Дзярждэпартамэнт ЗША заяўляе, што баявыя дзеяньні і забойствы працягваюцца ў прыгарадзе Дамаску, Усходняй Гуце, на фоне заяў Расеі пра падрыхтоўку спыненьня агню ў гуманітарных мэтах.
«Сырыйскі рэжым і яго расейскія і іранскія памочнікі працягваюць нападаць на Ўсходнюю Гуту, густанаселены прыгарад Дамаску, нягледзячы на спыненьне агню, да якога заклікала Рада Бясьпекі ААН», — напісала ў Твітэры 26 лютага прэс-сакратарка Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт.
«Рэжым сьцьвярджае, што ваюе з тэрарыстамі, затое тэрарызуе сотні тысяч мірных жыхароў паветранымі ўдарамі, артылерыяй, ракетамі і наступам наземных сіл. Выкарыстаньне рэжымам газу хлёру ў якасьці зброі толькі ўзмацніла пакуты цывільнага насельніцтва», — дадала прэс-сакратарка.
ЗША лічаць, што «Расея мае ўплыў», здольны спыніць гэтыя баявыя дзеяньні і выканаць рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб спыненьні агню.
Міністар абароны Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Шайгу 26 лютага заявіў, што прэзыдэнт Пуцін абвясьціў «гуманітарную паўзу» ва Ўсходняй Гуце з 9 да 14 гадзін паводле мясцовага часу, пачынаючы з 27 лютага.
24 лютага Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю з патрабаваньнем неадкладна ўвесьці ў Сырыі замірэньне працягласьцю месяц, каб даць магчымасьць прывезьці гуманітарную дапамогу і эвакуяваць параненых. Такому кроку папярэднічаў тыдзень інтэнсіўных бамбаваньняў у Гуце, у выніку якіх, паводле праваабаронцаў, загінулі больш як 500 чалавек. У авіяўдарах удзельнічае і расейская авіяцыя, аказвае падтрымку сырыйскім урадавым сілам.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш 26 лютага заклікаў бакі канфлікту ў Сырыі неадкладна ўвесьці 30-дзённае замірэньне ў краіне, каб спыніць «пекла на Зямлі».
Назіральнікі за правамі чалавека ў Сырыі, якія базуюцца ў Лёндане, заявілі, што ў выніку авіяўдараў і абстрэлаў ва Ўсходняй Гуце 26 лютага загінулі дзевяць чалавек. Гэта адбылося празь дзень пасьля паведамленьняў аб прымяненьні хімічнай зброі пры абстрэлах рэгіёну.