Толькі за адзін месяц колькасьць чальцоў незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), якіх Сьледчы камітэт апытаў у справе аб нявыплаце падаткаў, узрасла ўдвая. Пра гэта паведаміў Свабодзе 27 лютага старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч.
«На сёньня я ведаю, што апытана ўжо болей за 400 чалавек у 35 рэгіёнах краіны. Такім чынам, допыты працягваюцца. Калі на пачатак лютага паказаньні далі 200 чалавек, то цяпер такіх ужо больш за чатыры сотні», — сказаў Генадзь Фядыніч.
Ні кампутараў, ні іншай тэхнікі РЭПу пакуль не вярнулі, дадаў Фядыніч. Паводле яго, усе скаргі прафсаюзаў ня маюць станоўчага выніку.
«Мы зьвярталіся ў прэзыдэнцкую Адміністрацыю. Але адтуль наш зварот перанакіравалі ў Генэральную пракуратуру. Генэральная пракуратура, у сваю чаргу, адаслала яго ў менскую гарадзкую. А адказу па сутнасьці ўсё няма», — удакладніў Фядыніч.
З гісторыі «справы РЭП»
Кіраўніка прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгальтара Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году, на іх завялі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У той жа дзень пасьля ператрусаў у офісах РЭП кіраўніка прафсаюзу Генадзя Фядыніча вызвалілі, а Ігар Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленьнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго, як і ў Фядыніча, узялі падпіску пра нявыезд, а справу працягнулі яшчэ на 3 месяцы.
Апошні раз справу працягнулі да 1 траўня 2018 году.