Віцебскі аўтапарк папярэджвае: няма паліва, аўтобусы будуць хадзіць зь перабоямі.
На афіцыйным сайце прадпрыемства «Аўтобусны парк № 1» зьявілася паведамленьне пра цяжкае матэрыяльнае становішча, якое прывяло да немагчымасьці заправіць аўтобусы, таму ў руху гарадзкога грамадзкага транспарту магчымыя перабоі.
Сайт Віцебскага гарвыканкаму і афіцыйныя СМІ аб праблеме з палівам нічога не паведамляюць.
Аўтобусны парк № 1 г. Віцебску зьяўляецца найбуйнейшым аўтатранспартным прадпрыемствам у вобласьці, якое ажыцьцяўляе перавозкі пасажыраў.
Галоўны дыспэтчар Віцебскага аўтобуснага парку № 1 Ірына Анікеева пацьвердзіла Свабодзе, што сапраўды на гэты момант гарадзкія аўтобусы няма чым запраўляць. Але цалкам рух не спыніўся.
«Са 110 аўтобусаў, якія звычайна выходзяць на маршруты, раніцай 23 сакавіка мы адправілі 78. Ня выйшлі ў рэйс 33 машын. Але, на жаль, зараз паліва ў некаторых заканчваецца, і яны паціху вяртаюцца ў парк. На кожным маршруце ёсьць аўтобусы, мы раўнамерна іх разьмяркоўвалі. Да прыкладу, на маршруце № 26 звычайна ходзіць 7 аўтобусаў, мы адправілі 6. Проста на кожным маршруце павялічыцца інтэрвал руху».
Колькі па часе такая сытуацыя працягнецца, галоўны дыспэтчар прагназаваць пакуль не бярэцца.
«Уся праблема толькі ў паліве, у нас складанае фінансавае становішча, няма грошай. На жаль, гарадзкія ўлады нам пакуль не дапамаглі, мы зьвярталіся па датацыі, нам адмовілі», — паведаміла яна.
Галоўны дыспэтчар запэўніла, што як толькі завязуць паліва, усе гарадзкія аўтобусы выйдуць на маршруты. Усе кіроўцы знаходзяцца на працы, машыны тэхнічна спраўныя. Трэба толькі іх заправіць, і рух у горадзе цалкам нармалізуецца, перакананая галоўны дыспэтчар.
Гарвыканкам: праблемы вырашаныя, каляпсу не было
Начальнік аддзела жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама Павал Шыкшнян паведаміў Свабодзе а 12.30, што на дадзены момант усе праблемы з транспартнымі зносінамі цалкам вырашаныя.
«Усе маршрутныя гарадзкія аўтобусы вышлі на маршруты. Аўтобусны рух адноўлены ў поўным аб’ёме, але транспартнага каляпсу не было і раніцай 23 сакавіка, проста крыху быў падоўжаны інтэрвал руху», — запэўніў чыноўнік гарвыканкаму.
Аўтапарк № 1 сам знайшоў сродкі на паліва. Датацыі ад гарвыканкаму аўтапарку былі выдадзеныя ў поўным аб’ёме раней, таму цяпер усе свае праблемы транспартнае прадпрыемства павінна вырашаць самастойна, паведаміў Павал Шышкнян.
Але на канкрэтнае пытаньне, ці можа такая сытуацыя з гарадзкім транспартам у Віцебску паўтарыцца, спадар Шышкнян не адказаў.
«Гэта ўнутраныя праблемы прадпрыемства, і яно само павінна іх вырашаць».