На выхадзе з пляцоўкі «Сьвята Незалежнасьці» ля Опэрнага тэатру ў Менску затрымлівалі людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Падчас правядзеньня канцэрту #БНР100 людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» мінакоў, якія трымаюць нацыянальную сымболіку – стужкі, сьцяжкі, балёнікі.
Сярод затрыманых на Нямізе была аўтарка Радыё Свабода Галіна Абакунчык, яе адпусьцілі з Цэнтральнага РАУСа без складаньня пратаколу.
Абакунчык расказала, што ва ўсіх затрыманых пры сабе былі бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Яе таксама затрымалі, пабачыўшы сьцяжок.
«Я ішла ад Опэрнага тэатру да станцыі мэтро „Няміга“. У мяне ў руках былі галінкі вярбы, кветкі і маленькі сьцяжок. Пабачыла, што спыніўся сіні бус, паспрабавала забегчы ў мэтро, але мяне дагналі і сказалі, што забіраюць для разьбіральніцтва. Потым перасадзілі ў легкавы аўтамабіль, а сіні бус пагнаўся за хлопцам зь вялікім бел-чырвона-белым сьцягам. У пастарунку ў мяне адабралі рэчы, не давалі званіць, не выводзілі ў прыбіральню. Сказалі здаць адбіткі пальцаў, але я адмовілася. Пратрымалі тры з паловай гадзіны без тлумачэньня прычын».
На выхадзе з пляцоўкі «Сьвята Незалежнасьці» ля Опэрнага тэатру затрымалі журналістку Адар’ю Гуштын і Багуслава Цыганкова. Адар’ю Гуштын адпусьцілі без складаньня пратаколу. На момант публікацыі Багуслаў Цыганкоў знаходзіцца ў Цэнтральным РАУСе, у яго сілай узялі адбіткі пальцаў.