Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (18). Рада ў руінах, Польшчы БНР не патрэбная


Пішчалаўскі замак, Менск
Пішчалаўскі замак, Менск

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Невыразная сытуацыя

У Менску пасьля арышту часткі «путчыстаў» — удзельнікаў альтэрнатыўнага, антыпольскага сходу Рады 13 сьнежня — захоўвалася, паводле Аркадзя Смоліча, «невыразная сытуацыя». «Эсэры ўсё яшчэ падпалом, — піша ён у Варшаву Луцкевічу, — хаця пачынаюць пакрысе вылазіць і весьці работу... Вялікім гуморам, аднак, эсэры не вызначаюцца...»

Вяліся перамовы з тымі з эсэраў, хто застаўся на свабодзе. Эсэры патрабавалі ад лягеру «Найвышэйшых» выступіць з пратэстам супраць арыштаў, адмовіцца ад прынцыпу дырэкторыі (Найвышэйшай Рады) і вярнуцца на грунт даўнейшага статуту Рады. Прымірыць два крылы беларускай палітычнай птушкі спрабавалі і польскія сацыялісты з ППС.

Луцкевіч яшчэ не разумее, што гаварыць зь Пілсудзкім няма сэнсу

Трэцяя сустрэча Луцкевіча з Начальнікам Дзяржавы Пілсудзкім 3 студзеня 1920 году ў Варшаве не пасунула беларускую справу ні на крок. Луцкевіч расказаў пра сьнежаньскія падзеі ў Менску і зазначыў, што няўвага Польшчы да беларускага пытаньня пазбаўляе прыхільнікаў прыязнага да Польшчы курсу ўсіх шанцаў. У выніку ў краі шырацца прабальшавіцкія настроі, якімі ахопленая ўжо і частка беларускіх палітыкаў.

Пілсудзкі зноў выступіў са старой песьняй пра Антанту, якая не дазваляе Польшчы прызнаваць незалежнасьць пострасейскіх краінаў. Расказаў аб прапанове Антанце пашырыць тэрыторыю плянаванага плебісцыту да межаў Рэчы Паспалітай 1772 году (пакуль што плянаваўся ён толькі на акупаваных абшарах), аднак слова «Беларусь» у гэтым кантэксьце нават не прагучала.

Паводле разьлікаў Пілсудзкага, гаворыцца ў пратаколе аўдыенцыі, «да моманту разьвязкі пытаньня аб Беларусі на доўгі час ёсьць яшчэ каля году. За гэты час беларусы і павінны зрабіць вялікую работу і выявіць як найбольш актыўнасьці ў культурна-прасьветнай рабоце і ў прапагандзе, у чым акупацыйныя ўласьці гатовы аказваць помач».

Што б яшчэ прыдумаць

Кастусь Езавітаў, які зь вялікай энэргіяй вёў дыпляматычную працу ў балтыйскіх краінах, выяўляў ініцыятыву на самым шырокім полі. Тут ужо згадвалася пра ягоныя спробы ў галіне дызайну вайсковай формы і дзяржаўных узнагародаў. Арыгінальнай была і ягоная ідэя вырашэньня фінансавых праблемаў узначальванай ім місіі. «Усё добра, але чуецца безграшоўе, — паведамляе ён прэм’еру Луцкевічу. — Трэба або рабіць заём, або выпускаць свае грошы». Аднак гэтая простая ідэя свайго працягу не знайшла.

Тарашкевіч — Розэнблюм?

Перапіска паміж раскіданымі па Эўропе беларускімі палітыкамі была пад пільным кантролем польскіх спэцслужбаў. Каб змагацца з гэтым, Кузьма Цярэшчанка і Сымон Рак-Міхайлоўскі распрацавалі шыфравальны мэтад. Тэлеграмы маюць слацца на адрасы «левых» (не ў палітычным сэнсе!), але надзейных людзей, а для кансьпірацыі ўводзіліся такія коды: Луцкевіч — Навінскі, Смоліч — Смалянскі, Цьвікевіч — Гвазьдзецкі, Іваноўскі — Івашкевіч, Тарашкевіч — Розэнблюм (чаму раптам?), Заяц — Трусевіч, Езавітаў — Хляшчынскі, Уласаў — Пяхцер, эсэры — срадковічы, Украіна — Ржэпэцкі, прыяжджай — здароў, не прыяжджай — хворы, грошы — тэлеграма.

«Усё будзе добра, толькі нічога ня трэба рабіць!» (А. Уласаў)

Стары нашанівец Аляксандар Уласаў у гэтыя бурлівыя гады так і не разгарнуўся на поўную магутнасьць свайго грамадзка-палітычнага патэнцыялу, і ў Архівах БНР засталося па ім вельмі мала памятак. Бадай што толькі гэтая пісулька зь Менску ў Варшаву Антону Луцкевічу, дзе выразна адчуваецца ягоны непаўторны стыль:

«Як кустарным промыслам я займаюся школай беларускіх аратараў, вербунковых агентаў, праз 3 дні выпускаю 28 чалавек. Калі Алексюку пашанцуець, то адкрыю другую групу ў 40 чал. Пані Станіслава вярнулася ад бальшавікоў, выглядала як велікамучаніца Варвара, цяпер залізваецца патроху. Жычу вам сукцэсаў у гэты час бамбічаскіх пераваротаў у палітыцы ў зьвязку з правалам ядзінай Расеі Дзянікіна. Мне здаецца, што гэта на наш млын вада. Цісну руку, АУ».

Час бамбічаскіх пераваротаў...

Нечаканае прэм’ерства Вацлава Ластоўскага

Раскол Рады БНР 13 сьнежня 1919 году вывеў у беларускія палітычныя лідэры старога «культурніка», нашаніўца Вацлава Ластоўскага. Тое, што ён з кансэрватара-клерыкала, як характарызавалі яго ў беларускіх колах, за адну ноч ператварыўся ў сацыяліста-рэвалюцыянэра, сьведчыць ня столькі пра яго палітычную беспрынцыпнасьць, як пра пэўную апалітычнасьць — нюансы палітычнай афарбоўкі, відаць, ня надта яму рупілі.

Ластоўскі ўступіў у палітычную гульню фактычна ўжо «на схіле» БНР і праз пару гадоў выйдзе зь яе — каб заняцца тым, што сапраўды было яго жыцьцёвым захапленьнем: культурай, гісторыяй, літаратурай.

Арыштаваны палякамі пасьля «перавароту», ён правёў у турме месяц, а выйшаўшы, жыў на кватэры ў старога культурнага паплечніка Янкі Купалы. Ні пра якую актыўную палітычную дзейнасьць у якасьці новага старшыні Ўраду не магло быць і гаворкі, таму Ластоўскі абмежаваўся толькі апавяшчэньнем замежных місіяў пра сваю вэрсію падзеяў 13 сьнежня з падрабязнай калькуляцыяй кворуму з абодвух бакоў «барыкадаў».

Літоўцы ў шоку ад беларускай Пагоні

Забаўная гісторыя адбылася з сакратаром Місіі БНР у Рызе Янкам Чарапуком, яго ад’ютантам Злоцкім і кур’ерам Маркевічам. У сьнежні 1919 году яны выехалі з Рыгі ў Бэрлін, але былі затрыманыя на літоўскай мяжы. Прычына затрыманьня — дыпляматычныя пашпарты Беларускай Народнай Рэспублікі (паводле літоўскіх уладаў — «фальшывыя»), на якіх, як і на іншых пакетах і дакумэнтах, былі пячаткі БНР зь «літоўскім гербам»...

Усе трое пайшлі пад суд і праседзелі месяц у ковенскай турме. З гэтай нагоды маладыя літоўскія спэцслужбы правялі ператрус у Міністэрстве беларускіх справаў, аднак нічога не знайшлі. Міністар Язэп Варонка нарабіў з гэтага вялікі шум, разаслаўшы падрабязнае апісаньне здарэньня ўсім міністрам Літоўскага Ўраду, Дзяржаўнай Рады і ўсім грамадзкім дзеячам.

Празь месяц, выйшаўшы з турмы, Чарапук дакладвае: «Усе дакумэнты афіцыйныя Ўраду БНР, якія насілі строга дыпляматычную тайну, я пры арышце маім Літоўскім Урадам усе дакумэнты унічтожыў, так што ў рукі ворага не папаў ні адзін дакумэнт».

Колькі ж гэта на нашы грошы?..

У студзені 1920-га адбыўся нечаканы цуд — паслу БНР ва Ўкраіне Аляксандру Цьвікевічу нарэшце ўдалося атрымаць ад Ураду УНР грашовую пазыку на 1 000 000 карбованцаў гатоўкаю і чэк у бэрлінскі банк на суму 3 000 000 нямецкіх марак. Таму апошнія месяцы свайго прэм’ерства Антон Луцкевіч правёў у прыемным занятку — сплачваньні даўгоў і раздачы грошай на самыя розныя беларускія палітычныя, сацыяльныя і культурныя патрэбы ды атрыманьні расьпісак у атрыманьні грошай.

У войска БНР Балаховіч так і не трапляе

22 студзеня 1920 году пратакольнай пастановай сходу Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрад генэрала Станіслава Балаховіча быў прыняты ў склад войска БНР. Пра гэта шэфу Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Рызе Кастусю Езавітаву было даручана паведаміць самому генэралу.

Вось толькі сам генэрал Балаховіч нікому не даручыў паведаміць Ураду БНР, што ў гэтыя самыя дні ён разам з сваім Асобным атрадам паступіў на службу да палякаў, пра што падпісаў адпаведнае пагадненьне ў Рызе. Гэта будзе ўжо ці ня пятае войска, якое разьмяніў на сваім баявым шляху сумнавядомы генэрал, аднак пра сваю нязьменную пазыцыю ён прызнаўся расейскай паэтцы Зінаідзе Гіпіюс: «Я беларус і каталік, але я змагаўся за Расею і буду падтрымліваць расейскую справу».

Маркі Асобнага атраду

Паслужыць у войску БНР генэралу Балаховічу не давялося, аднак яго Асобны атрад упісаўся ў гісторыю БНР важнай старонкай — дзякуючы вынаходлівасьці Кастуся Езавітава.

Разважаючы, як вырашыць праблему безграшоўя, ён прыдумаў удалы бізнэс-праект — выпусьціць маркі! Прапанова прыняць Асобны атрад Балаховіча ў склад войска БНР была дасланая Ўраду і пацьверджаная. У атрадзе ёсьць байцы, яны дасылаюць і атрымліваюць лісты — значыць, ёсьць патрэба ў сваёй паштовай канторы і ў марках.

Задумана — зроблена. Эскіз маркі, паводле некаторых дасьледнікаў, належыць славутаму латыскаму графіку Рыхарду Зарыньшу, аўтару эскізаў першых савецкіх марак. Былі выпушчаны маркі пяці наміналаў: 5, 10, 15, 50 капеек і 1 рубель — зялёная, чырвоная, фіялетавая, сіняя і карычневая. Наклад — 1 мільён кожная, разам — 5 мільёнаў.

На просьбу Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР быў атрыманы дазвол ад Міністэрства транспарту Латвіі на франкаваньне (наклейваньне з мэтай аплаты) маркамі АА БНР паштовай карэспандэнцыі. У Марыенбургу (цяпер Алукснэ, на паўночным усходзе Латвіі), месцы дысьлякацыі Атраду, была адкрытая паштовая кантора, якая, аднак, не праіснавала і трох тыдняў.

Магчыма (або нават хутчэй за ўсё), да заяўленай мэты — ліставаньня байцоў Асобнага атраду — тая сэрыя марак амаль ня мела дачыненьня. Затое яна паставіла БНР на філятэлістычную карту сьвету і да сёньня ўпрыгожвае прыстойныя калекцыі. І дала падзарабіць беларускім незалежніцкім палітыкам.

І тут Луцкевіч разумее, што Парыжу ён ня ўбачыць

Палякі выцягнулі Луцкевіча з Парыжу ў канцы жніўня. Пяць месяцаў там «на гаспадарцы» заставаўся ягоны намесьнік, чалавек паранаідальных схільнасьцяў Аўген Ладноў. Усе гэтыя месяцы ён бамбіў начальніка лістамі і тэлеграмамі з просьбамі як найхутчэй вярнуцца ў Парыж, дзе чакала вельмі важная дзяржаўная праца.

Страціўшы пару месяцаў за пустым сядзеньнем у Варшаве і сяк-так перажыўшы менскі пераварот, старшыня Ўраду атрымаў яшчэ ў сярэдзіне студзеня 1920-га францускую візу (а заадно і чэскую, аўстрыйскую і швайцарскую — шлях з Варшавы ў Парыж абыходзіў Нямеччыну кругам), але палякі з бразгатам зачынілі браму перад самым яго носам. Ён ужо рыхтаваўся выяжджаць, калі польскі МЗС нечакана адмовіўся даць яму выязную візу.

Узаемнае абзываньне «самазванцамі» працягваецца

А тут яшчэ, вырваўшыся зь менскага падпольля, Крачэўскі і Захарка за месяц аднаму богу вядомымі сьцежкамі дабраліся да Бэрліну і пачалі шантажаваць Луцкевіча тэлеграмамі пагрозьлівага зьместу: «кіньце барацьбу беларускім народам польшчай народ ня пойдзе гэта відна было менску вёсках закрыйце акцыянэрнае таварыства запрадажы беларусі вышэйшую раду самазваны нікім непрызнаны орган калі будзеце чапляцца за ўласьць пачнем друкаваць яшчэ дакумэнты...»

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG