Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мэдыцыне, прагнозе надвор’я і выхаваньні дзяцей разьбіраюцца ўсе


Ужо на працягу многіх гадоў нам у Беларусі даводзіцца сутыкацца з сытуацыяй, калі людзі самі сабе назначаюць абсьледаваньні і лячэньне.

Самапрызначэньне абсьледаваньняў

Нават даволі складаныя абсьледаваньні, накшталт рэнтгенаўскіх, якія суправаджаюцца радыяцыйнай нагрузкай, пацыенты робяць у платных аддзяленьнях ці прыватных клініках самастойна, заплаціўшы грошы і ня маючы накіраваньня ад лекара.

чалавек прызначыў сабе біяпсію страўніка, сам, без кансультацыі зь лекарам. І яму яе зрабілі!

Ня так даўно мы адказвалі знаёмым з нагоды іх просьбы пракансультаваць, як яны сказалі «аналізы», — аказалася, што гэта не банальны аналіз крыві, а вынік біяпсіі сьлізістай абалонкі страўніка, для атрыманьня якога трэба зрабіць досыць непрыемную для чалавека працэдуру фібрагастрадуадэнаскапію.

І вось гэтую працэдуру чалавек прызначыў сабе сам, без кансультацыі зь лекарам. І яму яе зрабілі! Досыць часта сустракаем людзей, якія такім жа чынам робяць ультрагукавае дасьледаваньне, напрыклад, пячонкі, а потым паўтараюць яго праз год каб параўнаць вынікі, думаючы, што маюць адпаведную кваліфікацыю, каб штосьці зразумець.

Адкуль бярэцца недавер да лекараў

Цяжка сказаць адкуль гэта бярэцца — ці то зь недаверу да сыстэмы аховы здароўя, ці то з таго, што мы жывем у век Інтэрнэту і сацыяльных сетак, калі кожны зьяўляецца экспэртам і думае, што без адпаведнай грунтоўнай падрыхтоўкі можа мець асабістае меркаваньне аб усім, прачытаўшы што-небудзь у Вікіпэдэі і параіўшыся зь сябрамі на форумах.

Мы аднойчы мелі ў Фэйсбуку цікавы выпадак, калі адна досыць знакамітая ў беларускіх колах маладая асоба, якая ня мае аніякай мэдычнай адукацыі, у адказ на наш перапост публікацыі на «Свабодзе» пра нетрыманьне мачы прывяла, на яе погляд, альтэрнатыўны прыклад з англамоўнага мэдычнага часопісу па гінэкалёгіі і стала патрабаваць, каб зь ёй перапісваліся «навуковымі тэрмінамі», бо аматаршчыну яна не разумее і лічыць, што гэта не яе ўзровень.

Адказ прафэсянала аматару

Мы адказалі так. Па-першае, навуковая дыскусія ладзіцца ў спэцыяльных месцах — канфэрэнцыях, сэмінарах і інш, а не ў Фэйсбуку. Па-другое, гэта вельмі адказная справа: пісаць навукова-папулярныя мэдычныя тэксты, бо іх чытаюць многія людзі, часам досыць хворыя, якія хапаюцца за любую інфармацыю як за хварасцінку надзеі. Бываюць і неўраўнаважаныя, якія могуць прынесьці шкоду сябе.

Таму тэксты павінны быць вельмі ўзважаныя, зразумелыя і іх прафэсіяналізм не ў дыскусійнасьці і не ў перасычанасьці спэцыяльнымі тэрмінамі. Наадварот, трэба адукоўваць людзей пра дапамозе даходлівых словаў.

Нарэшце, каб зразумець прафэсійны тэкст у любой навуцы і спэцыяльнасьці трэба ў ёй разьбірацца, мець належную адукацыю.

На нашы рэплікі маладая асоба адказала катэгарычным банам, перад тым паведаміўшы, што яна «лекар».

Але трэба зазначыць, што паднятая праблема тычыцца і самалячэньня, бо вялікая колькасьць людзей самастойна купляюць розныя пілюлі, напрыклад, мілдранат і іншыя лекі гэтай групы. Тым часам кансультацыю на прадмет, ці можна іх прымаць, можа даць толькі лекар.

Мэдыцына, заснаваная на доказах

Справа ў тым, што сучасная мэдыцына (у Беларусі гэтага пасьлядоўна трымаюцца) грунтуецца на «доказах». Нават такі тэрмін існуе зь сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя — «мэдыцына, заснаваная на доказах».

Сутнасьць такой мэдыцыны заключаецца ў тым, што эфэктыўнасьць таго ці іншага лякарства трэба даказаць шляхам правядзеньня шматцэнтравых (гэта значыць, не ў адным мэдычным цэнтры ці шпіталі, пажадана ў некалькіх краінах сьвету), рандамізаваных (старанна сплянаваных), параўнальных (калі пры правядзеньні дасьледаваньня эфэктыўнасьці таго ці іншага прэпарату фарміруецца група пацыентаў, якія атрымліваюць яго, і група, якая яго не атрымлівае), двайных сьляпых (калі дактары, якія назіраюць пацыентаў, ня ведаюць самі — ён атрымлівае пілюлю ці не) дасьледаваньняў.

І вось іх вынікам такіх выпрабаваньняў і будзе канчатковая інфармацыя — якому кантынгенту хворых той ці іншы прэпарат будзе найбольш пасаваць.

Канешне, існуюць іншыя формы даказальнасьці — напрыклад, калі з усяго сьвету зьбіраюцца найбольш дасьведчаныя лекары-экспэрты і абмяркоўваюць станоўчыя бакі ці хібы лекаў, а таксама каму іх можна прызначаць і пры якіх хваробах.

Гэтая даказальная мэдыцына, насамрэч шырока разгалінаваная навука, якая ўвесь час разьвіваецца і атрымлівае новыя дадзеныя, якія мяняюцца пастаянна і ўжываюцца лекарамі. Ніводзін пацыент, які заняты сваімі асабістымі справамі і мае іншую спэцыяльнасьць, ня можа за гэтым усачыць. Ды й не павінен.

Лекар мае выклікаць давер

Іншая справа, што лекара павінен грунтоўна паінфармаваць пацыента, патлумачыць стан яго здароўя, асаблівасьці цячэньня хваробы і яе лячэньня. Гэта павінна быць зроблена так, каб узьнік давер і каб пацыент пасьля кансультацыі не шукаў дадатковую інфармацыю ў інтэрнэце.

Спадзяемся, мы пераканалі вас, што ў сучасным сьвеце цэніцца прафэсіяналізм у любой спэцыяльнасьці. І менавіта ў справе свайго здароўя трэба пакладацца не на фрагмэнтарныя і павярхоўныя веды, здабытыя ў інтэрнэце, а на лекара-прафэсіянала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG