Падчас прамовы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра новую ядзерную зброю краіны быў выкарыстаны кампутарны ролік адзінаццацігадовай даўніны.
Кадры, на якіх намаляваны аддзел галаўной часткі балістычнай ракеты «Сатана», выкарыстоўвалі ў праграме «Ударная сіла» на Першым канале ў выпуску «Цар-ракета» 25 верасьня 2007 году.
У выступе Пуціна кадры з гэтага відэа выкарыстоўвалі для ілюстрацыі «новага ракетнага комплексу зь цяжкай міжкантынэнтальнай ракетай» пад назвай «Сармат».
Акрамя гэтага, СМІ зьвярнулі ўвагу, што ядзерная ракета ў роліку Першага каналу паражае амэрыканскі горад Сэнт-Пітэрсбэрг у штаце Фларыда. Брытанская газэта Daily Star піша, што Фларыда — адно з улюблёных месцаў адпачынку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
У сваім пасланьні да Фэдэральнага сходу Пуцін заявіў, што Расея неўзабаве прыме на ўзбраеньне найноўшыя ядзерныя ракеты, якія змогуць пераадольваць амэрыканскую сыстэму ПРА. Выступленьне прэзыдэнта суправаджалася як відэаролікамі, так і кампутарнай графікай з выявай запускаў ракет і прынцыпу іх дзеяньня.
Зброі была прысьвечаная амаль палова выступу прэзыдэнта. Як сьцьвярджае Пуцін, Злучаныя Штаты ў аднабаковым парадку адмаўляліся весьці з Расеяй перамовы аб супрацьракетнай абароне. «Нас ніхто ня слухаў. Паслухайце цяпер», — заявіў расейскі лідэр, распавядаючы пра новыя віды зброі.