Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ня верылі, што могуць хварэць». Леанід Млечын — пра здароўе правадыроў СССР і Расеі


Ужо больш за тыдзень прайшло з таго часу, як прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў паведаміў, што Ўладзімір Пуцін «прастудзіўся, але працягвае працаваць».

Пяскоў адзначыў, што недамаганьне Пуціна не адаб’ецца на яго працоўным графіку. У студзені Пяскоў заяўляў, што прэзыдэнт «абсалютна здаровы», Пуцін акунаўся ў палонку перад тэлекамэрамі, а СМІ пры гэтым абмяркоўвалі яго добрую фізычную форму.

Што мы ведаем пра здароўе прэзыдэнта Лукашэнкі

Пяскоў мог бы наогул не камэнтаваць стан здароўя свайго начальніка, паколькі, як ён сам падкрэсьлівае, у расейскім заканадаўстве не прадугледжана абавязковае апублікаваньне зьвестак пра стан здароўя прэзыдэнта.

Пісьменьнік, гісторык Леанід Млечын адзначае, што традыцыя хаваць інфармацыю пра стан здароўя кіраўніка дзяржавы ў Расеі налічвае сто гадоў, яна пачалася з прыходам да ўлады бальшавікоў. У царскай Расеі гэтую інфармацыю не хавалі.

— Выпуск вашай сэрыі «Гісторыі Леаніда Млечына», прысьвечанага здароўю расейскіх і савецкіх правадыроў, вы пачынаеце з таго, што ў царскай Расеі інфармацыю пра здароўе кіраўнікоў не хавалі. Як вы думаеце, чаму?

— Таму што гэта нармальная рэч, і Расея сто гадоў таму, 1917 год, шмат у чым была куды больш перадавой дзяржавай, чым цяпер. Мы нават не разумеем, як шмат што мы страцілі. Гэта лічылася натуральнай, нармальнай справай. Падданыя маюць права ведаць, што адбываецца з уладаром. Я быў уражаны, калі пісаў кнігу пра рэвалюцыю. Там, у прыватнасьці, была глава, зьвязаная з Распуцінам, з імпэратрыцай, зь дзецьмі. І калі ў яе была цяжарнасьць, адна з многіх, якая скончылася выкідышам, пра гэта лейб-мэдыкі склалі бюлетэнь, апублікаваны ў газэце. Гэта было сто зь лішнім гадоў таму.

— Тады атрымліваецца, што традыцыю — хаваць інфармацыю пра здароўе правадыроў — заклаў Уладзімір Ленін?

— Ня сам Ленін, а пры Леніне. Ён цяжка захварэў, і гэта, вядома, хацелі схаваць. У тыя часы яшчэ друкаваліся бюлетэні — пра здароўе Леніна, Троцкага, але сталі хаваць праўду, прыдумляць усялякую лухту. Там быў наркам асьветы — Сямашка, чалавек глыбока паважаны, ён у Адэсе выступаў на губэрнскім партыйным актыве і стаў казаць: «Ды Ленін у выдатнай форме! Вось-вось да нас далучыцца!»

Калі Надзея Канстанцінаўна Крупская прачытала гэта ў газэце, яна абурылася. Тады і сталі бюлетэні звужаць. А ўсё пачалося са Сталіна. Вось для Сталіна гэта была праблема сур’ёзная: яго здароўе — гэта дзяржаўная таямніца.

— А чаму? Ён хацеў выглядаць волатам, зусім бездакорным тытанам? Усё ж такі ў яго было троху несамавітая зьнешнасьць, і многія адзначалі, што адна рука ў яго была троху сухою, на твары рабаціньне ад воспы. Чаго ён дамагаўся, хаваючы інфармацыю пра сваё здароўе?

