2017-ы з Радыё Свабода
2017-ы з Радыё Свабода
Усё самае важнае, што здарылася сёлета

Людзі Свабоды

Яны пашыраюць прастору свабоды для сябе, Беларусі, сьвету. У 2017 гэта асобы якія ламаюць стэрэатыпы наконт людзей з інваліднасьцю.

«Недармаеды»

Пратэсты супраць дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ахапілі паўтара дзясятка гарадоў і мястэчак. На «маршы недармаедаў» выходзілі сотні і тысячы людзей.

Абарона Курапатаў

Каля Курапатаў, дзе расстраляныя і пахаваныя сотні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, сёлета ледзь не пабудавалі бізнэс-цэнтар. Але пратэстоўцы заблякавалі праезд да будоўлі. Тут паўстаў намётавы гарадок, дзе круглыя суткі дзяжурылі абаронцы. Будоўлю спынілі, замест бізнэс-цэнтру высадзілі дрэвы.
А ўлады задумалі пабудаваць у Курапатах мэмарыял.
2017 год у фотаздымках

Дзень волі

Аўтаматчыкі, вадамёты і бронеаўтамабілі з супрацьтанкавымі ўстаноўкамі на вуліцах — такога Дня Волі Беларусь даўно ня бачыла. Толькі ў дзень 25 сакавіка было затрымана каля 700 чалавек, зь іх каля 150 атрымалі адміністрацыйныя спагнаньні. Усё гэта праходзіла ў 4-гадзінным жывым эфіры Свабоды.

«Белы легіён»

З канца сакавіка да канца чэрвеня за кратамі знаходзіліся два дзясяткі былых удзельнікаў «Белага легіёну» — патрыятычнай арганізацыі, якая не існуе ад пачатку 2000-х. У КДБ сьцьвярджалі, што «Белы легіён» рыхтаваў правакацыі. Але ў канцы чэрвеня ўсіх абвінавачаных вызвалілі з-пад варты, а 30 лістапада справу спынілі.

Дзедаўшчына

Свабода першай падрабязна распавяла пра трагедыю прызыўніка Аляксандра Коржыча, які загінуў у вучэбным цэнтры ў Пячах. Ужо празь некалькі дзён пасьля публікацыі Сьледчы камітэт узбудзіў крымінальную справу, сяржантаў і афіцэраў узялі пад варту, а кіраўніцтва вайсковай часткі і вучэбнага цэнтру звольнілі. СК паабяцаў расьсьледаваць наноў усе выпадкі суіцыду за апошнія паўгода.

1917-ы

Да стагодзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе мы спрачаліся, ці зьявілася б краіна Беларусь бязь Леніна. На апошняе стагодзьдзе ў гісторыі краіны мы паглядзелі празь лёс 100-гадовага дзеда Юзюка з-пад Ашмянаў.

Скарына

Сёлета споўнілася 500 год першай друкаванай беларускай кнізе. 6 жніўня 1517 году Францішак Скарына выдаў у Празе першую кнігу Бібліі. Ці быў Скарына беларускім нацыяналістам, ці быў ён здраднікам-эмігрантам і што ён зашыфраваў у сваёй Бібліі — пра гэта чытайце ў цыклі «Нечаканы Скарына». А вось так мог бы выглядаць Instagram Скарыны.

1937-ы

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску расстралялі больш за 130 знакавых постацяў беларускай культуры і навукі. Мы знайшлі апошнюю сьведку забойстваў у Курапатах, ушанавалі памяць літаратараў, якія загінулі 29 кастрычніка, і паказалі ў жывой трансьляцыі мэмарыяльную акцыю, на якой успаміналіся падзеі «расстрэльнай ночы».

Бібліятэка Свабоды

У 2017 годзе чатыры новыя кнігі пабачылі сьвет у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» Мы падрыхтавалі буктрэйлеры пра навінкі году і легендарныя выданьні

Падарожжы

Знайдзі свае маршруты разам з намі! Мы былі ў гасьцях у беларускіх татараў у Іўі, езьдзілі да жыхароў беларускай Друі і латвійскай Піедруі, танулі ў балоце Ельня, траплялі ў расейскі экскляў пад Добрушам і блукалі па зоне адсяленьня ў радыяцыйна-экалягічным запаведніку пад Хойнікамі.

Бартосік

Кніга Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы» атрымала сёлета тры літаратурныя прэміі: Адамовіча, Стагановічаў і Ежы Гедройця. А яшчэ яе паставілі на сцэне — Свабодны тэатар зрабіў аднайменную пастаноўку. Кніга выйшла ў канцы 2016 году ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Сачыце за абнаўленьнямі ў сацыяльных сетках