На першы погляд, добра, што на высокія пасады ў дзяржаве прызначаюць беларускамоўных, людзей, якія атрымалі адукацыю ў першай палове 90-х. Бясспрэчна, лепш яны, чым камуніст Карпенка (нюанс, праўда, у тым, што Карпенку цэняць больш). Высокія пасады даюць цяпер людзям з плыні, якую раней сама ж улада ганіла. Бо менавіта яны прабеларускія дзяржаўнікі, а не рускамірцы.
Але давайце паспрабуем ўзважыць, чаго больш у такіх кадравых рашэньнях: карысьці ці шкоды? Радасьці ад факту прызначэньня, ці расчараваньня ад наступстваў?
На жаль, прызначэньне на важныя пасады беларускамоўных — гэта ніякая не беларусізацыя. Прымаць такія рашэньні Лукашэнку прымушае кадравы голад, пра які ўжо гавораць даўно. Ці вы сапраўды лічыце, што перад Ірынай Кітуркай у гарадзенскім унівэрсытэце паставілі задачу пашыраць беларушчыну і студэнцкія свабоды? Ня думаю. Больш эфэктыўна зарабляць грошы на замежных і сваіх студэнтах? Ахвотна веру. Дык такое ўжо ў стане рабіць праграмы з Apple Store.
Няма сумневаў, што ўсе гэтыя людзі застаюцца прабеларускімі. Магчыма нават гартаюць вечарамі кнігі Пазьняка, глядзяць стрымы з акцыяў Статкевіча і галасуюць за Дашкевіча як чалавека году.
Але людзі, знаёмыя зь беларускамоўнымі прызначэнцамі ў высокія начальнікі, кажуць сумныя рэчы. «Як прызначылі, дык зьмяніўся чалавек», — кажа мне адзін. «Такія па маіх назіраньнях становяцца найгоршымі», — наракае другі.
Не хачу ныць і не заклікаю ставіць крыж на беларускамоўных, нацыянальных чыноўніках ва ўладзе. Але што мы маем у выніку? Сутнасьць установаў, якія яны ўзначальваюць, не мяняецца. А сыстэма часта ломіць ім хрыбет. І мы потым зьдзіўляемся: от, а Марзалюк жа быў зусім іншы ў 90-я, што зь ім сталася? Дык Марзалюк і цяпер беларускамоўны, абвінавачвае БНФ 90-х у «апалягізацыі беларускіх калябарантаў», выкрывае ў іх прыхільнікаў паліцаяў. Ён галасуе за дэкрэт аб дармаедах і заклікае патрыётаў галасаваць за Лукашэнку.
Прызначэньне чыноўнікамі людзей з так званага нацыянальнага асяродзьдзя не ўплывае на беларусізацыю, напрыклад, ВНУ. Не ўплывае на іх дэмакратызацыю. А відавочны мінус у тым, што такія прызначэньні робяць зь людзей, якіх шмат хто лічыў «нашымі», «беларускімі» адданых сыстэме людзей і дэмаралізуюць іх як чыноўнікаў.
Вы сапраўды верыце, што яны будуць свавольнічаць на новых пасадах і самастойна пашыраць беларушчыну ці плюралізм? Ці ўсё ж яны будуць памятаць, як іх ганілі за незалежныя погляды, і цяпер стануць тройчы абачлівыя, каб казаць тое, што думаюць. Гэтыя ж людзі пазьней будуць ганяць студэнтаў на датэрміновае галасаваньне і падпішуць, калі спатрэбіцца, рашэньні аб іх адлічэньні «за палітыку». Ці вы сумняваецеся, што яны выканаюць такі загад?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.