Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непалітызаваная «Беларусь/Белоруссия»: проста новая генэрацыя


11-гадовая Насьця Ванеева
11-гадовая Насьця Ванеева

У гісторыі зь «Беларусьсю/Белоруссией» Насьці Ванеевай ёсьць адзін прынцыповы аспэкт. Шматмільённая аўдыторыя ўбачыла абсалютна непалітычны кантэкст спрэчкі. Упершыню «на шырокім экране».

Інфармацыйная вайна «Беларусь/Белоруссия» вядзецца ў сеціве на працягу ўсёй гісторыі шырокага існаваньня сацсетак, то бок больш за дзесяць гадоў. Вайна гэтая многім вядомая, але мала бачная як агульная карціна. Далёка ня ўсе карыстальнікі інтэрнэту актыўна прысутнічаюць у сацыяльных сетках. А сеткавыя актывісты не абавязкова сочаць за навінамі. Сеціва разьбірае карыстальнікаў на большыя ці меншыя супольнасьці, якія не перакрыжоўваюцца. А тут — топавая перадача на галоўным расейскім ТВ-канале.

Тым, хто ня надта актыўна прысутнічае ў сацсетках, паведамляю, што часта дыскусія «Беларусь/Белоруссия» расейскімі карыстальнікамі ўспрымаецца ледзь не як акт агрэсіі з боку беларускіх «свидомых» — так абразьліва на ўкраінскі манер клічуць беларусаў, якія ня ўпісваюцца ў карціну «русского мира».

Маленькая сцэнка на ТВ дэманструе што ў «русского мира» калі і ёсьць нейкія шанцы ў Беларусі, то яны зьмяншаюцца з кожным годам, з кожным тыднем. Што расьце іншая генэрацыя, для якой Беларусь — адна краіна, а Расея — іншая. І спэкуляваць на «нашай агульнай гісторыі» ці «агульнай расейскай мове» неўзабаве ня будзе для каго. Зрэшты, і старэйшыя за 11-гадовую Насьцю ўжо шмат чаго не разумеюць з «нашай агульнай гісторыі» і да Расеі сантымэнтаў маюць ня больш, чым да іншых суседзяў.

Насьціна мама сказала, што кароткая спрэчка зь вядоўцам была і падчас рэпэтыцыі. Як па мне, на відэа відаць найгранасьць. Хутчэй за ўсё, сам вядоўца ці хтосьці з рэжысэраў вырашылі паўтарыць сцэнку пад запіс. Магчыма, яна здалася проста мілай, магчыма, хтосьці з каманды шоў быў у курсе бясконцай інтэрнэт-дыскусіі пра «Беларусь/Белоруссию» і прапанаваў зрабіць такую вірусную «фішачку», дадатковую прамоцыю перадачы.

Насамрэч расейскі ТВ-канал зрабіў для грамадзтва важную справу: паспрыяў расстаноўцы кропак над «і». Калі-небудзь спрэчка «Беларусь/Белоруссия» скончыцца. Калі ўсе беларусы пачнуць успрымаць Расею толькі як суседку. Бо крыўдзяцца толькі на блізкіх, а з суседзямі проста суіснуюць разам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG