Лінкі ўнівэрсальнага доступу

69 штрафаў журналістам за 2017 год. БАЖ: «Якая ж гэта лібэралізацыя?»


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

2017 год адзначыўся істотным пагаршэньнем становішча са свабодай прэсы ў Беларусі, мяркуе старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках 2017 году старшыня БАЖ прывёў доказы: арыштаў і штрафаў незалежным журналістам паболела ў разы, а таксама больш стала канфліктаў з прадстаўнікамі ўлады.

«Летась 69 разоў штрафавалі беларускіх журналістаў, пазамінулым годам — толькі 10 разоў. Затрымлівалі журналістаў 101 раз, больш толькі ў 2011 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Такім чынам, год, які некаторыя называюць пэрыядам лібэралізацыі, насамрэч для нас стаў годам больш жорсткай барацьбы за свае правы», — кажа Андрэй Бастунец.

Паводле старшыні БАЖ, хоць вялікая колькасьць затрыманьняў журналістаў прыпала на падзеі 25 сакавіка, але і пазьней «расслабляцца ўлада не давала».

«Цягам усяго году працягваліся затрыманьні за працу без акрэдытацыі нашых калегаў, якія супрацоўнічаюць з польскім тэлеканалам „Белсат“. Штрафавалі па шмат разоў і на вялікія сумы, як Кастуся Жукоўскага і Ларысу Шчыракову з Гомельскай вобласьці, якія сталі тут рэкардсмэнамі. Чым мы можам ім дапамагчы? Нашай салідарнасьцю, бо найперш гэта палітычнае пытаньне, якое трэба вырашаць на палітычным узроўні паміж Польшчай і Беларусьсю», — кажа Андрэй Бастунец.

Паводле юрыста БАЖу Алега Агеева, 65 разоў журналістам у судах давалі юрыдычную дапамогу, але толькі ў 13 выпадках гэта мела станоўчы вынік.

БАЖ і праваабаронцы Беларускага Хэльсынскага камітэту падрыхтавалі зварот у Канстытуцыйны суд адносна ўжываньня да журналістаў сумнавядомага артыкула 22.9, частка 2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — пра парушэньні парадку дзейнасьці СМІ. Менавіта гэты артыкул найчасьцей ужывалі суды ў 2017 годзе, каб караць журналістаў.

«Мэта звароту — падштурхнуць заканадаўцаў да таго, каб яны нарэшце ліквідавалі супярэчнасьці паміж гэтым артыкулам адміністрацыйнага Кодэксу і Законам аб друку, якія адкрываюць шырокія магчымасьці для рэпрэсій супраць незалежных журналістаў», — кажа Андрэй Бастунец.

Таксама ў БАЖ адзначылі, што летась заставаліся за кратамі 3 журналісты пракрамлёўскага сайту Regnum, якіх цяпер судзяць у Менскім гарадзкім судзе.

65 загінулых, 326 арыштаваных, 54 выкрадзеныя журналісты за 2017 год — «Рэпартэры бязь межаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG