Віцебскі шавец распавёў Свабодзе пра галоўныя прынцыпы шыцьця сярэднявечных ботаў, пра свае патрабаваньні да сучаснага абутку і паказаў, як гучаць чаравічкі зь якаснай скуры.
Рэканструктар, рамесьнік і калекцыянэр з навошчанымі вусамі
Макар Бабенка мае зьнешнасьць, працу і захапленьні, якія вылучаюць яго сярод большасьці віцяблян. Перадусім ён рэканструктар, рамесьнік і калекцыянэр, які прымярае на сябе вобразы людзей з розных эпох — ваяра, шляхціча, мешчаніна ды фэхтавальшчыка на рапірах.
Рэканструктарская дзейнасьць Макара пачалася зь «Сівой легенды» ў Друцку ў 2001-м, а ў 2018-м працягваецца шматлікімі фэстывалямі сярэднявечнай культуры ў Беларусі, суседняй Расеі і краінах Эўропы.
У Віцебску Макар кіруе клюбам гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн», які мае рэдкі статус народнага. Разам з паплечнікамі ён ініцыяваў шэраг выстаў у межах праекту «Віцебская харугва», на якіх рэканструктары паказалі адноўленыя мужчынскія і жаночыя строi, дасьпехі і ўзбраеньне віцебскага шляхціча першай паловы XVII стагодзьдзя.
Пашытая ўдзельнікамі клюбу дакладная копія харугвы аднаго зь віцебскіх палкоў апалчэньня — сьцяг з жоўтымі і блакітнымі палоскамі лунае на сярэднявечнай дыскатэцы, калі 17 сакавіка Віцебск адзначае сьвята наданьня гораду Магдэбурскага права.
Як гісторык і калекцыянэр Макар зьбірае цікавыя сумкі, люлькі, капелюшы і скураныя боты, якія ствараюць яго паўсядзённы вобраз: ангельскі лётны шлем, копія знойдзенай на Верхнім замку ў Віцебску сухаркі (салдацкай паясной сумкі), падбітыя латуннымі цьвічкамі парусінавыя туфлі або набытыя ў фінскім стоку казакі.
Запамінальнай зьнешнасьць робяць навошчаныя і закручаныя паводле вінтажнай моды вусы, якія гаспадар не даверыць ніводнаму барбэршопу.
Як рамесьнік Макар аддае перавагу працы са скурай — шые адзеньне і аксэсуары, а сваім галоўным дасягненьнем лічыць асваеньне тэхнікі шыцьця абутку. Шавец працуе часткова ў памяшканьні клюбу, часткова — дома. У сучасным шматпавярховым блёчным доме адбываецца рэканструкцыя ботаў ад раньняга сярэднявечча да пачатку ХХ стагодзьдзя.
Ад хатніх тапачак да сармацкіх ботаў
Макар сустракае нас на парозе кватэры і вядзе ў пакой, што адначасова служыць гасьцёўняй і майстэрняй. На нагах у яго — пацёртыя, уласнаручна пашытыя са скуры аленя тапачкі з завостранымі носікамі. Некалькі гадоў таму яны завяршалі турэцкі строй майстра на адным з археалягічных фэстываляў. Цяпер халат і шаравары зь ядвабу вісяць у шафе, а пантофлі служаць гаспадару зручным і мяккім хатнім абуткам.
У невялікай майстэрні — драўляны стэляж са скруткамі рознакаляровай скуры, паліца з інструмэнтамі, ніткамі, тлушчавымі прапіткамі ў бляшанках і шчоткамі. Вакол працоўнага месца — калодкі для будучага абутку, недаробленыя боты і чаравічкі, што патрабуюць рамонту. Надзеўшы сьветлы фартух зь вялікага кавалка каровінай скуры, Макар бярэцца за працу.
«Гэта будзе рэканструкцыя ботаў XV стагодзьдзя да эўрапейскага рыцарскага строю, — тлумачыць шавец. — Шыюцца яны складана, бо скура тонкая і занадта мяккая».
