Старыя кнігі для кожнага пахнуць па-свойму. Для кагосьці цьвільлю і нафталінам. Для мяне старыя кнігі пахнуць горкім шакаладам з гарбатай; хвояй і сьвяточным сталом, дзе ўсе пахі зьмяшаныя ў адзін непаўторны пах!
І няма водару прыемнейшага, чым які я ўдыхаю ў бібліятэцы.
У кніжнай краме трошкі іншы водар (калі яна толькі не букіністычная). Сьвежыя выданьні пахнуць інакш, чым старыя кнігі. Гэты пах можна параўнаць з пахам сьвежай фарбы ў новым будынку ці пасьля рамонту. Усё прыгожа, гладка, але кнігам трэба трошкі «адляжацца», настаяцца. І тады ў іх зьявіцца свой, зусім іншы водар.
А спачатку кнігі пахнуць аднолькава.
Яўген Мартыновіч