19 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску пройдзе зьезд грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь».
Чакаецца, што ў працы зьезду возьме ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Прэс-сакратар грамадзкага аб’яднаньня Яўген Белавусаў сказаў карэспандэнту Свабоды: «Паводле папярэдняй інфармацыі, чакаецца, што [Лукашэнка] возьме ўдзел. Чакаем да апошняга. Але мала што можа памяняцца».
На зьезьдзе можа быць прынятае рашэньне пераўтварыць гэтае грамадзкае аб’яднаньне ў палітычную партыю.
«Калі будзе Аляксандар Рыгоравіч і калі ён там у сваім выступе дасьць дабро, то, канечне ж, пачнуцца нейкія працэсы. Калі нічога гэтага ня будзе, то, хутчэй за ўсё, застанёмся проста грамадзкім аб’яднаньнем», — сказаў Свабодзе Белавусаў.
У зьезьдзе возьме ўдзел каля 450 дэлегатаў і 50 запрошаных.
Старшыня «Белай Русі» Аляксандар Радзькоў яшчэ ў 2016 годзе казаў, што ягоная арганізацыя гатовая трансфармавацца ў партыю.