Засвоіў 2–3 базавыя швы — і працуй
Адзін з важных момантаў у абутковай справе — авалодаць швамі. Шво можа ўратаваць нават няякасную ці мяккую скуру. Рэканструктар павінен ведаць базавыя гістарычныя швы і ўжываць іх згодна з пэўнай эпохай. Бо патрабаваньні да рэканструктараў на фэстывалях даволі жорсткія — кожная драбніца строю павінна адпавядаць гістарычнай праўдзе.
Перш чым заняцца шыцьцём гістарычнага абутку, Макар экспэрымэнтаваў са скурай.
«Як студэнту-гісторыку было катацца на фэсты? Я спрабаваў рабіць простыя дробязі са скуры, пакуль не зразумеў, што ў мяне атрымліваецца і што прыйшоў час перайсьці на сур’ёзныя рэчы. Маю ўвагу на гістарычны абутак зьвярнуў Валера Зінкевіч — майстар-рэканструктар з Браслава, зь якім мы разам езьдзілі па фэстывалях, — кажа Макар. — Я пачаў з раньнесярэднявечнага абутку. Ён самы просты: засвоіў 2–3 віды швоў — і працуй. Праўда, гэта базавыя швы, якія сустракаюцца і ў пазьнейшыя эпохі».
Паступова пачаў пераходзіць да больш складаных мадэляў.
«Чым пазьнейшы час абутку, тым больш складаная тэхналёгія, набліжаная да сучаснага працэсу. Зьяўляюцца шматслойная падэшва, рант, абцасы, падкладкі, паднарады, складаны крой. Абутак больш не складаецца з адной-дзьвюх частак, як у сярэднявеччы. Мадэль сшываецца з трох-пяці дэталяў. І тэхнічныя моманты патрабуюць больш сур’ёзнага падыходу, і асабліва — ведаў».
Олаф Губітц і Біблія для шаўца
Веды Макару даводзіцца зьбіраць з розных крыніц. Інтэрнэт значна спрасьціў пошук інфармацыі і набыцьцё рэдкіх кніг. «У мяне досыць вялікая бібліятэка па археалягічных выкрайках, — гаспадар падыходзіць да кніжнай шафы і здымае з паліцы працу Олафа Губітца Stepping Through Time: Archaeological Footwear from Prehistoric Times until 1800.
Гэтую кнігу Макар называе Бібліяй для шаўца.
«Тут сабраныя амаль усе тэхналёгіі шыцьця абутку, — тлумачыць майстар. — Бадай, гэта найлепшае выданьне ў гістарычнай сфэры, карыснае і для навукоўца, і для рэканструктара. Олаф падрабязна разглядае віды швоў і крою, асобныя разьдзелы прысьвечаныя падэшвам, абцасам, запінкам, дэталям і тэхналёгіям, якія ўжываліся ў пэўны гістарычны пэрыяд».
Кнігу Ласла Васа і Магды Молнар Handmade Shoes For Man Макар убачыў у адным зь японскіх анімэ, а пасьля прагляду замовіў на eBay. Акрамя гісторыі мужчынскага абутку, у кнізе падрабязна разглядаецца анатомія чалавека, каб правільна зьняць мерку, даюцца парады, як вырабляць і кроіць скуру, як і з чаго рабіць калодкі. Аднак самае каштоўнае ў кнізе — гістарычныя тэхналёгіі шыцьця, выкрайкі і швы.
У простай іголкі часта ламаецца вушка
Пакуль Макар не зьбіраецца займацца тэорыяй і аддае перавагу практычнай працы з шылам і ніткамі.
«З разьвіцьцём абутковай справы зьявіліся і спэцыфічныя інструмэнты, — кажа Макар. — А найчасьцей у шавецкай справе ўжываліся шыла, нажы, нажніцы, каб скуру кроіць, і шавецкія малаткі, каб яе адбіваць. Быў пэрыяд, калі інструмэнты даводзілася зьбіраць па сьвеце, а цяпер нават у Менску зьявіліся крамы для шыцьця, дзе можна набыць прыстойныя прылады за адносна невялікія грошы. Вядома, гэта ня будзе інструмэнт, зроблены ўручную — такі і ў Эўропе надзвычай дарагі».
