ў 2015 годзе ў Вене.

Прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані
Прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані

«Многія з нашых прыярытэтаў на сёньня уключаюць пошук рашэньня ў Сырыі і зламысную дзейнасьць Ірану ў рэгіёне», — заявіў прадстаўнік ЗША.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп называе ядзернае пагадненьне з Іранам адным з найгоршых у гісторыі. К 12 траўня яму трэба будзе прыняць рашэньне аб аднаўленьні санкцый у дачыненьні Тэгерана, што можа стаць сур’ёзным ударам па пагадненьні.

«Наша мэта — стварыць умовы для таго, каб венскае ядзернае пагадненьне засталося ў сіле і ЗША ня выйшлі зь яго», — заявіў журналістам міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас.

Міністры таксама закранулі паўночнакарэйскае пытаньне, у той час як прэзыдэнт Трамп і лідэр КНДР Кім Чэн Ын рыхтуюцца правесьці сустрэчу ў канцы траўня або пачатку чэрвеня. Пхэньян у суботу заявіў, што гатовы прыпыніць ядзерныя і ракетныя выпрабаваньні і закрыць ядзерны палігон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG