Першыя конныя бронзавыя статуі дзяржаўных дзеячоў часоў Вялікага княства Літоўскага мелі паявіцца на Горадзеншчыне. Але нічога ня выйшла.
Калісьці я любіў паваражыць на кавовай гушчы: дзе хутчэй пастаяць ваяра на кані? У дасьпехах, у шлеме, зь мячом. У Горадні, Наваградку, Лідзе? Гэтыя тры гарады, маючы замкі дзяржаўнага значэньня, сьнілі такія манумэнты. Конная бронзавая статуя падвышае статус гораду. Ён узьнімаецца дзякуючы ёй і ў вачах саміх жыхароў, і турыстаў.
Першай стала летуценіць дакладна Ліда. Потым абудзілася Горадня. А затым самы меншы Наваградак раптам заявіў: быць Міндоўгу на пляцы, дзе разваліўся некалі на кавалкі цэмэнтны Ленін.
І я зазьбіраўся ў дарогу. Дагэтуль зьбіраюся. Міндоўга як не было, так і няма.
Віцебск нечакана стаў першым такім горадам з помнікам вялікаму князю Альгерду. Што адметна: начальства прысутнічала на адкрыцьці і нават зьняла белую прасьціну зь яго, але не сказала ні слова. Язык не павярнуўся дзяржаўнага дзеяча мінулых часоў пахваліць ці падзякаваць, ці проста назваць «вялікім палкаводцам». «Грэх» у чалавека быў: ваяваць з маскоўцамі, абараняць сваю зямлю і хадзіць на Маскву. Паставіць паставілі, але нібы сьціснуўшы зубы. Прычым, заўважце: слова «вялікі» з тытулу прыбралі. Ну, а пасьля гэтага рускаму князю Неўскаму помнік паявіўся, праўда, без каня. «Ураўнаважылі».
Дык дзе ж на Гарадзеншчыне першы такі помнік паявіцца? У Лідзе. Перад замкам, пабудаваным у 1323 годзе вялікім князем Гедзімінам, будзе яго конная статуя. І паставіць хочуць чым хутчэй, у верасьні. І слушна: каб не падзьмулі іншыя вятры, каб хто наверсе не перадумаў. Бронзу нібы паабяцалі літоўцы, шанцы ёсьць. А першая спроба была няўдалай. Гедзімін на кані мог паявіцца раней за віцебскага Альгерда. Але начальства лідзкае саскочыла — насупраць замка пасадзілі бронзавага савецкага камандзіровачнага вярхом на чамадане. Так там і сядзіць. Мне ён заўсёды не падабаўся.
У Наваградку былі два заходы таксама зь Міндоўгам на кані. Была лятарэя «Скарбніца», грошы на помнік зьбіраць. Дамовіліся са сталічным скульптарам. Называць ня буду, калісьці асабіста ведаў. Да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы не пасьпявалі, але лічылі, што неўзабаве будзе на цэнтральнай плошчы сямімэтровы помнік. Ня выйшла.
Што было далей? Пазьней міністэрства культуры разам з акадэміяй мастацтваў і мясцовай уладай правялі конкурс. Былі пераможцы. І на гэтым усё. Чаму? Конкурс праводзілі з разьлікам на канкрэтнага спонсара. Ён у апошні момант, аднак, саскочыў. І помніка, як рэклямавалася, «заснавальніку і першаму князю ВКЛ» няма. Ідэю нібы не пахавалі. Адклалі на нявызначаны час. Праз два гады, ужо не на плошчы, а пад гарой Міндоўга паявіўся «рыцар», статуя з жалезных частак.
Міндоўг меў у сваёй біяграфіі таксама «грэх» — патрымаць і каралеўскія рэгаліі, што беларусы афіцыйна стараюцца не ўспамінаць. А ў Вільні стаіць помнік менавіта «каралю Літвы» Міндоўгу. Нібы мы сабе сьціпла пакідаем нават не вялікага (што таксама гучыць для беларускага афіцыйнага вуха крыху рэзка, празьмерна), а проста князя. Так — афіцыйна. А літоўцы — як хочуць, няхай казыраюць каралём. Нас гэта не датычыць.
Ну й соль пытаньня: навошта беларусам конныя статуі, і чаму іх дагэтуль няма на Гарадзеншчыне, дзе былі гарады дзяржаўнага значэньня, дзе рабілася наша гісторыя?
Так, яе тварылі менавіта вялікія князі. Гэта — на паверхні. І спадзяваньні, зразумела, сталі больш канкрэтнымі, калі мы сталі самастойнымі, калі ганарыліся сваім рыцарскім гербам «Пагоня». Рыцар на выканкаме, рыцар на кані перад замкам — што можа быць больш натуральным?
Аднак дзяржаўны рыцар раптам стаў «незарэгістраванай сымболікай», за якую караюць. І нас нібы рэзка адцялі ад гісторыі. Літоўскія князі — яны літоўскія, лічыць начальства. Чаму? У вайсковай авіяцыі заўсёды важнай рэччу была сыстэма вызначэньня «свой-чужы». Дык вось, наша начальства, самае маленькае нават, мае такую сыстэму ўнутры сябе. Пагляньце на выявы са старых кніг: Міндоўг, Гедзімін — жмудзіны на ўсе сто, нічога славянскага, нічога «рускага». І іхнія помнікі стаяць на літоўскіх пляцах, а Літва — у НАТО.
Узяць таго ж Альгерда. У «Апісаньні эўрапейскай Сарматыі» ён на малюнку — жмудзін жмудзінам, нічога агульнага з помнікам віцебскім, аўтар стварыў свой рамантычны вобраз, які наўрад ці літоўцы прызналі б за свайго.
А ўсё ж: чаму дазвол зьверху часам даюць на такія помнікі? Менавіта на конныя бронзавыя. Ня будзем зважаць, што помнік пакуль адзін толькі. Гэта адлюстраваньне дваістай сытуацыі нашай, дзьвюх душ беларуса, калі хочаце. Адцялі сябе ад рыцараў, ад гісторыі, але ўсё ж штосьці сьвярбець працягвае. Нейкі фантомны боль адчуваецца. Вось чаму такі дазвол даецца.
Але з папярэджаньнем: толькі грошы не зь бюджэту! На «народныя» нельга! Што выбаршчыкі скажуць?! А раз так, то помнік можа быць, а можа й не. Але без дазволу — нават ня рыпацца. Гэта галоўнае. У Наваградку і Лідзе начальства ўсё гэта жалезна ведае. У Горадні дагэтуль муляюцца, ня могуць наважыцца нават папрасіць дазволу. І гораду бронзавыя конныя статуі валадароў часоў Вялікага княства працягваюць толькі сьніцца.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.