Спэцыфічнымі інструмэнтамі Макар называе такмач, якім апрацоўваюць намазаны воскам абцас ці зрэз скуры; ножык для ранта — паласы скуры, якую ставяць паміж унутранай падэшвай і верхам; ножыкі для фасак, каб скура мела край, які будзе выглядаць роўна і гладка; прабойнікі, каб рабіць акуратныя адтуліны на пэўнай адлегласьці.
Макар асабліва задаволены тоўстай іголкай дацкай вытворчасьці. «У простай іголкі будзе часта ламацца вушка, — падхопліваючы кусачкамі іголку за вушка, тлумачыць майстар. — Таўшчыня дацкай аднолькавая па ўсёй даўжыні, нават з вушкам, якое не адрываецца».
Каб сшываць дэталі абутку, Макар ужывае імпрэгнаваныя ніткі — зь лёну, поліэстэру, прапітаныя воскам. Яны не гніюць, не баяцца вільгаці і ня будуць гуляць у шве. Асабліва добрыя па якасьці ніткі нямецкія, італьянскія, ангельскія, турэцкія — розныя па таўшчыні для падэшвы і верху.
Для абутку лепш за ўсё пасуе гладкая скура каровы ці бычка
Самае каштоўнае ў майстэрні шаўца — стэляж з рознакаляровымі скруткамі. Па фактуры і зьнешнім выглядзе цяпер Макар можа вызначыць любую скуру.
У яго запасьніках — найбольш ходкая каровіна скура, скура казы, лася, кавалкі экзатычных скур нерпы, цюленя, вярблюда, кенгуру.
«Каза больш пасуе да адзеньня, — разгортвае адзін са скруткаў Макар. — Яе часта ўжывалі ў сярэднявеччы. Але бяз практыкі шыць зь яе цяжка, бо яна вельмі цягнецца. Калі мокрая, можа стаць большай на 1–2 памеры. Таму, калі ўсё ж рабіць зь яе боты, то скуру трэба выцягваць на калодках, інакш боты на назе расплывуцца і ня будуць трымаць форму. Для абутку лепш за ўсё пасуе гладкая скура каровы ці бычка. А вось сьвіная скура для абутку не пасуе, бо яна мае поры, празь якія ў боты трапляе вада. Выкарыстоўваю яе для падкладкі, падклейваю ніз».
Макар тлумачыць, што таўшчыня скуры таксама можа быць розная.
«Так, самая тоўстая скура — бык у хрыбціне, больш за сантымэтар. Карак таксама трывалы, моцны і тоўсты, а вось бакі больш цягнуцца. Вось кавалкі тоўстай казы, яна мае насычаны жоўты, мядовы колер. І добра цягнецца, калі намачыць. Яшчэ лепш цягнецца тонкая каза. У скуры, дарэчы, ёсьць напрамкі, у якіх яна цягнецца лепш. Да прыкладу, па хрыбціне і па баках яна цягнецца лепш ўшыркі, чым уздоўж. Гэта ўсё трэба ўлічваць, калі шыеш абутак. На жаль, на нашых прадпрыемствах у працу ідзе ўсё, і найчасьцей — без уліку».
«А вось яшчэ падарунак ад сябра. Гэта панчохай зьнятая скура казьляняці. Спосабам расьліннага гарбаваньня яе апрацавалі недзе ў Швэцыі ці Нарвэгіі. Спачатку думалі зрабіць зь яе вятрак, але цяпер мне хочацца заплечнік, каб мінімальна яе закрануць. Дарэчы, вось так выглядае ня вельмі гладка апрацаваная мяздра — унутраная частка скуры».
Макар шые гістарычны абутак са скуры расьліннага гарбаваньня, якая надзвычай добра фармуецца вадою, а пасьля высыханьня робіцца цьвёрдай і моцнай. Сучасная скура хромавага гарбаваньня такіх якасьцяў ня мае — яна цьвярдзейшая і не такая элястычная. Скура расьліннага гарбаваньня даражэйшая за хромавую. Затое яна больш экалягічная і лепшая па якасьці. Кошт залежыць ад якасьці скуры і ад таўшчыні.
«Тоўстая скура ідзе на падэшву, — кажа майстар. — Мне даводзілася працаваць з матэрыялам да 7 мілімэтраў у таўшчыню. З такой можна і палец зламаць».
Скура не павінна быць сухой, занадта тонкай ці рыхлай
Некалькі стагоддзяў таму скуру выраблялі і ў Віцебску. Гарбарны квартал стаяў на беразе Дзьвіны — брудны, незабрукаваны, пазбаўлены сьвежага паветра праз кіслы пах дубільнай кіслаты і вымачаных скур.
Цяпер буйныя прадпрыемствы гораду шыюць абутак зь імпартных матэрыялаў. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў набыць скуру ў суседнім Магілёве Макар пачаў шукаць сыравіну па-за межамі краіны.
«Добрую скуру вырабляюць у Польшчы, — кажа гаспадар. — Часта набываю скуру ў Расеі, куды яе вязуць з Аргентыны і Індыі. Цяпер у крамах пры прадпрыемствах вельмі багаты выбар — можна набыць якасную скуру на мэблю, адзеньне, боты, паясы, капелюшы».
У Макара ёсьць пэўныя патрабаваньні да скуры, каб абутак выйшаў трывалы.
«Яна не павінна быць сухая, занадта тонкая ці рыхлая, — тлумачыць майстар. — На першай стадыі апрацоўкі скуру вымочваюць у солях, каб пазбавіцца меху ці поўсьці. Пасьля яна высыхае і становіцца калянай. Каб скура доўгі час заставалася элястычнай і ня сохла, яе дубілі — карой дуба ці мімозай. Пазьней, каб скура заставалася шчыльнай, яе пачалі класьці пад прэс. Шчыльнасьць скуры заўсёды можна спраўдзіць шылам, трошкі яе адцягнуўшы».
Сармацкія боты шыліся са скуры цяляці ці каровы
Макар спрабаваў шыць абутак амаль на ўсе гістарычныя эпохі: ад простых поршняў з цэльнага кавалка сырамятнай скуры да высачэзных эўрапейскіх батфортаў з жоўтай каровінай скуры расьліннага гарбаваньня, якія былі распаўсюджаныя ў XVII стагодзьдзі.
У ягонай калекцыі — шляхецкія боты на мэталёвых абцасах, высокія турэцкія тапачкі і пад іх — панчохі з тонкай скуры, у якіх хадзілі ў памяшканьні, абутак для стральцоў, турэцкія туфлі, рымскія і вугорскія боты, нізкія чаравічкі і высокія, трывалыя і практычныя боты на драўляным ці скураным абцасе для гараджан.
Даводзілася шыць і высокія сармацкія боты, моду на якія ўвялі магнаты.
«Сармацкія боты шыліся са скуры цяляці ці каровы, пафарбаванай у жоўты колер, які разам з чырвоным лічыўся адным з самых дарагіх адценьняў, — кажа Макар. — Фарбаваную скуру да нас прывозілі з-за мяжы, бо фарбавальнікі каштавалі вялікіх грошай і наладзіць такую вытворчасьць было складана і дорага».
На сармацкія боты ідзе каля мэтра квадратнага скуры насычанага жоўтага колеру, які нават цяпер адшукаць даволі складана.
Лепш уцяпляцца шкарпэткай, як у сярэднявеччы
Клюб «Варгенторн» існуе з 2005 году. Цяпер у ім больш за 20 чалавек — рамесьнікаў і ваяроў, якія займаюцца рэканструкцыяй рамёстваў і заняткаў насельніцтва Днепра-Дзьвінскага рэгіёну эпохі раньняга сярэднявечча — крывічоў, латгалаў і выхадцаў са Скандынавіі.
Абутак для сяброў клюбу Макар шыў сам або кіраваў працэсам. Часам набывалі на іншых фэстывалях. Як, да прыкладу, гэтыя галяндзкія кломпы з асіны ці таполі, якая добра абараняла ад вільгаці і ня гніла.
Наколькі трывалы гістарычны абутак, паказваюць фэстывалі, на якіх рэканструктары пераўвасабляюцца ў прадстаўнікоў пэўнай эпохі. Найцяжэй захоўваць ногі цёплымі і сухімі на зімовых імпрэзах. На дапамогу зноў прыходзіць сярэднявечны досьвед.
«Абутак набівалі саломай або рабілі саламяныя вусьцілкі, — кажа Макар. — Калі сена пачынае прэць, яно становіцца цёплым. Штовечар сена даставалі і на яго месца клалі новае, сухое. Мы так робім на фэстывалях, бо за 2–3 гадзіны хаджэньня па сьнезе абутак прамакае, як скуру ні імпрэгнуй. Але галоўны сакрэт — хадзіць. Пакуль ходзіш — будзе цёпла.
У раньнім сярэднявеччы сэзоннасьць ня ўлічвалася. Не было абутку з футрам усярэдзіне, які мы носім цяпер
А ўвогуле ў раньнім сярэднявеччы сэзоннасьць ня ўлічвалася. Не было абутку з футрам усярэдзіне, які мы носім цяпер. Наадварот, быў абутак футрам наверх, які насілі там, дзе вельмі халодна і нізкая вільготнасьць. Калі казаць пра сучаснасьць, я не люблю насіць абутак на натуральным футры, ва ўмовах беларускай зімы ён хутка псуецца. Лепш уцяпляцца шкарпэткай, як у сярэднявеччы».
Больш за ўсё скуры ідзе на вопратку
Як рамесьніку Макару цікава экспэрымэнтаваць — такім чынам адбываецца ўдасканаленьне майстэрства. Макар шыў скураныя каліты для дробязяў, похвы для нажоў, футаралы для грабеньчыкаў, капелюшы, паясы.
«Аднойчы мне давялося рабіць гуцульскі пояс — шырокі, з тоўстай скуры каровы ў 3 мм, са скураной падкладкай, — кажа Макар. — Таўшчыня паясоў даходзіла да 1 см. Такая была мода. У ХІХ стагодзьдзі гуцульскі пас насілі, каб абараніцца ад халоднай зброі. Паступова ён стаў дэкаратыўным элемэнтам».
Больш за ўсё скуры ідзе на вопратку.
«Вось так выглядае жупіца — скураная куртка XVII стагодзьдзя, якую маглі шыць з ласінай скуры, — дэманструе сваю працу Макар. — Шляхта выкарыстоўвала яе як дарожную вопратку або як вайсковы элемэнт строю, асабліва калі на жупіцу ішла тоўстая, на 4 мілімэтры, скура. Яе складана было пашкодзіць шабляй. Я ў ёй фэхтую».
Гэтая жупіца пашытая згодна з пакроем 1640 году, які ўжываўся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У Эўропе яе называлі Buff Coat, а ў Англіі выкарыстоўвалі пераважна як самастойны дасьпех.
Досьвед рэканструктарскай працы дазваляе экспэрымэнтаваць і з сучаснымі рэчамі. Цяпер зьяўляецца ўсё больш аксэсуараў, якія трэба аздобіць, абараніць ці ўпакаваць.
«Скураны футарал можна зрабіць да чаго заўгодна — для фотааб’ектываў і камэр, для электронных кніжак, айфонаў, пляншэтаў, айпадаў. Гэта залежыць ад фантазіі майстра», — упэўнены Макар.
Шкло задняга бачаньня ягонага ровара абцягнута скурай, а пад рамай вісіць скураны «бардачок» — для патрэбнай драбязы.
