На суд над аўтарамі расейскага сайту «Рэгнум», абвінавачанымі ў распальваньні нацыянальнай варожасьці, які адбываецца ў Менскім гарадзкім судзе, прыйшоў апазыцыйны палітык, прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў.
Бухвостаў паведаміў у перапынку судовага працэсу, што Юры Паўлавец быў у кіраўніцтве ягонай Партыі працы (ліквідаваная ў 2004 годзе).
«Ён гісторык і спрабуе даць ацэнку падзей у краіне. Гэта навуковая спрэчка. Ён не беларусафоб. У ягоных артыкулах больш крытыкі пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі. Але ён мае права выказваць свае думкі», — мяркуе былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Аляксандар Бухвостаў.
Ён перакананы, што «гэта найперш спроба задушыць свабоду слова».
Паводле Бухвостава, Паўлавец у студэнцкія гады нібыта быў сябрам БНФ.