— Сталіна бачылі вельмі нямногія. Тэлебачаньня тады не было, па краіне ён ніколі ня езьдзіў, практычна ніколі не выступаў — толькі на зьездах партыі ў Маскве. Колькі людзей яго рэальна бачылі? Вельмі нямногія. Ён быў чалавек адораны ў гэтым сэнсе, ён стварыў сабе вобраз вялікага правадыра, прыраўнанага недзе да Бога. У правадыра, у Бога ня можа быць ніякіх хваробаў, і гэта было часткай яго вобразу.

У правадыра, у Бога ня можа быць ніякіх хваробаў, і гэта было часткай яго вобразу

Акрамя таго, думаю, што падспудна ключавым было адчуваньне страху. Паколькі ўсе гэтыя савецкія правадыры, агулам, прыходзілі да ўлады ня самым дэмакратычным шляхам — страх у іх быў. Ім заўсёды здавалася: пакажаш слабасьць, пакажаш, што ты хворы, і выпхнуць з Крамля, выганяць. І Сталін хаваў да апошняга, калі хварэў.

Часам нават у яго паплечнікаў выяўлялася нешта чалавечае. Так Лаўрэнцій Берыя пасьля вайны, даведаўшыся, што Сталін хварэе, хацеў да яго прыехаць, ну, чыста па-чалавечы, але Сталін рашуча адмовіў. Ніхто і ніколі ня бачыў яго хворым, нездаровым.

Чаму ўсе гэтыя абставіны, зьвязаныя зь яго апошнім захворваньнем і сьмерцю, выглядаюць такімі жахлівымі? Калі ў яго адбыўся ўдар, і ахоўнікі пад канец дня, убачыўшы, што ён не зьяўляецца, увайшлі і ўбачылі яго на падлозе, сталі, як належыць паводле інструкцыі, тэлефанаваць. Яны патэлефанавалі міністру Дзяржбясьпекі, які ім сказаў: «Што вы мне звоніце? Патэлефануйце Маленкову?!».

Малянкоў быў старэйшым у Прэзыдыюме ЦК. Малянкоў адзін не адважыўся прыехаць, яны ўтрох прыехалі і баяліся ўвайсьці. Чаму яны баяліся ўвайсьці? А раптам Сталін проста сьпіць, расплюшчыць вочы і ўбачыць іх — што зь імі будзе? Ніхто ня мог яго ўбачыць слабым і хворым.

Кадар зь фільму «Сьмерць Сталіна»
Кадар зь фільму «Сьмерць Сталіна»

— Зараз давайце пяройдзем да Хрушчова. Пры ім у Савецкім Саюзе наступіла адліга, гэта неяк адбілася на інфармацыі пра здароўе самога Хрушчова?

— Адліга, нейкае адступленьне ад сталінскіх правілаў, якое пачалося адразу пасьля сьмерці правадыра, ніякіх карэнных зьмен у савецкім ладзе не прынесла. Вядома, стан здароўя вышэйшага кіраўніцтва быў сакрэтам.

У сыстэме Чацьвёртага Галоўнага ўпраўленьня пры Міністэрстве аховы здароўя, крамлёўскай мэдыцыны, мэдыцыны для начальства, так было заведзена, што ніякае начальства не магло паглядзець гісторыю хваробы. Гэта я ведаю дакладна. Нават калі нейкія з начальнікаў сярэдняй рукі хварэлі, вышэйшае начальства ня мела магчымасьці зірнуць у гісторыі іх хваробы, ніхто нічога ня ведаў. Гэта была такая закрытая тэма.

Але Мікіта Сяргеевіч проста сам быў вельмі здаровы чалавек. Ён хоць і адзначыў вясной 1964 году 70-годзьдзе, але ён практычна не хварэў, таму яму не было чаго хаваць.

— Леанід Брэжнеў памёр у 1982 годзе, празь некалькі дзён пасьля таго, як зьявіўся на трыбуне Маўзалею 7 лістапада. Як было зь ім?