«Эксклюзіўнага абутку ня можа быць многа. Гэта як крафтавае піва»
Пазнавальны абутковы імідж Віцебску падтрымліваюць «Марко» i Belwest. Невялічкія прадпрыемствы або майстэрні, якія пачыналі з шыцьця абутку, паступова перайшлі на яго рамонт.
Так, адна зь вядомых віцебскіх сетак па рамонце абутку ў 90-я гады пачынала з шыцьця скураных, модных цяпер балетак, спрабавала шыць вайсковыя боты і чэшкі для танцаў, а ў 2006-м зрабіла партыю сцэнічнага абутку для адноўленага спэктакля «Несьцерка» ў Коласаўскім тэатры. Аднак майстроў ня стала, і пра тыя часы нагадваюць пакінутыя калодкі.
Самая вялікая праблема — у нас няма традыцыі
«Самая вялікая праблема — у нас няма традыцыі, — перакананы Макар. — У пэўных эўрапейскіх краінах шавецкая справа перадаецца праз пакаленьні, часта гэта выключна сямейны занятак. Я люблю зьбіраць гісторыі пра майстэрні ці мануфактуркі, дзе, да прыкладу, 450 гадоў шыюць абутак толькі для пап Рымскіх або на працягу 200 гадоў усе мужчыны ў родзе станавіліся шаўцамі. Яны ўсё робяць самі, пачынаючы з драўляных калодак. А ў нас ты мусіш пачынаць усё наноў: зьбіраць інфармацыю, абсталёўваць майстэрню. На нашых землях адбываліся рэвалюцыі, ішла вайна за вайной. Таму традыцый і няма».
Майстар перакананы, што «эксклюзіўнага, ручной працы абутку ня можа быць многа. Гэта як крафтавае піва, якое гатуюць у невялічкім бровары».
Боты стаяць — адразу вядома, хто прыйшоў
Капелюшы, аксэсуары і абутак — гэта рэчы, якія патрабуюць густу, перакананы майстар. Да гэтай пары Макар шыў сабе толькі гістарычны абутак, які пры добрым доглядзе служыць значна даўжэй, чым звычайны. Перадусім — дзякуючы якасьці скуры.
Тым ня менш шаўцом бяз ботаў Макара не назавеш — у гаспадара значная калекцыя абутку, з кожнай парай якога зьвязаная цікавая гісторыя. Абутак, вядома, скураны.
«Я амаль не купляю боты ў нашых „цывільных“ крамах, часьцей — за мяжой і ў стоку, — Макар ахвотна дастае з шафы скрыні з абуткам. — Да прыкладу, вельмі клясныя стокавыя крамы ў Хэльсынкі. У адной зь іх я набыў сабе традыцыйныя фінскія зімовыя боцікі. Мне давялося толькі падэшву падклеіць».
«Гэтыя мэксыканскія казакі са стокавай крамы прадаваліся ў выдатным стане, я толькі носік падшыў, — працягвае майстар. — Іх галоўная каштоўнасьць — у скураной падэшве. Цяпер найчасьцей у абутку робяць скураны верх, а падэшву і ўнутраныя дэталі — з скуракардону. Так, ён цьвёрды, з супінатарам, але гэта ўсё роўна кардон. Гэта танна. Прадпрыемству нявыгадна рабіць абутак, які праслужыць 10 гадоў».
А вось скураныя гішпанскія чаравікі з латуннымі цьвічкамі на падэшве Макар набыў у Варшаве. Яны моцныя і цяжкія, а яшчэ гучаць.
«Скураны абутак мае характэрны гук. Пусты», — стукае па носіку Макар, і туфлі, пазнаўшы гаспадара, адгукаюцца.
Насіць незвычайны абутак таксама трэба ўмець, загадзя падрыхтаваўшы сябе да магчымай ці перабольшанай увагі.
«Боты стаяць — адразу ведаюць, хто прыйшоў. Хаця ў цікавыя сытуацыі трапляю больш праз вусы», — усьміхаецца Макар.