Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пантонная пераправа цераз Прыпяць пад Жыткавічамі часова разьведзеная, людзей перавозяць катэры МНС


Фота з сайту МНС
Фота з сайту МНС

Пантонны мост цераз раку Прыпяць каля вёскі Чэрнічы пасьля першых студзеньскіх маразоў ня вытрымаў лядовага напору.

Гомельскае абласное упраўленьне МНС паведаміла 14 студзеня, што пантонна-маставая пераправа цераз раку Прыпяць часова разьведзеная.

Апэратыўныя службы МНС паведамляюць, што цяпер вядуцца работы для аднаўленьня пераправы цераз Прыпяць каля вёскі Чэрнічы на маршруце Жыткавічы — Тураў, якая была сарваная сёньня ўначы плыньню лёду.

Error rendering VK.

Ратавальнікі да аднаўленьня пераправы перавозяць людзей з аднаго берага на другі катэрамі. Насельніцтву бліжэйных раёнаў праз FM-перахват паведамілі пра часовае спыненьне працы паромнай пераправы.

Ніжэй па Прыпяці, каля вёскі Сьнядзін Петрыкоўскага раёну, паромная пераправа для легкавых аўтамашын пераведзеная на бесьперапынны графік. Вялікагрузны транспарт на ўсходнім кірунку скіраваны з Жыткавічаў на Каленкавічы — Мазыр — Лельчыцы — Тураў, у заходнім — на Пінск — Столін — Давыд-Гарадок — Тураў. Аб’езд займае каля 250 кілямэтраў.

Генэральны дырэктар РУП «Гомельаўтадар» Ігар Матвяцоў паведаміў БелТА, што часовы аб’язны мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне будзе ўзьведзены да сярэдзіны сакавіка. Цяпер на двух берагах ракі дарожныя службы абсталёўваюць падыходы да будучага мосту — насыпаюць земляное палатно. «Пасьля гэтага спэцыялісты пачнуць узводзіць мост. Ён будзе уяўляць сабой мэталічную зборна-разборную канструкцыю. Рух па ім будзе адкрыты для транспарту і для людзей», — растлумачыў Ігар Матвяцоў.

Пантонная пераправа паблізу вёскі Чэрнічы была ўзьведзена ў сьнежні, калі тут прасеў пралёт 900-мэтровага стацыянарнага аўтамабільнага мосту цераз раку Прыпяць. На ім зьявілася расколіна. Мост закрылі як аварыйны. Незадоўга да сёлетніх «Дажынак» на мосьце рабілі капітальны рамонт. Але, як паведамілі Свабодзе ў РУП «Гомельаўтадар», гэта быў рамонт сутыкаў і дарожнага пакрыцьця — галоўны пралёт не чапалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG