Сьвяточная імпрэза з нагоды 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі прайшла ў парлямэнце Вялікай Брытаніі 21 сакавіка.
Прыём быў арганізаваны кіраўніком усепартыйнай парлямэнцкай групы ў брытанскім парлямэнце Джонам Уітынгдэйлам. На сустрэчы выступалі 5 дэпутатаў брытанскага парлямэнту, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, старшыня Вярхоўнага Cавету Беларусі ў 1991–1994 гадах Станіслаў Шушкевіч, старшыня Таварыства беларускай мовы і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі Алена Анісім.
Беларускі афіцыйны бок на сустрэчы прадстаўляў першы сакратар амбасады Беларусі ў Вялікай Брытаніі Павал Касуха. Публічных выказваньняў наконт стагодзьдзя БНР ён не рабіў.
Паводле намесьніка старшыні Рады БНР і кіраўніка Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Міколы Пачкаева, на сустрэчы прысутнічалі 72 асобы, у тым ліку прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі.
Прыём праходзіў пад трыма сьцягамі: бел-чырвона-белым, брытанскім і афіцыйным сьцягам Рэспублікі Беларусь. Апошні сьцяг на імпрэзу прынёс Павал Касуха.