Выхаванцы Міжнароднага дзіцячага лягера «Артэк» у анэксаваным Расеяй Крыме разам з гісторыкамі і правазнаўцамі зладзяць гістарычную рэканструкцыю аднаго з фрагмэнтаў Нюрнбэрскага працэсу — суду над былымі кіраўнікамі нацысцкай Германіі. Аб гэтым паведамляецца на сайце «Артэку».
Разам з б дзецьмі ў рэканструкцыі будуць удзельнічаць расейскія спэцыялісты па пытаньнях Другой сусьветнай вайны і гісторыі міжнароднага трыбуналу ў Нюрнбэргу, а таксама прадстаўнікі расейскіх органаў дзяржаўнай улады і замежныя дэлегацыі. У прыватнасьці, удзельнікі рэканструкцыі ад імя генэральнага пракурора СССР Рамана Рудэнкі і старшыні трыбуналу судзьдзі Джэфры Лоурэнса зачытаюць архіўныя дакумэнты са сведчаньнямі нацысцкіх ваенных злачынстваў і абвінаваўчымі актамі.
Паводле прэс-службы «Артэку», мерапрыемства «накіравана на пашырэньне ведаў артэкаўцаў пра Вялікую Айчынную вайну, пра панесеныя страты савецкага народу і пра вызначальную ролю СССР у перамозе над нацызмам».