Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч пракамэнтавалі Свабодзе забарону Менгарыканкамам шэсьця і мітынгу 25 сакавіка і падачу новай заяўкі ў Менгарвыканкам на правядзеньне канцэрту і мітынгу.
«Наш выбар дзеля мірнага і годнага адзначэньня 25 сакавіка ў Менску»
Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, ад пачатку стварэньня аргкамітэт падкрэсьліваў, што 25-е сакавіка павінна быць днём нацыянальнай кансалідацыі дзеля абароны і ўмацаваньня беларускай незалежнасьці.
«Важна, каб гэтая кансалідацыя адбылася максымальна шырока ў тым ліку з удзелам уладаў. Сыходзячы са сваіх інтарэсаў улады прапанавалі варыянт правесьці легальна, з гукаўзмацненьнем, у нармальных умовах канцэрт у цэнтры гораду», — кажа палітык.
Паводле Аляксея Янукевіча, шэсьце па праспэкце, па праезнай частцы было б лепей, чым толькі мітынг.
«Але гэта пытаньне палягае ў рэчышчы таго, ці гатовыя мы зрабіць 25 сакавіка сьвятам, ці мы хочам бойку і супрацьстаяньне. Мы цьвёрда трымаемся таго, што нам патрэбна сьвята, легальная магчымасьць сабрацца людзям і адзначыць гэту важную гістарычную дату. І падкрэсьліць нацыянальную кансалідацыю».
Паводле Янукевіча, Партыя БНФ робіць выбар на карысьць дэмакратычнага грамадзтва, а не на «адзінства і згоду ў коле апазыцыйнага балота».
«Мы робім выбар на карысьць кааліцыі, згоды з тым грамадзтвам, інтарэсы якога мы адстойваем і якое нас падтрымлівае. Мы абсалютна сьвядома зрабілі наш выбар на карысьць таго, каб зрабіць усё, што ад нас залежыць, дзеля мірнага і годнага адзначэньня 25 сакавіка ў Менску», — падсумаваў Янукевіч.
«Павінна быць годнае шэсьце па вуліцах сталіцы»
Паводле Міколы Статкеіча, улады «не наважыліся дазволіць нам годна адсьвяткаваць сотую гадавіну беларускай незалежнасьці».
«У панядзелак (на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР — РС) мы дасягнулі супольнай пазыцыі, прагаласавалі, стварылі перамоўную групу. Калі ўлада адмаўляе ў нашай заяўцы, то было б лягічна, каб аргкамітэт сабраўся і выпрацаваў пазыцыю, — сказаў Свабодзе Статкевіч. — Але частка арганізацый падала сваю заяўку. Гэта праца на раскол. Толькі ж аб’ядналіся дзеля гэтага сьвята і тут нейкія сэпаратныя дзеяньні. Шкада, што калегі раскалолі аргкамітэт».
Мікола Статкевіч пажадаў «посьпехаў калегам», якім «можа, і пашэнціць зь іх заяўкай», дадаўшы што заўтра старшыні камісій рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу абмяркуюць сытуацыю.
«Але мая пазыцыя застаецца нязьменнай. Недзе за дрэвамі ў парку сьвяткаваць стагодзьдзе незалежнасьці таксама трэба. Але павінна быць годнае шэсьце па вуліцах сталіцы. Я гэтую пазыцыю буду адстойваць. Калі мы гэта рашэньне прымем, то шэсьце адбудзецца ў цэнтры Менска», — сказаў палітык.
Ён пашкадаваў, што апазыцыйныя сілы «адразу пайшлі на кампраміс» і падалі кампрамісную заяўку — да плошчы Свабоды.
«Хаця мабыць лягічна сьвяткаваць на плошчы Незалежнасьці. Будзем думаць пра наш фармат. Але зьвяртацца да ўладаў з заяўкай сэнсу няма».
Частка аргкамітэту — за шэсьце, частка — за канцэрт
28 лютага заяўнікі шэсьця і мітынгу 25 сакавіка, прысьвечаных 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, атрымалі адказ зь Менгарвыканкаму. Улады не дазволілі шэсьце з плошчы Якуба Коласа па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці і мітынг-канцэрт на плошчы Свабоды.
Пасьля гэтага частка аргкамітэту — прадстаўнікі БНФ «Адраджэньне», рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова Amaroka — падалі ў Менгарвыканкам новую заяўку на правядзеньне ў Дзень Волі мітынгу і канцэрту, прысьвечаных 100-годзьдзю БНР.
Заяўнікі просяць дазволіць збор удзельнікаў каля Вялікага тэатру Беларусі ў Менску 25 сакавіка з 13 да 14 гадзіны, а таксама правядзеньне мітынгу і канцэрту з 14 да 19 гадзіны.
Улады паабяцалі даць адказ на пачатку наступнага тыдня.
26 лютага Менгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў арганізатарам сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР зьмяніць яго фармат, адклікаць ранейшую заяўку і замест шэсьця праз цэнтар гораду правесьці мітынг і сьвяточны канцэрт у Купалаўскім парку або каля Опэрнага тэатру.
Прапанова выклікала хвалю дыскусій і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР увечары 27 лютага. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.