У звароце актывісты пішуць пра ток-шоў «Наша жыцьцё» зь вядоўцам Дзьмітрыем Бачковым. Яно трансьлявалася на тэлеканале АНТ 4 сьнежня. Удзельнікі абмяркоўвалі перадачу «Месца сустрэчы» на расейскім канале НТВ, дзе размова вялася пра Беларусь.
«Расейскія экспэрты ня сквапіліся на словы — якіх толькі эпітэтаў не атрымала Беларусь: і «няверная жонка», і параўноўвалі яе паводзіны з прадстаўніцамі самай старажытнай прафэсіі. Гучалі абвінавачваньні на адрас вышэйшага кіраўніка нашай краіны — яго абвінавачвалі ў «прадажнасьці і мэркантыльнасьці», — адзначаюць Уладзімер Падгол і Алесь Таўстыка.
Яны зьвяртаюць увагу, што падчас перадачы «Наша жыцьцё» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк наўпрост заявіў, што Міністэрства замежных справаў «павінна даць зразумелы і канкрэтны сыгнал, папулярна растлумачыць гаспадарам усіх гэтых Норкіных (вядоўца перадачы „Месца сустрэчы“ на НТВ — РС) і іншых, што трэба сваіх трымаць на кароткім павадку».
«Такія людзі мусяць стаць пэрсонамі нон-грата, вось і ўсё. Яны не павінны ніколі перасякаць межы нашай краіны», — сказаў Марзалюк.
У той жа час начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Дзьмітры Мірончык падчас брыфінгу 7 сьнежня так адказаў на пытаньні журналістаў адносна заявы дэпутата Марзалюка.
«У любой палеміцы неабходна калісьці ставіць кропку, асабліва калі ты ўпэўнены ў сваёй рацыі. Мяркую, у гэтай сытуацыі таксама час паставіць кропку. Бо ніякіх афіцыйных зваротаў у МЗС з гэтай нагоды не паступала», — сказаў прадстаўнік МЗС.
У гэтым зьвязку Ўладзімер Падгол і Алесь Таўстыка зьвяртаюцца наўпрост да міністра замежных справаў, адзначаючы, што публічная заява дэпутата парлямэнту ёсьць афіцыйным зваротам і прадстаўнікі выканаўчай улады мусяць на яе рэагаваць.
«Думаем, вы добра разумееце сытуацыю і зробіце неабходныя крокі ў справе абароны гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі кіраўніка дзяржавы, Беларусі і яе грамадзянаў», — падсумоўваюць лідэры грамадзянскіх ініцыятыў.