Заяўнікі мітынгу і арганізатары канцэрту да 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску сустрэліся 12 сакавіка з прадстаўнікамі ГУУС Менгарвыканкаму.
Пра гэта паведаміў Свабодзе старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Пачатак мітынгу-канцэрту а 14-й гадзіне, збор каля Опэрнага тэатру — а 13-й. Завяршэньне плянуецца а 19-й гадзіне. Акцыя пройдзе пад лёзунгам «Сьвята незалежнасьці».
Міліцыянты згадалі пра «незаплянаваны сцэнар»
Паводле Губарэвіча, сустрэча прайшла без ультыматумаў, як зазвычай гэта было ў мінулыя гады.
«Аднак прагучала, што калі акцыя пойдзе не па заплянаваным сцэнары, то ў гарадзкой міліцыі будзе дастаткова сіл і сродкаў, каб яго спыніць. Але што мелася на ўвазе пад „незаплянаваным сцэнаром“, не тлумачылася. Традыцыйна яны прадэманстравалі сваю рашучасьць дзейнічаць у тым ліку і сілавымі мэтадамі. Але спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе. Бо ўсе дэталі, якія выклікалі сумневы ў патэнцыйных удзельнікаў, — наконт выкарыстаньня нацыянальнай сымболікі, рэжыму пропуску — мы абмеркавалі і знайшлі паразуменьне», — сказаў Юрась Губарэвіч.
Можна браць бел-чырвона-белыя сьцягі
Наконт праносу і выкарыстаньня бел-чырвона-белых сьцягоў прадстаўнікі міліцыі сказалі, што будуць абапірацца на рашэньне Менгарвыканкаму.
«Прадстаўнік Менгарвыканкаму пацьвердзіў, што тыя абмежаваньні, якія ёсьць у рашэньні адносна акцыі, датычаць найперш лёзунгаў ці транспарантаў, якія не маюць ніякага дачыненьня да тэматыкі мерапрыемства. Было пацьверджана, што стасоўна нацыянальнай сымболікі ніякіх абмежаваньняў не будзе. Можна браць бел-чырвона-белыя сьцягі, вуды, каб было зручна размахваць».
Прадстаўнікі міліцыі пацьвердзілі намер шчыльна каардынавацца з дружынай, якая будзе створана арганізатарамі.
Падчас акцыі ў тэатры будзе спэктакль
Таксама міліцэйскае кіраўніцтва цікавіла, якім чынам будзе разьмешчана сцэна, кропкі гандлю сувэнірамі і прадуктамі, біяпрыбіральні і грымэрныя для артыстаў.
«Таксама было згадана, што Опэрны тэатар мае два спэктаклі ў 12 і 18 гадзін. Таму гледачы павінны мець магчымасьць доступу да будынку. Таксама мы абмеркавалі захады бясьпекі і разьмяшчэньне турнікетаў. Рэжым дагляду будзе ня больш строгі за звычайны, які ўжываецца пры правядзеньні гарадзкіх мерапрыемстваў, такіх як музычныя вечары на плошчы Свабоды», — паведаміў Губарэвіч.
На ліст заяўнікаў улады пакуль не адказалі
Раней заяўнікі ў асобным лісьце прасілі таксама менскія гарадзкія ўлады, каб яны дазволілі невялікае шэсьце ад помніка Янку Купалу да Опэры. Аднак адказу на гэта пытаньне заяўнікі ад гарадзкіх уладаў пакуль не атрымалі.
2 сакавіка Менгарвыканкам даў дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. Заяўку падавалі ад імя пяці арганізацый — БНФ «Адраджэньне», руху «За свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і інфармацыйна-асьветніцкай установы Amaroka. Папярэднюю заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу ўлады адхілілі.
На сайце Talaka.by вядзецца збор грошай на правядзеньне канцэрту, а таксама лекцыі, выставы і ўлёткі да 100-годзьдзя БНР. На момант публікацыі сабрана амаль 28 930 рублёў (82% ад патрэбнай сумы).
Канцэрт ці шэсьце?
Прапанова адзначыць 100-годзьдзе БНР з канцэртам, але бяз шэсьця выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.
7 сакавіка паплечнікі Міколы Статкевіча, лідэра Беларускага нацыянальнага кангрэсу і сябра аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР, падалі ў Менгарвыканкам заяўку на сьвяточнае шэсьце 25 сакавіка ў Менску ад плошчы Якуба Коласа да сквэру Янкі Купалы. Палітык заяўляў, што правядзе на Дзень Волі шэсьце, нават калі яго не дазволяць.
У адказ кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткавання 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.
Летась на Дзень Волі былі сотні затрыманых, шэсьце незаконна «недазабаранілі»
Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі.
«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.