Кіраўнік Чацьвёртага Галоўнага ўпраўленьня акадэмік Чазаў сачыў за тым, каб членам Палітбюро нічога не было вядома пра стан здароўя лідэра

— З Брэжневым якраз была сур’ёзная праблема. Мікіта Сяргеевіч быў адносна здаровы чалавек нават у сур’ёзным узросьце, ён па-сапраўднаму стаў хварэць ўжо на пэнсіі і памёр праз шэсьць гадоў пасьля выхаду на пэнсію. А Леанід Ільіч быў нездаровым чалавекам, і гэта выявілася досыць рана.

Першы інфаркт у яго быў, яшчэ калі ён працаваў у Малдавіі, пры Сталіне. У яго была рухомая нэрвовая структура, як ні дзіўна для чалавека, які прайшоў фронт і такія цяжкія палітычныя бітвы. І ў яго досыць хутка пачаліся розныя праблемы са здароўем, што старанна хавалася, вядома, ад усяго сьвету, ад краіны і ад таварышаў па партыі.

Кіраўнік Чацьвёртага Галоўнага ўпраўленьня акадэмік Чазаў сачыў за тым, каб членам Палітбюро нічога не было вядома пра стан здароўя лідэра. Калі Брэжневу стала дрэнна, яго адвезьлі ў бальніцу на вуліцы Граноўскай. Прыехаў Падгорны, другі чалавек, кіраўнік дзяржавы, член Палітбюро, ён хацеў наведаць Леаніда Ільіча, але Чазаў стаў каля дзьвярэй і не пусьціў яго. Прычым Падгорны быў у шаленстве, таму што яму ніхто не адважваўся пярэчыць! Чазаў Падгорнага не пусьціў, каб ён не бачыў, што Леанід Ільіч ў дрэнным стане.

— А сам Брэжнеў разумеў, наколькі ён хворы? Вядома, што ён прымаў нейкія таблеткі, стымулюючыя рэчывы, і мяркуючы па ўсім, рабіў гэта, фактычна, бескантрольна. Усе вось гэтыя гісторыі з мэдсёстрамі, якія атачалі яго, патуралі яго жаданьням прымаць гэтыя прэпараты, добра вядомыя. Праўда, вядомыя ў асноўным па сэрыялах, якія выйшлі ў апошнія гады.

— Вядома, ён не здаваў сабе справы ў гэтым. Кожны з нас цьвёрда ўпэўнены, што ён у добрым стане, а дробныя недамаганьні ня маюць значэньня. І Леанід Ільіч не выключэньне ў гэтым сэнсе. Тым больш што ніхто яму не казаў, што ён выглядае дрэнна і цяжка хворы, не спраўляецца ўжо з кіраўніцтвам дзяржавы.

Брэжневу здавалася, што ён мала і дрэнна сьпіць

Праблема з ім была вось якая: яму здавалася, што ён мала і дрэнна сьпіць. Я ўжо, як чалавек ва ўзросьце, разумею, што трэба з гэтым зьмірыцца — ну, вядома, ты сьпіш менш. А ён лічыў, што ён павінен спаць доўга, і ён патрабаваў снатворнага. Снатворнае ў тую пару мела пабочныя эфэкты, і ён глытаў снатворнае, а раніцай ня мог прачнуцца. А яму трэба функцыянаваць, і яму давалі нейкія стымулюючыя прэпараты. І ён на гэтых «арэлях» разгойдаўся.

Вядома, гэта яму страшна шкодзіла. Лекары спрабавалі яго абмежаваць у прыёме снатворных прэпаратаў, ён іх шантажаваў, вымагаў, дамагаўся. Якраз Чазаў, у гэтым сэнсе лекар вельмі добры, спрабаваў яго абмежаваць, стрымліваць. Але не папрэш супраць чалавека, нельга ж Брэжневу забараніць прымаць снатворнае, калі ён хоча гэтага...

— У Барыса Ельцына са здароўем былі вельмі вялікія праблемы. Наколькі ён спрабаваў іх хаваць?

