Канадзкі велагоншчык беларускага паходжаньня Антон Варабей перамог у прэстыжных гонках «Tucson Bicycle Classic» у Арызоне. Сваю перамогу ён прысьвяціў 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
У трохдзённай гонцы «Tucson Bicycle Classic» сёлета прынялі ўдзел амаль паўтысячы велагоншчыкаў з ЗША, Мэксікі і Канады.
Ураджэнец Менску Антон Варабей мае тутул Чэмпіёна Антарыё. Выступае ў створанай ім разам зь сябрамі камандзе «Toronto Hustle». За некалькі месяцаў ад заснаваньня яна стала наймацнейшай у Антарыё.
Беларус, які двойчы аб’ехаў зямлю на ровары, дае 9 парадаў тым, хто хоча паўтарыць
Перамогу ў 2-м этапе, і 2-е месца ў агульным заліку ў гонках Антон Варабей прысьвяціў стагодзьдзю БНР.
«25 сакавіка — вельмі важная дата для беларусаў, і асабліва для тых, хто пакінуў краіну і жыве за мяжой. І для тых, хто на радзіме, і памятае сваю спадчыну пасьля некалькіх пакаленьняў прыгнёту і дыктатуры. Гэта 100-гадовы юбілей барацьбы за свабоду народу Беларусі. Як доўга мы будзем памятаць і змагацца, так доўга будзе жыць дух Беларусі і надзея здабыць волю ізноў», — напісаў Антон Варабей у сваім Фэйсбуку.
Антону 32 гады. Ён жыве ў Канадзе. У Таронта Антон скончыў ляндшафтную архітэктуру і выдатна малюе. Напісаная ім ікона Кірылы Тураўскага ўпрыгожвае алтар беларускай царквы сталіцы Антарыё.
Беларус узыходзіў на подыюм у 24-гадзінных гонках у сольным разрадзе па горным ровары. Прадстаўляў Канаду ў спаборніцтве найлепшых гоншчыкаў сьвету ў гонках «Spring Challenge». Летась Антон выйграў этап у міжнароднай гонцы ў Коста-Рыцы.