— Ён у гэтым сэнсе быў падобны на Леаніда Ільіча. Нікому ў галаву не прыходзіла, што такі вось фізычны дужы вонкава сыбірак насамрэч таксама пакутуе на сур’ёзныя хваробы. Вядома, ён спрабаваў схаваць, але гэта таксама чалавечая рыса. Плюс якраз для яго гэта было пытаньне выжываньня дакладна: прызнаўся, што хворы, — і вылятае з кіраўніцтва.

У тыя часы, калі гэта адбывалася, ужо былі рэальныя галасаваньні, і ён сапраўды мог страціць сваю пасаду. І гэта было вельмі заўважна ў 1996 годзе. Нельга сказаць, што я вельмі моцна гэтым цікавіўся, але я чытаў, памятаю, амэрыканскія газэты, і раптам я бачу вялікі артыкул пра тое, што савецкі лідэр мае патрэбу ў аортакаранарным шунтаваньні.

Гэта была яшчэ малавядомая апэрацыя ў нас у краіне, а ў мяне быў добры знаёмы, кардыяхірург, які незадоўга перад гэтым распавядаў, што гэтая апэрацыя мае такое калясальнае значэньне. І я зразумеў маштаб мэдычных праблем, якія стаяць перад Барысам Мікалаевічам. Памятаю, я гутарыў тады з калегамі, і мяне ніхто не разумеў. А потым высьветлілася, што ў яго было некалькі інфарктаў, і самы цяжкі зваліў яго якраз напярэдадні другога туру галасаваньня, і ён ледзь-ледзь наогул праскочыў.

— Пра тое, што цяпер адбываецца з Уладзімірам Пуцінам, мы ня ведаем. Мы ведаем толькі заявы яго прэсавага сакратара аб тым, што прэзыдэнт Расеі прастудзіўся. Наколькі, па-вашаму, важна ведаць грамадзтву, што рэальна адбываецца са здароўем кіраўніка дзяржавы і людзей, якія займаюць іншыя высокія дзяржаўныя пасады?

— Тут пытаньне зусім адназначнае. Вядома, грамадзтва павінна ведаць! Расея не адзіная краіна, дзе правадыры спрабавалі гэта схаваць.

Любімы ўсімі Джон Кэнэдзі хаваў увесь букет сваіх цяжкіх захворваньняў.

Любімы ўсімі Франсуа Мітэран хаваў з дапамогай свайго лекара ступень цяжкасьці сваёй хваробы, якая яго потым забіла. Бяда ў тым, што нездароўе правадыроў проста накладвае адбітак на іх здольнасьць кіраваць дзяржавай.

Мітэран апошнія гады свайго прэзыдэнцтва думаў пра сьмерць. Ён нават лётаў да знакамітага нямецкага пісьменьніка, каб пагутарыць зь ім пра жыцьцё і пра сьмерць, таму што ён думаў увесь час пра сьмерць.

Вядома, гэта накладае адбітак на тое, як кіруюць дзяржавай. Таму, вядома, пра гэта трэба добра ведаць і здаваць сабе справу. Але гэта дрэнна прыжываецца, — мяркуе Леанід Млечын.

Уладзімір Пуцін ужо ня першы раз зьнікае з публічнай прасторы. У сакавіку 2015 году ён адсутнічаў 10 дзён, гэта спарадзіла чуткі пра яго сур’ёзную хваробу, якія давялося аспрэчваць тагачаснага прэзыдэнту Кіргізстану Алмазбеку Атамбаеву, які сказаў, што сустракаўся з Пуцінам і што той «ня толькі ходзіць, але і ганяе за стырном». Выказваўся наконт тых чутак і Дзьмітры Пяскоў, які назваў іх «вясновым абвастрэньнем». Атамбаеў у тыя дні сустракаўся з Пуцінам. На кадрах пратакольных здымак гэтай сустрэчы прэзыдэнт Расеі выглядаў хворым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG